Дата рождения: 29.08.1941
Краткая справка: акцёр, заслужаны артыст Беларусі, аўтар трох зборнікаў казак для дзяцей
Имена на других языках: Улащенко Леонид Александрович (русский);
Леанід Аляксандравіч Улашчанка нарадзіўся ў вёсцы Нагульная Тарасаўка Равенькоўскага р-на Данецкай вобласці (маці – ураджэнка Самахвалавічаў, у час Вялікай Айчыннай вайны апынулася на Украіне). Падчас вучобы ў школе наведваў драмгурток, аднак у артысты не збіраўся: у цяжкія пасляваенныя гады прафесія акцёра не давала магчымасці зарабляць на жыццё. Жаданне стаць артыстам прыйшло раптоўна: школу, у якой вучыўся Леанід Улашчанка, наведалі вядучыя майстры беларускай сцэны Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Уладзімір Дзядзюшка. Пасля заканчэння школы Л. Улашчанка паступіў у чыгуначнае вучылішча, працаваў на Мінскім трактарным заводзе і адначасова вучыўся на акцёрскіх курсах на «Беларусьфільме». У 1965 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і пачаў працаваць у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, якому прысвяціў сваё творчае жыццё.
На сцэне тэатра акцёр выконваў розныя ролі: бязмоўных рэчаў, жывёл, казачных персанажаў, маладых станоўчых герояў, вучоных-дзівакоў і старых ліхадзееў. Кожны вобраз, створаны Леанідам Улашчанкам, – непаўторны, мае свой унутраны свет, абаянне, пластычную выразнасць. Акцёр ніколі не надаваў вялікага значэння знешняй характарнасці, грыму. Ён лічыць, што акцёрская праца – цяжкая і штодзённая, а кожны вобраз трэба ствараць, перажываючы яго. Таму кожная работа Леаніда Улашчанкі асаблівая і запамінальная.
У 1968 г. у Тэатры юнага гледача быў пастаўлены спектакль «Тры мушкецёры» паводле А. Дзюма, у якім Леанід Улашчанка яскрава сыграў ролю Д' Артаньяна – натуру гарачую, напорыстую, самаадданую. У спектаклі «Горад на світанні» А. Арбузава (1968), зробленым у героіка-рамантычным жанры, які патрабаваў своеасаблівай грамадзянскай споведзі, удала сыграў ролю Зорына.
Яркім атрымаўся спектакль «З любімымі не расставайцеся» А. Валодзіна, пастаўлены ў 1972 г. Галоўная яго ідэя заключалася ў давядзенні да гледачоў думкі аб разбуральных наступствах спрошчаных адносін да чалавечых пачуццяў. Актуальнасць праблемы, грамадзянская страснасць, мастацкая дасканаласць рэжысуры і акцёрскага выканання – галоўныя адзнакі пастаноўкі. Сярод персанажаў на першым плане знаходзілася гісторыя Каці і Міці ў выкананні Юліі Палосінай і Леаніда Улашчанкі. У вобразе Міці акцёр раскрыў драму запозненага прасвятлення ў каханні і праблему ўзаемаразумення паміж самымі блізкімі людзьмі (дарэчы, ролю Міці ў аднайменным фільме выконваў А. Абдулаў). Спектакль «З любімымі не расставайцеся» стаў лепшым на Другім фестывалі маладзёжных тэатраў Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі ў 1972 г.
Вострыя маральна-этычныя праблемы ўзнімаліся ў спектаклі «Сіні снег» беларускага драматурга Я. Шабана (1975). У п'есе закраналіся надзённыя пытанні: узаемаадносіны людзей у калектыве, уплыў калектыву на фарміраванне асобы, выбар маладым чалавекам свайго месца ў жыцці. На прыкладзе лёсаў герояў у спектаклі вырашалася праблема захавання маральнай чысціні, стойкасці, сумленнасці. Малады інжынер Раман у выкананні Леаніда Улашчанкі атрымаўся вельмі пераканаўчым.
Да 30-годдзя Вялікай Перамогі (1975) у тэатры адбылася прэм'ера спектакля «Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева, прысвечанага змаганню за светлыя ідэі, за свабоду і незалежнасць Радзімы. Леанід Улашчанка стварыў запамінальны вобраз Сяргея Левашова. Сімволіка, паэтычнасць вобраза арганічна спалучаліся з жыццёвай дакладнасцю.
У 1995 г. Тэатр юнага гледача ажыццявіў пастаноўку камедыі «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча. Спектакль уражваў маштабнасцю, багаццем эстэтычных граняў – пластыкай, музыкай, рэквізітам, цікавымі касцюмамі, сімволікай вопраткі. Ролю «яснавяльможнай кароны» суддзі Кручкова выканаў Леанід Улашчанка. Вобраз Кручкова абвострана-шаржыраваны: суддзя са сваімі памагатымі не проста рабуе народ, але і разбэшчвае яго п'янствам і распустай. Нібыта пад уздзеяннем гіпнозу шляхта губляе розум, чалавечы гонар і ператвараецца ў пакорлівы, паслухмяны натоўп. У спектаклі пераважалі не столькі камедыйныя, колькі вострасатырычныя моманты.
Галоўнай з'явай тэатральнага сезона 1997 г. стала прэм’ера спектакля «Шчаслівыя жабракі» італьянскага драматурга К. Гоцы. У спектаклі ТЮГа панавала атмасфера яскравай тэатральнасці, карнавала, агульнай радасці, смеха, музыкі, яркіх фарбаў. Артысты стварылі незвычайныя нават для сябе вобразы. Леанід Улашчанка з майстэрствам імправізацыі і экспромта, выразнасцю і фантазіяй сыграў ролю самазадаволенага заікі Тарталлі.
Да ўзвышаных пачуццяў душы, духоўнасці звяртаўся сцэнічны твор «Мая сястра Русалачка» Л. Разумоўскай паводле казкі Х.К. Андэрсэна, пастаўлены ў 1999 г. Спектакль быў разлічаны на падлеткаў, але яркае тэатральнае відовішча з цікавасцю ўспрымалася гледачамі рознага ўзросту. Вонкавая прыгажосць спектакля, яркія касцюмы, пластычна выразныя мізансцэны спрыялі вобразнасці сцэнічных характараў. Леанід Улашчанка яркімі фарбамі абмаляваў свайго персанажа – мудрага Караля.
У 2004 г. на эксперыментальнай сцэне ТЮГа была ажыццёўлена пастаноўка спектакля «Маленькія трагедыі» А.С. Пушкіна. У сцэнічную кампазіцыю ўвайшлі творы «Баль падчас чумы», «Скупы рыцар», «Каменны госць», «Моцарт і Сальеры». Асабліва выразна пастановачная мова раскрывалася ў працы Леаніда Улашчанкі, які паўставаў у вобразах Барона, Дона Гуана і Старшыні.
Праца ў дзіцячым тэатры патрабуе ад артыста пранікнення ў дзіцячую душу, умення праўдзіва размаўляць з дзецьмі. Гэта добра ўдалося Леаніду Улашчанку ў такіх ролях, як Каралевіч Елісей («Пушкінскія казкі» Л. Усцінава), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М. Лынькова), Дзед («Казачны домік» М. Стэгліка), Галоўны Трытон («Хачу быць чараўніцай» Н. Нячаевай), Стэфансан («Пэпі – Доўгаяпанчоха» паводле А. Ліндгрэн) і інш.
На працягу шэрагу гадоў Леанід Улашчанка кіраваў дзіцячай тэатральнай студыяй «Надзея» пры Тэатры юнага гледача. Акрамя таго, ён з'яўляецца аўтарам, рэжысёрам і выканаўцам цыклаў радыёпастановак «Казкі дзядзечкі Рымуса», «Казачныя літары», «Хлопчык з вялікай Місісіпі», перакладае на беларускую мову дзіцячую рускую класіку (К. Чукоўскага, С. Маршака). Выйшлі з друку яго казкі «Гузік», «Насовачка», «Калі стогне рэха» (зборнік казак беларускіх аўтараў «Птушка шчасця», 1991), асобнымі выданнямі былі надрукаваны кніжкі казак «Як верабейка сябра шукаў» (1981) і «Хто галоўны» (2008).
Сёння Леанід Улашчанка – запатрабаваны акцёр: здымаецца ў фільмах і серыялах «Майор Ветров» (2007), «В июне 1941-го» (2008), «Каменская» (2000, 2009), «Суд», «Тайны следствия» (2003, 2004), «Защита Красина» (2006, 2008), «Слепое счастье» (2011), «Поцелуй Сократа» (2011), працуе над новымі ролямі.
У 1997 г. Леаніду Аляксандравічу Улашчанку было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Беларусі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.