У 20–30-я гг. ХХ ст. імя жывапісца Канстанціна Мікалаевіча Геды было добра вядома ў мастацкіх колах Беларусі. Найбольш каштоўнымі для нацыянальнага мастацтва сталі выкананыя ім малюнкі з відамі Магілёва і карціны, прысвечаныя сялянскаму побыту.
Нарадзіўся К.М. Геда ў Вільні (цяпер г. Вільнюс, Літва) у сям’і дзяржаўнага служачага, выхадца са Швецыі. Дзіцячыя гады правёў у мястэчку Жыздра (непадалёк ад Вільні). З ранняга дзяцінства захапіўся маляваннем. У 1900 г. сям’я па службовых абавязках бацькі пераехала ў Магілёў. У 1910–1911 гг. вучыўся ў Магілёўскім Аляксандраўскім рэальным вучылішчы. Па рэкамендацыі настаўнікаў пачаў сур’ёзна займацца маляваннем – браў прыватныя ўрокі, некаторы час наведваў заняткі ў студыі М. Берштэйна ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе сярод выкладчыкаў былі вядомыя мастакі таго часу М. Касаткін, К. Каровін, А. Архіпаў, А. Сцяпанаў і інш. У час вучобы ўдзельнічаў у выстаўках вучнёўскіх работ з творамі «Вуліца», «Коні», «Тэатральная афіша». У гады Першай сусветнай вайны быў на фронце ў складзе студэнцкага санітарнага атрада.
Скончыўшы навучанне ў 1918 г., К.М. Геда вярнуўся ў Магілёў, дзе працаваў настаўнікам малявання ў школе. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, пісаў жывапісныя работы на заказ. Сярод твораў гэтага перыяду шмат карцін прысвечаных Магілёву – «Від старога горада з моста», «Гарадскі пейзаж», «Від са званіцы», «Сабор Святога Іосіфа», «Від на сінагогу» і інш. Для Магілёўскага гістарычнага музея стварыў вялікі цыкл палотнаў на гістарычныя і батальныя тэмы – «Дуэль Пушкіна і Дантэса», «Паўстанне Севярына Налівайкі», «Атака Чырвонай конніцы», «Першая Конная…» і інш. Асаблівага майстэрства дасягнуў мастак пры перадачы руху коней, пра якіх ведаў амаль усё («У знатнага конюха», «Цыган на кірмашы купляе каня» і інш.). У 1939 г. напісаў карціну «Табун коней», якая карысталася вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў І Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. У 1940 г. К.М. Геда стаў членам Саюза мастакоў БССР, у 1941 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. На жаль, большасць работ мастака гэтага перыяду была знішчана пры пажары ў музеі ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У 1944 г. К.М. Геда з сям’ёй пераехаў у Прагу, затым у Зальцбург. Некаторы час працаваў як тэатральны мастак, ствараючы дэкарацыі для рускага тэатра бежанцаў. З 1948 г. жыў і працаваў у г. Сан-Ісідра і Буэнас-Айрэсе (Аргенціна). Даваў урокі малявання, пісаў карціны на продаж. Часта героямі яго палотнаў у гэты перыяд былі коні, вершнікі, паўднёваамерыканскія пастухі («Бег», «Прыручэнне коней», «Вада для гауча», «Гауча на прывале»). Пісаў таксама партрэты («Партрэт дачкі Ірыны», «Пісьменнік Бародаў», «Партрэт жанчыны»), у 1964 г. стварыў серыю твораў, прысвечаных 50-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны. Настальгічныя ўспаміны знайшлі адлюстраванне ў вялікім цыкле мастацка-дакументальных работ аб Магілёве – «Ля калодзежа», «Кірмаш», «Беларускі селянін», «На сенакосе» і інш. Творчасць мастака была прызнана мясцовай публікай. У 1953 г. адбылася персанальная выстаўка яго твораў у карціннай галерэі Буэнас-Айрэса «Ван Рыэль». Апошнія гады жыцця мастак прысвяціў графіцы на гістарычную тэматыку, у тым ліку стварыў больш за 100 ілюстрацый да гістарычных раманаў рускага пісьменніка-эмігранта М. Карацеева.
Творчая спадчына К.М. Геды малавядома. Некаторыя яго карціны захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Аргенціне. Частка твораў у 1990 г. была перададзена дачкой мастака ў Літаратурны музей Л.М. Талстога (Масква), Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна, Савецкі фонд культуры (цяпер Расійскі міжнародны фонд культуры). У 2013 г. Пасольствам Аргенціны перададзены Беларусі на захоўванне асабісты архіў К.М. Геды і шэраг яго работ. Цяпер каля сотні карцін жывапісца прадстаўлены ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца некалькі акварэлей, прысвечаных сялянскаму побыту – «Куток рынку» (1924), «Сустрэча» і «Вяртанне з горада» (1925), «Зіма. Зборы ў горад» (1927) і інш. У 2003 г. у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава адбылася персанальная выстаўка К.М. Геды.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.