Дата рождения:
03.10.1946 Міхайлавічы, в., Горацкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
10.01.2025
Краткая справка:
вучоны ў галіне медыцынскай мікрабіялогіі і імуналогіі, акадэмік НАН Беларусі, замежны член Расійскай акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002), узнагароджаны ордэнам Пашаны
Имена на других языках:
Титов Леонид Петрович (русский);
2645 символов
Справка
Леанід Пятровіч Цітоў – вядомы беларускі вучоны ў галіне мікрабіялогіі, імуналогіі, алергалогіі і вірусалогіі. Ён нарадзіўся ў в. Міхайлавічы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1975 г. з адзнакай скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (МДМІ) і паступіў у аспірантуру пры кафедры мікрабіялогіі. У 1978 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Факторы неспецифического иммунитета у больных хроническими клебсиеллезами и туберкулезом». Працаваў у МДМІ асістэнтам (1978–1985), з 1986 г. дацэнтам кафедры мікрабіялогіі, праз два гады загадчыкам. Адначасова з'яўляўся галоўным імунолагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусі. У 1991 г. Л.П. Цітоў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Функционирование системы комплемента при физиологических состояниях» у Кіеўскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце імя А.А. Багамольца. У 1993 г. стаў прафесарам, у 1995 г. прызначаны дырэктарам Беларускага НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (адначасова з 1998 г. кіраваў аддзелам і лабараторыяй). У 2000 г. Л.П. Цітоў быў выбраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2009 г. ён загадваў лабараторыяй клінічнай і эксперыментальнай мікрабіялогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогі.
Леанід Пятровіч Цітоў з'яўляецца аўтарам больш за 700 навуковых прац, апублікаваў 23 метадычныя рэкамендацыі, мае 28 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Навуковыя работы вучонага прысвечаны вывучэнню біялогіі, малекулярнай генетыцыі, натуральнага імунітэту пры першасна-хранічных інфекцыйных захворваннях дыхальнага тракту, туберкулёзе, траўме, аўтаімунных і алергічных захворваннях. Ён з'яўляецца аўтарам нацыянальнай праграмы «Імунапрафілактыка».
Леанід Пятровіч Цітоў узнагароджаны медалём «За доблесную працу» (1971), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996). За дасягненні ў галіне медыцынскай імуналогіі ўдастойны ганаровага звання «Заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь» (2000). У 2002 г. за цыкл навуковых прац «Новые технологии профилактической и экологической медицины» атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
Вучоны з'яўляецца адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай навуковай супольнасці імунолагаў і алерголагаў (з 1986 па 2000 г. яго старшыня). З 1995 г. узначальвае Беларускае навуковае медыцынскае таварыства эпідэміёлагаў, мікрабіёлагаў і паразітолагаў. З 1986 г. – старшыня савета па абароне дысертацый пры БДМУ, а з 2000 г. – прадстаўнік Федэрацыі еўрапейскіх мікрабіялагічных таварыстваў (FEMS) у Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны УК «Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» ў 2016 г.