Краткая справка:
вучоны-фізік, стваральнік навуковай школы оптыкаў, грамадскі дзеяч, акадэмік АН СССР, ганаровы акадэмік НАН Беларусі, Пражскай, Балгарскай, Харвацкай, Індыйскай і іншых АН, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1946, 1951 і 1952), кавалер ордэнаў Леніна (1943, 1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939)
Имена на других языках:
Вавилов Сергей Иванович (русский);
4147 символов
Справка
Даследаванні ў галіне люмінісцэнцыі, праведзеныя адным з буйнейшых расійскіх фізікаў ХХ ст., стваральнікам навуковай школы оптыкаў Сяргееем Іванавічам Вавілавым, – увайшлі ў залаты фонд сусветнай навукі.
Нарадзіўся будучы вучоны ў Маскве ў купецкай сям’і. У 1909 г. скончыў Маскоўскае камерцыйнае вучылішча. Далейшую адукацыю працягваў на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Вялікае ўражанне на С.І. Вавілава ў гады студэнцтва зрабілі лекцыі выдатных вучоных і выкладчыкаў – матэматыка М.М. Лузіна, астранома В.К. Цэраскага, механіка С.А. Чаплыгіна і інш. Ужо на другім курсе ён пачаў навуковую работу па оптыцы ў лабараторыі знакамітага фізіка П.М. Лебедзева, а ў 1913 г. апублікаваў свой першы навуковы артыкул «Фотометрия разноцветных источников».
Пасля заканчэння ў 1914 г. універсітэта С.І. Вавілаў быў прызваны ў армію. Службу праходзіў у розных тэхнічных часцях войска, дзе працягваў свае навукова-практычныя заняткі фізікай. У гэтыя гады напісаны артыкулы «Метод определения расположения радиостанции по силе приема ее работы», «Частота колебаний нагруженной антенны» і інш. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Маскву. Працаваў загадчыкам аддзела ў Інстытуце фізікі і біяфізікі Народнага камісарыята аховы здароўя РСФСР (1918–1930), намеснікам дырэктара па навуковай частцы Дзяржаўнага аптычнага інстытута ў Ленінградзе (1935–1945) і адначасова з 1934 г. быў дырэктарам Фізічнага інстытута імя П.М. Лебедзева АН СССР. З 1945 па 1951 г. з’яўляўся прэзідэнтам АН СССР. У гэты перыяд не спыняў навуковых пошукаў і выканаў шэраг фундаментальных даследаванняў у галіне фізічнай оптыкі, галоўным чынам люмінісцэнцыі. Ён стаў адным з заснавальнікаў сучаснага вучэння аб люмінісцэнцыі, усебакова даследаваў гэту з’яву, сфармуліраваў адзін з яе законаў (закон Вавілава), кіраваў пытаннямі практычнага выкарыстання (вытворчасць ламп «дзённага святла»). Сумесна з фізікам П.А. Чаранковым адкрыў так званае выпрамяненне Вавілава – Чаранкова. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіялагічнай оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Сяргей Іванавіч аўтар больш за 300 навуковых прац, сярод якіх – «Рассеяние света и фотолюминесценция» (1933), «Оптические методы анализа вещества» (1941), «Теория концентрационного тушения флюоресценции растворов» (1942), «Люминесценция и ее длительность» (1947), манаграфія «Микроструктура света» (1950) і інш. Работы вучонага атрымалі шырокую вядомасць. У 1931 г. ён быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, у 1932 г. – акадэмікам.
Займаўся С.І. Вавілаў таксама выкладчыцкай працай – вёў курсы фізікі і тэарэтычнай светатэхнікі ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы, загадваў кафедрай у Маскоўскім універсітэце. Ён сумяшчаў навуковую дзейнасць з шырокай папулярызацыяй дасягненняў навукі. У гэтым кірунку былі напісаны кнігі «Действия света» (1922), «Глаз и Солнце» (1927), «Экспериментальные основания теории относительности» (1928), «О теплом и холодном свете» (1949). Вучоны склаў біяграфію Ньютана, пераклаў на рускую мову яго творы «Оптика» і «Лекции по оптике», напісаў кнігу «Ломоносов и русская наука» (1947), арганізаваў выданне шматтомнага збору твораў і адкрыццё музея М.В. Ламаносава. Сяргей Іванавіч быў адным з ініцыятараў стварэння і першым старшынёй таварыства «Веды» (1947). У 1945 г. узначаліў рэдакцыйна-выдавецкі савет АН СССР. З 1949 г. з’яўляўся галоўным рэдактарам Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, быў таксама членам рэдкалегій шэрага часопісаў.
Вучоны – ганаровы акадэмік НАН Беларусі, Пражскай, Балгарскай, Харвацкай, Індыйскай і іншых акадэмій навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1946, 1951, 1952). Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939), Леніна (1943, 1945), медалямі. У 1951 г. Прэзідыум Акадэміі навук СССР заснаваў залаты медаль імя С.І. Вавілава (цяпер – навуковая ўзнагарода Расійскай акадэміі навук). Імя вучонага прысвоена шэрагу навукова-даследчых і вытворчых устаноў, сярод якіх кіруючая кампанія холдынга «БелОМА» – «Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава». Сярод вучняў С.І. Вавілава – беларускі фізік, акадэмік НАН Беларусі А.Н. Сеўчанка.