Аляксандр Васільевіч Яфрэмаў нарадзіўся ў Ніжагародскай вобласці Расіі. Пасля прагляду мастацкага фільма “Чалавек-амфібія” вырашыў прысвяціць сваё жыццё кіно. У 1976 г. Аляксандр Яфрэмаў скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (да гэтага вучыўся на акцёрскім факультэце Горкаўскага тэатральнага вучылішча). З 1976 г. працуе на “Беларусьфільме” (у 2005–2006 гг. з'яўляўся генеральным дырэктарам кінастудыі).
Яфрэмавым створаны шэраг рэжысёрскіх работ у ігравым кіно: “Давай поженимся” (1982), “Экзамен на директора” (1986), “Наш человек в Сан-Ремо” (1991), “Павадыр” (2001), “Дунечка” (2004). За стварэнне фільма “Павадыр” Аляксандр Яфрэмаў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2001 г.
Нават самая першая рэжысёрская спроба Аляксандра Яфрэмава – экранізацыя навэлы В. Шукшына “Чараднічэнка і цырк” (у кінаварыянце яна называецца “Вялікае каханне М.П. Чараднічэнкі”) была адзначана прызам за лепшую рэжысуру на Усесаюзным кінафестывалі творчай моладзі “Маладосць–77” у Кіеве.
Аляксандр Васільевіч лічыць сябе “акцёрскім рэжысёрам”: ён любіць працаваць з акцёрамі, разам з імі думаць над роллю, вобразам, ствараць атмасферу ў кадры.
Сёння Аляксандр Яфрэмаў здымае таксама дакументальныя і тэлевізійныя фільмы. Рэжысёр не робіць адрозненняў паміж кіно для вялікага і малога экрана, таму фільмы для тэлебачання “Рифмуется с любовью” (2007), “Снайпер. Зброя помсты” (2009), “Замах” (2010), “Немец” (2011) цікавыя гледачам, маюць шмат узнагарод. Так, тэлефільм “Рифмуется с любовью” быў прызнаны лепшай рэжысёрскай работай на X Міжнародным кінафестывалі “Брыганціна” (Бярдзянск, Украіна). Мастацкі фільм “Снайпер. Зброя помсты” атрымаў бронзавы медаль XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, а таксама спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі “За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве” і Савета Федэрацыі падчас правядзення X Міжнароднага кінатэлефоруму “Разам” (Ялта, Украіна). За стварэнне шматсерыйных тэлевізійных фільмаў ваенна-патрыятычнай тэматыкі “Снайпер. Зброя помсты” і “Замах” Аляксандру Васільевічу Яфрэмаву была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2010 г. Спецыяльным прызам кінаканцэрна “Масфільм” адзначана дэтэктыўная тэлевізійная стужка “Немец”.
Апошнія дваццаць гадоў Аляксандр Яфрэмаў з’яўляецца мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Ім пастаўлены спектаклі: “Міленькі ты мой” М. Варфаламеева (1994 г., разам з У. Гасцюхіным), “Айседора. Танец кахання” (паводле п'есы З. Сагалова “Тры жыцці Айседоры Дункан” і кнігі А. Дункан “Мая споведзь”, 1995), “Таленты і паклоннікі” А. Астроўскага (1996), “Філумена Мартурана” Э. дэ Філіпа (1999), “Пігмаліён” Б. Шоу (2002), “Вельмі простая гісторыя” М. Ладо (2005).: Тэатр ведаюць і любяць гледачы, спектаклі заўсёды праходзяць у запоўненай зале. Творчую манеру Аляксандра Яфрэмава вызначае паглыблены псіхалагізм, дакладная распрацоўка сцэнічных характараў, беражлівае стаўленне да драматургічнай асновы, адчуванне рытму, стылю, аўтарскага светаўспрымання.
Так, у спектаклі “Таленты і паклоннікі” драматург узнімае пытанне ўзаемаадносін мастацтва з рэчаіснасцю. Яфрэмаў паслядоўна ўводзіць гледача ў складаны свет чалавечых узаемадачыненняў, дзе, як і сто гадоў таму, паўстаюць праблемы канфліктнага суіснавання таленту і шэрай бяздарнасці, душэўнай цнатлівасці і нахабнай амаральнасці. Рэжысёр, здаецца, нічога не мяняе, амаль што поўнасцю захоўвае тэкст п'есы. Разам з тым ён няўлоўна ўводзіць у дзеянне спектакля свае ўлюбёныя матывы, галоўны з якіх – каханне. Аляксандр Яфрэмаў улічвае псіхалогію сучаснага гледача, які не выказвае антыпатыі герою толькі за тое, што ён багаты. Сам па сабе гэты факт нічога не значыць. Галоўную ролю адыгрываюць яго чалавечыя якасці. Таму тэма куплі-продажу (маці прадае дачку, багацей купляе за грошы каханне) у спектаклі наогул адсутнічае. Такому сэнсаваму павароту адпавядае і адметная трактоўка вобраза багатага жаніха Велікатава, якога выконвае сам рыжысёр. Герой Аляксандра Яфрэмава паўстае вельмі прывабным, шчодрым, інтэлігентным.
Спектакль “Вельмі простая гісторыя” прываблівае гледача і сваёй назвай, і жанрам: “чароўная казка пра любоў”. У спектаклі працуюць два акцёрскіх саставы, кожны з якіх мае свае нюансы пры стварэнні таго ці іншага персанажа. Глядач бачыць на сцэне акцёрскі ансамбль, у якім усе выканаўцы арганічныя і натуральныя. Усе з'явы набываюць значнасць, бо за ўсім бачыцца чалавечая душа, чалавечыя драмы і пакуты (нават калі гэта тычыцца персанажаў-жывёл).
На думку тэатральных аглядальнікаў, Тэатр-студыя кінаакцёра – тэатр, у якім адсутнічаюць пошласць, дрэнны густ, крайнасці і празмернасці. Мэта творчасці гэтага тэатра – магчымасць цікава і змястоўна правесці вольны час, атрымаць станоўчыя эмоцыі. Аляксандр Яфрэмаў стварыў унікальны калектыў з чалавекалюбівай, далікатнай пазіцыяй, тэатр, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і радуе сваіх прыхільнікаў цікавымі прэм'ерамі.
Шмат увагі Аляксандр Васільевіч надае педагагічнай дзейнасці. Ён прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2011 г. Аляксандру Яфрэмаву было прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Беларусі”. Творца лічыць, што гэта званне патрабуе пастаяннай працы над сабой, вялікіх намаганняў і сумленнасці, саманавучання, самаўдасканалення. Ён вучыцца ў сваіх студэнтаў, у акцёраў, у аператараў, але гэта не замінае яму быць запатрабавальным да іх. Прыярытэты дзейнасці Яфрэмава і ў тэатры, і ў кіно аднолькавыя: чысціня чалавечай душы, чысціня намераў, вялікія мэты і задачы, якія павінен рэалізаваць за сваё жыццё чалавек. Работы Аляксандра Яфрэмава будуюцца на простых і вечных каштоўнасцях, самай галоўнай з якіх ён лічыць каханне. Каханнне – частка жыцця, якая абуджае ў чалавеку высакароднасць душы, уменне бачыць прыгажосць навакольнага свету. Менавіта гэта пачуццё, лічыць Аляксандр Яфрэмаў, і робіць нас людзьмі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.