Вітаўт Чаропка, беларускі пісьменнік, літаратар, гісторык, журналіст, прызнаны майстар гістарычных эсэ і раманаў, усёй сутнасцю сваіх мастацкіх твораў сцвярджае духоўную неўміручасць даўніны. Узнаўляючы забытыя падзеі, набліжаючы да сучаснікаў постаці славутых папярэднікаў, ён усведамляе сябе чалавекам гістарычным, а сваю творчасць асэнсоўвае як частку гісторыі Беларусі.
Нарадзіўся Віктар Кузьміч Чаропка 21 жніўня 1961 г. у Мінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы служыў у Савецкай арміі. З 1981 г. працаваў на Мінскім трактарным заводзе і розных прадпрыемствах горада. Удзельнічаў у рабоце літаратурнага аб'яднання ''Крыніцы'' пры рэдакцыі газеты ''Чырвоная змена''. З 1990 па 1997 гг. рэдактар часопісаў ''Хрысціянская думка'', ''Спадчына'', ''Беларуская Мінуўшчына''. У 1998 г. супрацоўнік рэдакцыі ''Беларускага гістарычнага часопіса''.
Вітаўт Чаропка – аўтар гістарычнага рамана ''Храм без Бога'' (1992) пра падзеі на Беларусі ў ХVI ст. У ім адлюстраваны набегі крымскіх татар, аблога Слуцка, перамога літоўска-беларускіх войск пад Клецкам, паўстанне беларускай шляхты на чале з князем М. Глінскім супраць караля Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта І Старога. Вітаўт Чаропка напісаў таксама кнігі гісторыка-літаратурных нарысаў: ''Імя ў летапісе'' (1994), дзе асэнсоўваецца роля Беларусі ў палітычным жыцці Еўропы Х–ХV стст., распавядаецца пра барацьбу Полацкага княства за сваю незалежнасць і ўтварэнне ВКЛ і ''Уладары Вялікага княства'' (1996), у якой гаворыцца пра самых яркіх прадстаўнікоў беларускай гісторыі Х–ХVII стст.: М. Глінскага, К. Астрожскага, М. Радзівіла Чорнага, Л. Сапегу і інш. Славутым постацям беларускай гісторыі ХVI–ХVII стст. прысвечана кніга ''Перамога ценю'' (1996). У зборніку нарысаў ''Гісторыя нашага імя'' (1995) разглядаецца паходжанне назваў ''Белая Русь'' і ''Літва''. Новая кніга В. Чаропкі ''Вялікі князь Вітаўт'' (2010), праілюстраваная эксклюзіўнымі гравюрамі і ўнікальнымі выявамі артэфактаў, адрозніваецца даступнасцю выкладу, навуковай дакладнасцю і выверанасцю гістарычных фактаў, што робіць яе неацэнным дапаможнікам для вучняў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў. Вітаўту Чаропку, як і кожнаму мастаку-псіхолагу, важна дабрацца да вытокаў любой з'явы, раскрыць прычыны душэўных зрухаў і канкрэтных праяў паводзін асобы. Пісьменнік даследуе язычніцкую культуру Беларусі, этнічную самасвядомасць беларусаў. Ён аўтар шматлікіх навукова-папулярных артыкулаў, складальнік альбома ''Напалеон Орда'' (2006). Вітаўт Чаропка друкуецца ў часопісах ''Крыніца'', ''Маладосць'', ''Беларусь'', ''Полымя'', штотыднёвіку ''Літаратура і мастацтва'' і іншых перыядычных выданнях.
Без перабольшання можна сцвярджаць: беларуская гістарычная літаратура на сучасным этапе фарміруе духоўныя каштоўнасці і ідэалы грамадзян краіны, выхоўвае патрыятызм і нацыянальную годнасць, дапамагае адукацыі і асвеце. Творчасць Вітаўта Чаропкі адрасуецца ўсім, хто імкнецца глыбей ведаць гісторыю Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.