Дата рождения: 11.01.1951 Віцебск, г.
Краткая справка: мастак тэатра лялек, лаўрэат тэатральнай прэміі імя Л. Мазалеўскай (1994) і першы лаўрэат прэміі імя І. Ушакова (2001)
Имена на других языках: Сидоров Александр Сергеевич (русский);
Аляксандр Сяргеевіч Сідараў нарадзіўся ў Віцебску. У 1977 г. ён скончыў Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. У 1977–1988 гг. працаваў галоўным мастаком тэатра лялек у г. Іванава (Расія), дзе аформіў больш за 20 спектакляў.
У 1988 г. быў запрошаны на пасаду галоўнага мастака Брэсцкага абласнога тэатра лялек, у якім ажыццявіў сцэнаграфічнае вырашэнне спектакляў “Забыць Герастрата!” Р. Горына (1989) і “Чароўная лямпа Аладзіна” Н. Гернет (1990).
З 1990 г. А. Сідараў працуе галоўным мастаком Беларускага тэатра “Лялька” ў Віцебску. Пастановачная культура заўсёды была адметнай рысай гэтага тэатра, але з прыходам у трупу мастакоў-сцэнографаў Аляксандра і Ганны Сідаравых асаблівасцю “Лялькі” становіцца багатае і відовішчнае мастацкае афармленне пастановак. Гэта не толькі імкненне стварыць спектакль, зыходзячы з законаў жывапісу. Мастацкаму почырку А. і Г. Сідаравых уласцівы прыхільнасць да складанай стылізацыі, спалучэнне ў адной пастаноўцы розных мастацкіх стыляў. Найбольш яркія спектаклі былі імі аформлены сумесна. Гэта “Папялушка” Я. Шварца (1991), “Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка” У. Граўцова паводле Я. Баршчэўскага (1993; спектакль стаў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю “Інтэрлялька-94” у г. Ужгарад, Украіна; паспяхова ўдзельнічаў у III Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску ў 1995 г.; атрымаў Гран-пры і дыпломы ў трох намінацыях на Міжнародным фестывалі дзіцячых тэатраў у г. Субоціца, Югаславія, 1999 г.; за гэты спектакль А. Сідараў у 1994 г. атрымаў прэмію імя Л. Мазалеўскай), “Яшчэ раз пра Чырвоную Шапачку” С. Когана і С. Яфрэмава (1994), “Хлопчык-зорка” О. Уайльда (1995), “Бука” М. Супоніна (1997), “Старая, старая казка” паводле Х. К. Андэрсэна, “Брэменскія музыкі” В. Ліванава і Ю. Энціна паводле казкі братоў Грым (абодва 1998). Апошні спектакль прызнаны лепшым на Рэспубліканскім фестывалі творчай моладзі “Надзея” ў Гродне ў 1998 г. Таксама ён з поспехам паказваўся ў Германіі ў час правядзення Міжнароднай выстаўкі “ЭКСПА – 2000”.
За сцэнаграфію спектакля “Ладдзя Роспачы” Р. Асвяціча паводле У. Караткевіча, які быў пастаўлены ў 2000 г., А. Сідараў стаў першым лаўрэатам прэміі імя І. Ушакова (2001). З 13 па 20 верасня 2001 г. тэатр “Лялька” прымаў удзел у маскоўскім фестывалі, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння знакамітага С. Абразцова. У свяце ўдзельнічалі 54 тэатры з розных краін свету. Беларускі тэатр з поспехам прадставіў спектакль “Ладдзя Роспачы”. З гэтай жа пастаноўкай тэатр быў запрошаны на фестываль у Гродна.
Дзеянне спектакля “Ладдзя Роспачы” канцэнтруецца на невялікай плошчы, дзе ўсё пераплецена, цесна звязана між сабою. Прасторава-пластычная структура будуецца на трох сцэнічных планах: першы – буйны план герояў, сярэдні – месца гульні ў шахматы са Смерцю, трэці – узняты нібыта месца ахвярапрынашэння. Сэнсавая канцэпцыя спектакля сканцэнтравана ў самім перараджэнні асобы. Менавіта праз пераход ад жыцця да смерці, уваскрэсенне, пераход ад небыцця да новага быцця асоба робіцца Асобай. Па задуме сцэнографа сімвалам спалучэння душы і цела, бяссмерця, кахання і вяртання становіцца шыпшына – цэнтральны паэтычны вобраз у Караткевіча. Мастак карыстаецца чорна-бела-чырвонай колеравай партытурай (гэта колеры рытуалу, колеры знакавыя, колеры – архетыпы).
Пабудова спектакля ўяўляла сабой фантастычнае падарожжа ў халоднае і невядомае царства Смерці. Мастак А. Сідараў змясціў на сцэне празрыстую скрыню, якая была месцам дзеяння рэальнага зямнога жыцця і акрэслівала падзеі, якія адбываліся па-за ім. Сцэна ўяўляла сабой і цэлы Сусвет, у якім панавала, нібы міфічная багіня, Жанчына-Жыццё; і невялікі горад Рагачоў, поўны яркіх паўсядзённых уражанняў і прывабных лялечных персанажаў; і міфічнае царства пані Смерці, якое існавала ўяўна і адначасова ірэальна, таямніча. У асобна пабудаваных мізансцэнах высвечваліся празрыстыя ветразі ладдзі, і здавалася, што гледачы разам з персанажамі спектакля несліся ў пакуль што не зведаную, халодную бездань, якая знаходзілася дзесьці на мяжы жыцця і смерці.
У фантастычнай прасторы А. Сідарава цудоўна існавалі людзі, лялькі маскі. Сцэнаграфія і рэжысура спектакля стваралі адзінае гарманічнае цэлае, ператвараючы яго ў сапраўды яркае, захапляльна-тэатральнае відовішча.
Вось ужо шмат гадоў захоўваецца ў рэпертуары “Лялькі” мудрая, добрая і прыгожая казка О. Уайльда “Хлопчык-зорка”. Сцэнограф А. Сідараў і рэжысёр В. Клімчук разгортваюць сцэнічнае відовішча далёка за межы невялікага лялечнага экрана і сусветам спектакля робяць усю прастору сцэны. Празрыстая белая цюль пеністай хваляй захінае ўсё, акрамя маленькага акенца, у якім існуюць лялечныя героі – гэта і ёсць рэальнае, паўсядзённае жыццё. Іншы ж свет, які з дапамогай невядомай сілы будуе лёс чалавека і ў якім правяць лялькаводы, хаваецца за лёгкай тканінай, высвечваецца мяккім халаднавата-блакітным пражэктарам. Гэты свет населены прыгожымі людзьмі-веліканамі ў белым адзенні, якія разгульваюць паміж высокімі снежнымі гарамі і запальваюць зоркі на бяздонным небе. Некаторыя з гэтых зорак, нібы дыяменты, падаюць з фантастычнага небасхілу і трапляюць на нашу грэшную зямлю, гэтак жа, як і загадкавы хлопчык – галоўны герой спектакля.
Аднак і глыбока філасофскі твор О. Уайльда, і мудры, таленавіты спектакль віцебскай “Лялькі” зусім не падобны на банальную казачку з добрым канцом. У канцы відовішча лялечная шырма знікае, нібы аб’ядноўваюцца два сусветы. Сцэна заліваецца яркім сонечным святлом. Людзі-веліканы нечакана спускаюцца з нябёсаў і прыхінаюць да сябе маленькіх лялечных чалавечкаў. Невыпадкова дзесьці ўвышыні гучаць словы аўтара, якія маюць дачыненне не толькі да Зорнага хлопчыка, але і да таго, што адбываецца не адно тысячагоддзе на працягу ўсяго існавання чалавецтва: “...Кіраваў ён нядоўга: занадта многа пакут выпала на яго долю і занадта жорсткія былі ў яго выпрабаванні – праз тры гады ён памёр. А новы кароль быў тыранам...”. Казка даводзіць і дарослым, і дзецям спрадвечна простую ісціну аб тым, што мы не павінны здраджваць тым, хто нас нарадзіў. Не маем права асуджаць іх і выракацца, як гэта на пачатку свайго жыцця зрабіў Зорны хлопчык.
Беларускі тэатр “Лялька” пастаянна імкнецца да пошукаў і ўвасабленняў на сваёй сцэне арыгінальнай драматургіі, часам нават мала вядомай гледачу, але якая дае падставы для стварэння новых сцэнаграфічных форм. Так нечакана адбылося знаёмства публікі з Янам Баршчэўскім – пісьменнікам-фалькларыстам XIX cт., калі на віцебскай лялечнай сцэне была пастаўлена п’еса У. Граўцова “Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка” паводле твора Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях”.
Сцэнограф А. Сідараў будуе на сцэне відовішча арыгінальнае, яркае і цікавае. Ён прадстаўляе п’есу так, як бы яе сыгралі акцёры школьнага тэатра Полацкага езуіцкага калегіума, вучнем якога быў і сам Ян Баршчэўскі. Сыгралі б непасрэдна, крыху наіўна і заўзята эмацыянальна. Мастак будуе на сучаснай сцэне цікавую і дабротна выкананую сцэну фальваркавага тэатра, пры гэтым выкарыстоўвае знаёмы прыём “тэатра ў тэатры”. Па-майстэрску выкананыя цудоўныя, зграбныя лялькі-марыянеткі ажываюць у руках акцёраў і прадстаўляюць гледачу павучальную гісторыю сваіх герояў.
Аляксандр Сідараў працаваў над аднаўленнем старажытнага беларускага тэатра батлейка. У фае “Лялькі” можна ўбачыць драўляныя фігуркі маленькага Іісуса, цара Ірада і іншых традыцыйных персанажаў. Мастак стварыў экспазіцыю “Прытулак анёлаў”, выкананую ў тэхніцы разьбы па дрэве, а таксама прадставіў экспанаты так званага “механічнага тэатра”. Усё гэта можна ўбачыць у музеі тэатра, а ў 1999 г. экспазіцыя дэманстравалася на Міжнароднай выстаўцы ў Празе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.