Беларускі акцёр, кінарэжысёр Сяргей Мікалаевіч Шульга нарадзіўся ў г. Бугульма (Татарстан).У 1975 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў такіх майстроў сцэны, як У. Маланкін, Б. Луцэнка, В. Раеўскі. Пасля інстытута паступіў на працу ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, дзе сыграў ролі Дзімкі Малахава («Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага), Пашкі («Летась у Чулімску» А. Вампілава), Марата («За ўсё добрае – смерць» М. Ібрагімбекава). У 1976–1977, 1979–1980 гг. выступаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. У спектаклі «Сымон-музыка» паводле Я. Коласа стварыў адухоўлены апаэтызаваны вобраз Музыкі, паказаў эвалюцыю яго характару, усведамленне ім ролі мастака ў грамадстве – служыць свайму народу. За гэту работу ў 1978 г. акцёр атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. Сярод іншых роляў, сыграных С. Шульгой, вылучаюцца Арман Дзюваль («Дама з камеліямі» А. Дзюма-сына), Пашка Тулупаў («Тры мяшкі засмечанай пшаніцы» паводле У. Цендракова), Кей («Снежная каралева» Я. Шварца), Сакрат («Ноч пасля выпуску» У. Цендракова) і інш.
У 1985 г. С. Шульга скончыў рэжысёрскае аддзяленне Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (майстэрня класікаў савецкага кіно А. Алава і У. Навумава). Пасля інстытута стаў працаваць на кінастудыі «Беларусьфільм», а з 1997 г. – у «Белвідэацэнтры». Як кінарэжысёр паставіў мастацкія фільмы «Цубанікі» (1988, паводле А. Дударава), «Хам» (4 серыі, 1989, з Д. Зайцавым), «Хроніка мёртвай Савы» (1994, тэлевізійны фільм-спектакль), шэраг кароткаметражных фільмаў. Таксама паспрабаваў сябе і ў дакументальным кіно. Сярод яго работ вылучаюцца «Пра кінарэжысёра» (1997), «Шляхі Гасподнія...» (1999), «Экспансія» (2000), «Час акцёра. Дывертысмент» (2001), «Яго Вялікасць Тэатр» (2002), «Дзеці крэпасці» (2003), «А цяпер суддзі» (2004), «Доўгая дарога да сябе» (2008) і інш.
У 2012 г. С. Шульга дэбютаваў у поўнаметражным ігравым кіно. На экраны выйшаў чатрохсерыйны мастацкі фільм «Талаш» па матывах аповесці «Дрыгва» Я. Коласа, аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога з'яўляецца С. Шульга. Ён стварыў нацыянальны гістарычны кінааповед праз мастацкае пераасэнсаванне хрэстаматыйных старонак беларускай прозы. З дэкларатыўнага твора, які вывучалі ў школе, Сяргей Шульга зрабіў “цёплы” сцэнарый, унёс лірычныя моманты, вылучыў у фільме адносіны між людзьмі, правёў выразную тэму кахання. Рэжысёр пашырыў межы разумення мастацкага тэксту Я. Коласа. Стварыў цэлую галерэю разнапланавых характараў, арганічна ўключаных у сюжэтную тканіну твора. Ён рэалістычна адлюстраваў сацыяльны і духоўны ўціск народных мас ва ўмовах белапольскай акупацыі, раскрыў маральнае хараство простага чалавека, яго непрымірымасць да няволі, сцвердзіў вялікія патэнцыяльныя сілы народа. Дзед Талаш у фільме – не хітраваты дзядок, а чалавек, які можа разважаць, няспешна прымаць рашэнні, не падпарадкоўвацца ідэалагічным лозунгам, а пільна ўглядацца ў сітуацыю. У ім адчуваецца не прыстасаванства да знешніх абставін, а адказнасць за тых, хто жыве побач, і за тое, што адбываецца на яго зямлі. Рэжысёр не толькі ўдала выбраў акцёраў (некаторых нават адкрыў для кіно), ён даў ім магчымасць прадставіць тыя вобразы, у якіх прасочваюцца ментальныя рысы, за якімі адчуваюцца асобы, лёсы. Сяргей Шульга зрабіў канцэптуальны, праграмны тэлетвор для беларускага гледача на роднай мове пра наш народ і яго гісторыю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.