Дата рождения:
16.08.1911 Федзькавічы, в., Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
24.03.1999 Расія
Краткая справка:
расійскі вучоны-геолаг, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік АН СССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1950), Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі (1994), Герой Сацыялістычнай Працы (1944), узнагароджаны шасцю ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Трофимук Андрей Алексеевич (русский);
4117 символов
Справка
Андрэй Аляксеевіч Трафімук нарадзіўся ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны страціў маці і разам з бацькам, які працаваў на рамонце чыгункі, трапіў у Заходнюю Сібір. Андрэй Трафімук скончыў школу-сямігодку ў Слаўгарадзе (горад у Заходняй Сібіры), затым сярэднюю школу ў Казані.
З 1929 г. вучыўся на геолага-глебавым факультэце Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта і адначасова ўзначальваў навукова-даследчую партыю, якая займалася вывучэннем жалезных руд і баксітаў Урала. Пасля заканчэння ўніверсітэта завочна навучаўся ў аспірантуры, працаваў геолагам, у 1938 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.
У час Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Трафімук быў галоўным геолагам трэста “Башнафта”. Ён выдвінуў гіпотэзу аб наяўнасці нафты ў пластах дэвонскага перыяду Карлінска-Кінзебулатаўскай зоны Башкірыі. У выніку настойлівых пошукаў у 1943 г. было адкрыта некалькі магутных нафтавых радовішчаў, што забяспечыла бесперабойнае паступленне паліва на патрэбу Чырвонай Арміі і тылавых прамысловых раёнаў.
За выдатныя заслугі ў справе павелічэння здабычы нафты, выпрацоўкі нафтапрадуктаў, развіцця новых нафтавых радовішчаў і бурэння нафтавых свідравін Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 студзеня 1944 г. Андрэю Аляксеевічу Трафімуку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
У выніку ўпартай навуковай і даследчай работы Андрэя Трафімука ў сярэдзіне 1940-х гг. былі адкрыты Туймазінскае і Баўлінскае нафтавыя радовішчы, а сам даследчык стаў двойчы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.
У 1950-х гг. Андрэй Аляксеевіч узначальваў геалагічную службу Міністэрства нафтагазавай прамысловасці СССР, працаваў намеснікам, затым дырэктарам Усесаюзнага нафтагазавага навукова-даследчага інстытута ў Маскве. У гэты час ён распрацаваў аб’ёмна-генетычны метад ацэнкі прагнозных рэсурсаў нафты і газу і адным з першых ужыў матэматычныя метады даследаванняў у геалогіі.
У 1957 г. знакаміты навуковец пераехаў у Новасібірск і стаў арганізатарам і дырэктарам Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР, які узначальваў да 1988 г. Быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, у 1958 г. стаў акадэмікам. У час працы ў Новасібірску А.А. Трафімук навукова абгрунтаваў методыку пошуку радовішчаў нафты і газу ва ўмовах Сібіры і Далёкага Усходу, даказаў наяўнасць буйных пакладаў газу ў цвёрдым (газагідратным) стане, садзейнічаў адкрыццю і распацоўцы нафтагазаносных правінцый у Заходняй Сібіры, Якуціі, на Крайняй Поўначы.
З 1988 па 1999 гг. акадэмік Трафімук з’яўляўся саветнікам Прэзідыума Акадэміі навук СССР і ганаровым дырэктарам Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР. Быў галоўным рэдактарам часопіса “Геология и геофизика” АН СССР, членам рэдкалегій шэрага навуковых геалагічных часопісаў і “Горной энциклопедии”, апублікаваў звыш пяці соцень навуковых прац.
З 1958 г. з’яўляўся намеснікам старшыні Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР, членам Прэзідыума АН СССР, старшынёй Навуковага савета АН СССР па праблемах Байкала. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета РСФСР, Новасібірскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.
Андрэй Аляксеевіч Трафімук узнагароджаны шасцю ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Лаўрэат двух Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, прэмій Акадэміі навук СССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, ганаровы нафтавік Міннафтапрома СССР, ганаровы работнік газавай прамысловасці СССР, заслужаны дзеяч навукі Якуцкай АССР, Башкірскай АССР, Бурацкай АССР, ганаровы разведчык нетраў, ганаровы член Акадэміі навук Башкірыі.
Імя акадэміка А.А. Трафімука прысвоена Аб’яднанаму інстытуту геалогіі, геафізікі і мінералогіі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Лаўрэатамі прэміі імя А.А. Трафімука становяцца лепшыя навукоўцы Сібірскага аддзялення РАН, студэнты Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Сібірскай дзяржаўнай геадэзічнай акадэміі.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.