Дата рождения:
07.01.1786 Сіманава, маёнтак, Невельскі павет, Віцебская губерня (цяпер Расія)
Дата смерти:
23.06.1854
Краткая справка:
расійскі ваенны інжынер, генерал-інжынер, генерал-ад'ютант, удзельнік Бабруйскай абароны 1812 г., вынаходнік і рацыяналізатар у галіне ваеннай тэхнікі, стваральнік першай у свеце браніраванай падводнай лодкі-ракетаносца
Варианты имени:
Шыльдэр Аляксандр Андрэевіч
Имена на других языках:
Шильдер Карл Андреевич (русский);
3300 символов
Справка
Карл Андрэевіч Шыльдэр нарадзіўся ў маёнтку Сіманава Невельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Невельскі раён Пскоўскай вобласці, Расія) у сям’і купца. З дзяцінства хлопчык добра маляваў, цікавіўся музыкай, верхавой яздой, марыў стаць ваенным. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Маскоўскім высакародным універсітэцкім пансіёне, дзе захапіўся матэматыкай, авалодаў некалькімі замежнымі мовамі. У 1802 г. К. А. Шыльдэр быў залічаны унтэр-афіцэрам у Маскоўскі гарнізонны батальён. Баявое хрышчэнне атрымаў у 1805 г. у Аўстэрліцкай бітве, за якую быў узнагароджаны ордэнам святой Анны IV ступені. У 1806 г. ён скончыў школу калонаважатых у Маскве. Служыў у інжынерных войсках: камандзірам сапёрнай роты, батальёна, начальнікам інжынераў корпуса, арміі.
У гады вайны 1812 г. К. А. Шыльдэр кіраваў узвядзеннем абарончых збудаванняў Бабруйска. Ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне (1828–1829). У Балгарыі вызначыўся пры аблозе Варны (выкарыстаў фугасныя міны, што паспрыяла хутка і з найменшымі стратамі авалодаць крэпасцю) і пры ўзяцці Сілістры, дзе на невялікіх паромах былі ўсталяваны ракеты. За гэтыя аперацыі К. А. Шыльдэр атрымаў Георгіеўскі крыж і званне генерал-маёра.
У перыяд паміж войнамі ён займаўся вынаходніцтвам, пошукам і прыстасаваннем для патрэб арміі розных тэхнічных новаўвядзенняў. Ён прымяніў ток для падрыву пораху, закладзенага ў зямлю; распрацаваў новую контрмінную сістэму, вынайшаў спецыяльны свердзел для свідравання адтулін пад міны; распрацаваў адмысловую канструкцыю фугасных ракет з вялікай колькасцю пораху і спосаб пракладкі правадоў пад вадой; прыдумаў канструкцыю вісячага канатнага маста; сродак для пераправы з прагумаваных палатняных складных пантонаў – “бурдзючны мост” і інш. За гэтыя вынаходніцтвы удастоены звання генерал-ад’ютанта. Адной з галоўных задумак К. А. Шыльдэра было стварэнне падводнай лодкі. Для дапамогі ў распрацоўцы гэтага праекта ён запрасіў вядомых інжынераў і караблебудаўнікоў, а таксама выкарыстаў ідэі і матэрыялы К. Г. Чарноўскага – аднаго з папярэднікаў у вынаходніцтве падводнай лодкі. Праект быў завершаны ў 1834 г. Адначасова К. А. Шыльдэр правёў выпрабаванні гальванічных мін, у якіх для запальвання пораху выкарыстоўваўся электрычны зарад. Вынаходнік прапанаваў прымяняць іх пад вадой для непрыкметнага знішчэння флоту праціўніка. Такім чынам на свет з’явілася першая браніраваная падводная лодка-ракетаносец, якая магла апускацца на глыбіню да 20 метраў, мела высоўную аптычную трубу накшталт перыскопу, адну міну з парахавым зарадам да 16 кг і ракетную ўстаноўку з магчымасцю страляць шасцю ракетамі па падводных і надводных цэлях. На жаль, з-за высокай сакрэтнасці і вялікага кошту праца па ўдасканальванні падводнай лодкі ў далейшым была спынена, а дасягненні вынаходніка засталіся невядомымі ў свеце.
У гады Крымскай вайны (1853–1856) К. А. Шыльдэр узначаліў інжынерную службу расійскага флоту на Дунаі. У 1854 г. ён зноў апынуўся пад Сілістрай. 23 чэрвеня пры фарсіраванні ракі і аблозе крэпасці ён быў цяжка паранены. Генерал памёр у шпіталі пасля праведзенай аперацыі па ампутацыі нагі. У 1911 г. яго прах перанеслі ў Санкт-Пецярбург. У 2012 г. у Мінску быў створаны Музей падводнага флоту, якому прысвоілі імя Карла Шыльдэра.