Дата рождения:
23.10.1916 Зябраўка, в., Гомельскі раён
Дата смерти:
04.12.1985 Расія
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі
Имена на других языках:
Третьяков Яков Адамович (русский);
2532 символа
Справка
Якаў Адамавіч Траццякоў нарадзіўся ў вёсцы Зябраўка Гомельскага раёна ў сям’і сялян. У 1925 г. разам з бацькамі пераехаў на Далёкі Усход у пасёлак Юбілейны Амурскай вобласці. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю. Працоўную дзейнасць пачаў рахункаводам у калгасе «Вясёлая праца», затым працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады. У 1938 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію.
У час вайны з чэрвеня 1942 г. Я.А. Траццякоў знаходзіўся ў дзеючай арміі: быў кулямётчыкам, артылерыстам на Заходнім, Бранскім, 1-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у Курскай бітве, бітве за Дняпро, Беларускай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай наступальных аперацыях.
У баях пад Курскам 19 ліпеня 1943 г. малодшы сяржант Траццякоў у складзе разліку гарматы супрацьтанкавага палка падарваў два танкі праціўніка, агнём з кулямёта рассеяў і знішчыў да 40 нямецкіх аўтаматчыкаў, за што быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
Падчас Беларускай наступальнай аперацыі ў снежні 1943 г. артылерысты супрацьтанкавага палка нанеслі праціўніку вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы ля вёскі Малыя Казловічы Жлобінскага раёна. Дзякуючы выключнай меткасці і высокаму тэмпу агню разлік Я.А. Траццякова разбіў тры бліндажы і дзот праціўніка, падавіў агонь пяці кулямётных кропак і знішчыў да двух узводаў нямецкай пяхоты. 9 лютага 1944 г. малодшы сяржант Траццякоў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ-й ступені.
У час Варшаўска-Познанскай наступальнай аперацыі ў студзені 1945 г. пры прарыве абароны праціўніка ля населенага пункта Аўгустаў артылерысты яго разліку гарматным агнём падарвалі дзот і мінамёт праціўніка, падавілі агонь кулямётнай кропкі, рассеялі да ўзвода нямецкай пяхоты. За гэты бой Якаў Адамавіч Траццякоў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ-й ступені.
20 красавіка 1945 г. на подступах да Берліна разлік пад камандаваннем Я.А. Траццякова падбіў супрацьтанкавую гармату і бронетранспарцёр, падавіў агонь некалькіх мінамётаў праціўніка і знішчыў больш за 10 нямецкіх аўтаматчыкаў. За ўдзел у гэтай аперацыі Якаў Адамавіч Траццякоў быў узнагароджаны ордэнам Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў сяло Юбілейнае. Па заканчэнні курсаў рахункаводаў працаваў у калгасе бухгалтарам, затым эканамістам. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных. У 1976 г. выйшаў на заслужаны адпачынак.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі ордэнамі Славы І, ІІ і ІІІ ступеняў, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».