Беларускі вучоны ў галіне біяфізікі Яўген Аляксандравіч Чарніцкі нарадзіўся 26 ліпеня 1932 г. у г. Рамны (Украіна) у сям'і служачых. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), які скончыў у 1955 г. Працоўную дзейнасць пачаў у сценах Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі) асістэнтам на кафедры фізікі і метэаралогіі. У 1957 г. пераехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытут біялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі). З 1959 па 1962 г. вучыўся ў аспірантуры пры лабараторыі біяфізікі і ізатопаў НАН Беларусі. Я.А. Чарніцкі заняўся паглыбленым вывучэннем праблемы фотабіялогіі – ультрафіялетавай люмінесцэнцыі бялкоў. Разам з іншымі супрацоўнікамі дэталёва даследаваў характарыстыкі флуарэсцэнцыі індолу і трыптафану – малекул, якія вызначаюць люмінесцэнтныя ўласцівасці бялкоў. Ён прапанаваў асцыляторную мадэль гэтых малекул, устанавіў характар залежнасці іх спектраў паглынання і люмінесцэнцыі ад прыроды растваральнікаў і тэмпературы. Паказаў, што становішча спектраў люмінесцэнцыі выяўляецца рэлаксацыйнымі працэсамі арыентаванага ўзаемадзеяння. Вынікам гэтых даследаванняў з'явілася дысертацыя “Спектроскопическое исследование некоторых биологически важных веществ” на суісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук, якую абараніў у 1964 г. у Інстытуце біялагічнай фізікі Акадэміі навук СССР у Маскве.
З 1966 па 1999 г. навуковы шлях Я.А.Чарніцкага быў звязаны з Інстытутам фотабіялогіі НАН Беларусі. Вучоны прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да загадчыка лабараторыі фізікахіміі біялагічных мембран. Набытыя практычныя навыкі і веды садзейнічалі раскрыццю яго творчай індывідуальнасці. Яўген Аляксандравіч – адзін з піянераў і заснавальнікаў люмінесцэнтнага аналізу структурнай лабільнасці бялкоў. Ён выявіў адчувальнасць параметраў трыптафанавай флуарэсцэнцыі бялкоў, прапанаваў новы метад вызначэння малых зрухаў спектраў флуарэсцэнцыі і інш. Гэтыя прыярытэтныя вынікі ляглі ў аснову манаграфіі “Люминесценция и структурная лабильность белков в растворе и клетке” (1972), па якой абараніў доктарскую дысертацыю (1973). У 1974 г. Я.А. Чарніцкі стаў доктарам біялагічных навук.
Шматграннасць і шырыня навуковых інтарэсаў вучонага праявіліся ў вывучэнні праблемы малекулярнай паталогіі біялагічных мембран. Вялікіх поспехаў Я.А. Чарніцкі разам са сваім калектывам дасягнуў у галіне даследавання структурнай лабільнасці мембран эрытрацытаў чалавека і ва ўсталяванні сувязі паміж структурнымі зменамі эрытрацытаў мембран, метабалічнымі зрухамі і развіццём паталагічных працэсаў у арганізме. Вынікі гэтых работ выкладзены ў манаграфіях “Структура и функции эритроцитарных мембран” (1981; разам з А.В. Вараб'ём) і “Спектральный люминесцентный анализ в медицине” (1989; разам з К.І. Слабажанінай). Праведзеныя Я.А. Чарніцкім фундаментальныя даследаванні ляглі ў аснову прац прыкладнога характару, якія дазволілі прапанаваць практычнай медыцыне шэраг арыгінальных біялагічных метадаў дыягностыкі саматычных захворванняў (злаякасных новаўтварэнняў, вірусных гепатытаў, сінавітаў, сардэчнай недастатковасці і інш.). Сярод іншых дасягненняў вучонага – усталяванне механізмаў спантаннага (тэрмічнага) гемолізу эрытрацытаў, а таксама дэтэргент-індуцыраванага гемолізу. Ён вызначыў важную ролю інтэгратыўнай цэласнасці клетак у інгібіраванні фотасэнсібілізаваных працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў з удзелам антыакісляльных сістэм. Прапанаваў спосаб павелічэння фотасэнсібілізіруючага дзеяння парфірынаў, якое фотасэнсібілізуе з дапамогай мясцовых анестэтыкаў, выявіў з'яву сенсібілізацыі хлараформам фотахімічных пашкоджанняў бялкоў ультрафіялетавым святлом. За цыкл работ па люмінесцэнцыі бялкоў і іх выкарыстанні ў народнай гаспадарцы і медыцыне ў 1992 г. у складзе калектыву аўтараў яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.
Я.А. Чарніцкі – аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, якія шырока вядомы сусветнай навуковай грамадскасці. Плённай была і навукова-грамадская дзейнасць. Ён быў членам бюро і старшынёй секцыі Навуковага савета па праблеме “Прыборабудаванне”, членам Навуковага савета па праблеме “Фотасінтэз, мембранная біяфізіка і фотарэгуляцыя клеткавых працэсаў”, а таксама членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці “біяфізіка”. Паралельна з навуковай актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю. Вёў вялікую працу па падрыхтоўцы навуковых кадраў. На працягу некалькіх гадоў чытаў курс лекцый па малекулярнай біяфізіцы ў БДУ, быў кіраўніком курсавых і дыпломных работ.
Доктар біялагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Я. А. Чарніцкі пакінуў глыбокі след у гісторыі беларускай навукі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.