Беларуская фартэпіянная школа была прызнана ў свеце як незалежная, самабытная і высокапрафесійная ў шэрагу іншых вядомых нацыянальных школ шмат у чым дзякуючы творчай дзейнасці піяністкі, педагога Людмілы Сяргееўны Шаламенцавай. Яна нарадзілася 28 мая 1937 г. у г. Растоў-на-Доне (Расія). Яшчэ з дзяцінства праяўляла цікавасць да ігры на фартэпіяна. Вучылася ў ліцэі пры Беларускай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). У рэпертуары былі канцэрты П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, Э. Грыга – на той час гэта ўжо лічылася дасягненнем. Пасля паступіла ў кансерваторыю ў клас педагога, выдатнага музыканта, прафесара М. Бергера, якую скончыла ў 1962 г. На кафедры спецыяльнага фартэпіяна кансерваторыі была адкрыта аспірантура. Людміла Сяргееўна стала першай аспіранткай па класе фартэпіяна, пазней прайшла першыя курсы павышэння кваліфікацыі пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага пад кіраўніцтвам доктара мастацтвазнаўства, прафесара Я. Мільштэйн.
У 1960–1970-я гг. Л.С. Шаламенцава актыўна займалася канцэртнай дзейнасцю, выступала з сольнымі праграмамі, надавала ўвагу ансамблевай музыцы. Яна стала лаўрэатам І Нацыянальнага конкурсу піяністаў. Больш за 40 гадоў Людміла Сяргееўна паспяхова займаецца педагагічнай працай. Менавіта з кансерваторыяй звязана яе працоўная дзейнасць, дзе пачала выкладаць з 1962 г., адначасова з 1988 г. – у музычным каледжы пры кансерваторыі. З 1996 г. Л.С. Шаламенцава з'яўляецца членам Прэзідыума Беларускай асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. У гэтым жа годзе стала прафесарам. Высокі прафесійны ўзровень выкладчыка дазволіў падрыхтаваць да ўдзелу ў міжнародных конкурсах шэраг таленавітых вучняў. Яркасць і арыгінальнасць таленту маладых выканаўцаў, іх адданасць мастацтву, жаданне заваяваць музычны Алімп залежаць ад выкладчыкаў. Клас Л.С. Шаламенцавай – гэта сапраўдная творчая лабараторыя. Імкненне стварыць разняволеную атмасферу на кожным уроку, зацікаўленасць у кожным са студэнтаў, трапяткі клопат пра выхаванцаў, цёплы чалавечы ўдзел у іх звычайных чалавечых справах – усё гэта стыль работы Людмілы Сяргееўны, аднаго з найбольш аўтарытэтных педагогаў кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе выпускнікі (Ю. Бліноў, А. Паначэўны, Д. Антановіч, А. Белан, Д. Уласюк) з'яўляюцца гонарам беларускага фартэпіяннага мастацтва. Юрый Бліноў у верасні 2006 г. першым з беларускіх музыкантаў даў сольны канцэрт у камернай зале Carnegie-Hall у Нью-Ёрку. Праз клас Л.С. Шаламенцавай у розны час прайшлі вядомыя беларускія піяністы І. Сяргей, Ц. Шчарбакоў, Н. Котава. Некаторыя былыя студэнты сталі знакамітымі ў іншых галінах музыкі, сярод іх – кампазітар У. Дамарацкі, салістка маскоўскага тэатра “Новая опера” А. Кананенка, салістка беларускай оперы Т. Гаўрылава, салістка вакальнага ансамбля “Камерата” Г. Маркелава. Людмілу Сяргееўну запрашаюць з майстар-класамі ў Японію і Польшчу. Японскі музычны часопіс змясціў вялікае інтэрв'ю, дзе прафесар Л.С. Шаламенцава падрабязна расказала пра беларускую музычную культуру, свае мастацкія і прафесійныя прынцыпы. У 2000–2002 гг. яна – ганаровы госць на міжнародных конкурсах імя Ф. Шапэна ў Польшчы і Германіі, а таксама на конкурсе імя В. Кліберна ў г. Форт Уорт (штат Тэхас, ЗША). Выхаванцы Л.С. Шаламенцавай сталі прызёрамі больш за 40 міжнародных конкурсаў, прадстаўлялі нашу краіну на канцэртных сцэнах шматлікіх краін свету. Многія з выпускнікоў вядуць паспяховую педагагічную працу ў Беларусі і за яе межамі – Расіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Кітаі. Асабліва вылучаюцца прыватная школа Л. Дэжон у французскім Пуацье і плённая дзейнасць лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Чжан Цы ў Шанхаі.
За вялікі асабісты ўклад у развіццё музычнага мастацтва, заслугі ў выхаванні і падрыхтоўцы творчых кадраў прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Л.С. Шаламенцавай было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь” (1998). У 1998 г. быў зняты тэлевізійны фільм “Людміла Шаламенцава” ў серыі “Творцы”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.