Радзівіл (дзявочае Завіша; у першым шлюбе Красінская) Магдалена Іванаўна
Дата рождения:
08.07.1861
Дата смерти:
06.01.1945
Краткая справка:
дзеяч беларускага культурнага руху, асветніца, мецэнатка, якая фінансава падтрымлівала адкрыццё школ, выданне вучэбнай літаратуры і рэлігійных кніг на беларускай мове, будаўніцтва касцёлаў і інш.
Фамилия в девичестве:
Завіша
Варианты имени:
Завіша Магдалена; Завіша Магдалена Іванаўна; Красінская Магдалена Іванаўна; Радзівіл Магдалена; Радзівіл Марыя Магдалена
Имена на других языках:
Радзивилл Магдалена (русский);
3328 символов
Справка
Усё жыццё Магдалена Іванаўна Радзівіл актыўна займалася асветніцтвам і мецэнацтвам. Любоў да Беларусі прадвызначала яе рашэнні і дзеянні.
Нарадзілася М. І. Радзівіл у сям’і беларускага археолага Яна (Івана) Казіміра Завішы. Ён з’яўляўся членам Маскоўскага археалагічнага таварыства, быў не толькі пачынальнікам даследавання гарадзішчаў, курганаў, стаянак каменнага веку на тэрыторыі Беларусі, але і заснавальнікам і выдаўцом “Археалагічных ведамасцей”. Пры хрышчэнні дзяўчынцы далі даволі складанае імя, аднак беларуская гісторыя шануе адно – Магдалена. Яе дзяцінства прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Кухцічы Ігуменскага павета. Магдалена атрымала добрую хатнюю адукацыю: ведала некалькі еўрапейскіх моў, старажытную і сучасную філасофію, асновы сусветнай культуры. Ад бацькі пераняла любоў да беларускай мовы і свайго народа. У 21 год выдадзена замуж за графа Л. Красінскага – надзвычай багатага польскага магната, які з’яўляўся заснавальнікам польскага філіяла Пецярбургскага таварыства падтрымкі расійскай прамысловасці і гандлю. Ён быў амаль на 30 гадоў старэйшы за Магдалену. Акрамя таго, з’яўляўся заўзятым збіральнікам твораў мастацтва, меў багатую калекцыю антыкварыяту. Праз год у іх нарадзілася дачка Людвіка (будучая графіня Чартарыйская). У сакавіку 1895 г. графіня аўдавела.
Пасля смерці бацькі Магдалена стала спадчынніцай вялізнага багацця – маёнткаў у Беларусі і так званай Вялікай Польшчы. Яна пераехала на сталае месца жыхарства ў Беларусь, дзе ўстанавіла трывалыя сувязі з лепшымі прадстаўнікамі тагачаснага грамадства. У гэты час шмат падарожнічала па Еўропе. У 1904 г. у Англіі графіня пазнаёмілася з маладым князем М. Радзівілам, маладзейшым за Магдалену на 19 гадоў. Пасля жаніцьбы яны пасяліліся ў Кухцічах – спадчынным маёнтку Завішаў. Па прапанове князя збудавалі чыгуначную лінію ад маёнткаў Магдалены да станцыі Вярэйкі Лібава-Роменскай чыгункі, што ішла праз усю Беларусь. Гэта станоўча паўплывала на развіццё эканомікі рэгіёна. Пасля смерці мужа (М. Радзівіл загінуў на фронце ў час Першай сусветнай вайны) Магдалена працягвала актыўна ўдзельнічаць у беларускім грамадскім жыцці. Пры яе фінансавай падтрымцы працавалі шпіталі, сельскія крамы, таварыствы цвярозасці. Асаблівую ўвагу звяртала на дзяцей-сірот, шмат рабіла для паляпшэння іх становішча, адкрыла для іх шэраг прытулкаў. Дзякуючы выдзеленым М. Радзівіл сродкам у вёсках Кухцічы, Каменка і Узда з’явіліся беларускія школы. Княгіня аказвала грашовую дапамогу прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, а таксама беларускім студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў: устанавіла для іх некалькі стыпендый. Фінансавала беларускія выдавецтвы ў Пецярбургу і Вільні. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло і інш. У знак удзячнасці на тытульным лісце зборніка вершаў М. Багдановіча “Вянок” быў змешчаны герб Завішаў “Лебедзь”. У 1912 г. М. Радзівіл падтрымала будаўніцтва касцёла ў Лондане, а ў 1916 г. выдзеліла сродкі на заснаванне беларускага ўніяцкага калегіума ў Рыме. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. знаходзілася ў эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 г. – у Швейцарыі.
Шчырая патрыётка, Магдалена Радзівіл заўсёды лічыла сябе “беларускай, паходжання літоўскага”. Мецэнацтва княгіні заслугоўвае ўдзячнасці і павагі нашчадкаў.