Беларускае кіно мае шматгадовыя традыцыі распрацоўкі гістарычнай тэматыкі. На мяжы ХХ–ХХІ стст. узрасла цікавасць да адлюстравання ў фільмах падзей даўняй гісторыі. У гэты час у беларускім дакументальным кіно пачаў развівацца гісторыка-культуралагічны кірунак, лідэрам якога стаў Віктар Васільевіч Шавялевіч. Яго творчасць з’яўляецца цікавай старонкай у беларускім кінамастацтве.
Нарадзіўся В. Шавялевіч у г. Самаркандзе (Узбекістан). Пасля службы ў арміі працаваў на заводзе абагравальнага абсталявання. У 1974 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў на тэлебачанні, у творчым аб’яднанні «Тэлефільм», «Белвідэацэнтры». Першыя дакументальныя фільмы В. Шавялевіч зняў у 1970-я гг. Сярод іх – «Вакаліз» (1971), «Крыніца» (1974, спецыяльны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Дубліне, 1974), «Тварам да вас» (1978, спецыяльны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Кане, 1979) і інш. У іх асвятляліся розныя тэмы, асабліва цікавілі аўтара ўзаемаадносіны паміж людзьмі. У 1980–2000 гг. В. Шавялевіч працаваў над хранікальна-дакументальнымі фільмамі, якія склалі гісторыка-культуралагічны цыкл. У кінастужках, блізкіх да гістарычных хронік і летапісаў, рэжысёр звярнуўся да экраннага аднаўлення мінулага беларускага народа, паказаў гісторыю нашай краіны ў падзеях і асобах. У першым фільме «Па дарогах Слова аб паходзе Ігаравым» (1986) гістарычныя падзеі часоў Кіеўскай Русі ХІІ ст. асвятляюцца праз узнаўленне старонак помніка старажытнай літаратуры «Слово о полку Игореве», які ўзнік на аснове агульнай культуры рускага, беларускага і ўкраінскага народаў. Пра гэты твор у фільме расказваюць акадэмік Д. Ліхачоў, паэты Р. Барадулін і Б. Алейнік. У другой кінастужцы цыкла – тэледылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989–1990) – раскрываюцца тэмы дабра і зла, любові і здрады, веры і бязбожнасці. У ёй удзельнічаюць акадэмік Д. Ліхачоў і мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Яны, людзі багатай духоўнай культуры, дапамагаюць глыбей зразумець асобы Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. Асаблівую каштоўнасць надаюць фільму здымкі помнікаў дойлідства, фрэсак Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, старажытных абразоў. Наступныя кінастужкі – «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (частка першая – «Ягайла», 1994; частка другая – «Вітаўт», 1995) – з’яўляюцца трылогіяй, у якой адлюстраваны падзеі (канец ХIV – пачатак XV ст.), звязаныя з дынастычнай барацьбой паміж князямі за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Галоўнымі героямі першага фільма сталі сыны Альгерда Андрэй Полацкі і Ягайла, якім уласцівы каварства, хітрасць, імкненне да ўлады, што і прывяло да працяглых міжусобных войнаў. Яшчэ больш дэталёва адлюстравана барацьба за ўладу ў двух апошніх фільмах трылогіі, сюжэт якіх заснаваны на багатым фактаграфічным матэрыяле. У відэадылогіі «Беларусь на крыжы вякоў» (фільм першы – 2000 г.; фільм другі – 2002 г.) прадстаўлена гісторыя Беларусі з Х да ХVІІ ст. Рэжысёр аб’яднаў розныя яе перыяды. Сярод галоўных персанажаў фільма знакавыя асобы – Усяслаў Чарадзей, Альгерд, Міндоўг, Гедымін, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Леў Сапега і інш. Дылогія «Беларусь на крыжы вякоў» стала буйнейшым творам у цыкле гісторыка-культуралагічных фільмаў, вынікам распрацоўкі гістарычнай тэмы ў дакументальным і тэлевізійным кіно. У рабоце над фільмам В. Шавялевіч выкарыстаў назапашаны раней вопыт стварэння фільмаў. На ўзроўні тэматыкі гэта выявілася ў паказе гістарычных падзей, значных для дзяржаўнасці народа (прыняцце хрысціянства, Грунвальдская бітва і інш.). Працягам дылогіі мог стаць трэці фільм, які застаўся незавершаным з прычыны заўчаснай смерці рэжысёра ў 2004 г. У канчатковым выглядзе цыкл фільмаў «Беларусь на крыжы вякоў» павінен быў паказаць гісторыю і культуру Беларусі ад часу першых славянскіх плямён да сучаснасці. Дакументальныя творы В. Шавялевіча – гэта імкненне аўтара захаваць традыцыі народа, замацаваць гістарычную памяць. Яны дапамагаюць вобразна асэнсаваць падзеі мінулых часоў. Асаблівае месца ў творчасці рэжысёра адведзена кінастужкам, прысвечаным гісторыі рэлігіі і асветнікам зямлі беларускай, якія неслі людзям святло веры, дбалі пра выхаванне маральных якасцей і захаванне духоўных каштоўнасцей. Сярод гэтых фільмаў – «Уладыка» (1993), «Сафія Полацкая» (1995), «Пад крыламі Еўфрасінні» (1997, прэмія Міжнароднага кінафестывалю «Залаты віцязь», Масква, 1997), «Дабро твары» (1998, галоўны прыз «Вялікі крыштальны бусел» на ІІ Нацыянальным кінафестывалі, Брэст, 1999; прыз імя Кірылы і Мяфодзія на Міжнародным кінафестывалі праваслаўных фільмаў, Масква), «Час будаваць храмы» (2001) і інш. Віктар Шавялевіч зняў некалькі фільмаў-спектакляў: «Пачакай, затрымайся» (1981), «Пагарэльцы» (1988), «Князь Вітаўт» (1998), «Беларусь на крыжы вякоў» (фільмы 1–2, 2000, 2002), «Валянцін Елізар’еў. Люстэрка часу», «Балет... Балет... Балет...» (абодва 2003) і фільмаў-балетаў «Карміна-Бурана» (1990), «Шчаўкунок» (1992), «Спартак» (1993), «Страсці» («Рагнеда», 1996) і інш. У 1998 г. В. Шавялевіч стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.