Дата рождения: 16.06.1889
Дата смерти: 20.06.1970
Краткая справка: вучоны-акіянолаг, гідрабіёлаг, арганізатар комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі, ініцыятар стварэння Нарачанскай біялагічнай станцыі (1946), акадэмік АН СССР, лаўрэат Ленінскай (1965) і Дзяржаўнай (1951) прэмій СССР
Имена на других языках: Зенкевич Лев Александрович (русский);
Выдатны расійскі вучоны-акіянолаг, заолаг і гідрабіёлаг, стваральнік айчыннай біялагічнай акіяналогіі Леў Аляксандравіч Зянкевіч унёс значны ўклад у вывучэнне Сусветнага акіяна. Нарадзіўся ён у г. Ленінск Валгаградскай вобласці (Расія). Займаўся спачатку ў Ленінскай, а затым у Арэнбургскай класічнай гімназіі, якую скончыў у 1908 г. Вучобу працягваў на юрыдычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (МДУ). За ўдзел у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў 1911 г. быў выключаны з універсітэта і высланы ў Тулу. Праз год вярнуўся ў Маскву, скончыў экстэрнам юрыдычны факультэт і паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Яшчэ ў студэнцкія гады, пабываўшы на Баранцавым моры, напісаў шэраг навуковых артыкулаў аб марской фаўне. У 1916 г. Л. А. Зянкевіч скончыў універсітэт і застаўся ў ім, дзе да 1925 г. быў асістэнтам кафедры заалогіі беспазваночных. У 1925–1930 гг. – дацэнт гэтай кафедры. У 1930 г. узначаліў кафедру агульнай заалогіі, а ў 1931 г. – новаўтвораную кафедру заалогіі беспазваночных МДУ. У 1936–1947 гг. Л. А. Зянкевіч быў загадчыкам кафедры заалогіі беспазваночных БДУ. Вучоны арганізаваў гідрабіялагічныя даследаванні і вывучэнне паразітаў рыб вадаёмаў Беларусі, а таксама комплексныя экспедыцыі. Быў ініцыятарам стварэння ў 1946 г. Нарачанскай біялагічнай станцыі. У 1935 г. яму прысуджана вучоная ступень доктара біялагічных навук і прысвоена вучонае званне прафесара. У 1953 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН СССР, у 1968 г. стаў акадэмікам АН СССР.
З 1917 г. А. Л. Зянкевіч удзельнічаў у навуковых экспедыцыях. У 1920 г. вучоны прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі першага савецкага Плавучага марскога навуковага інстытута (Плавморнин). Пасля ўзначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». У 1930-я гг. увагу Л. А. Зянкевіча прыцягнулі паўднёвыя саланавата-водныя моры, у першую чаргу Каспійскае – вадаём выключна багаты каштоўнымі асятровымі рыбамі. Праведзеныя да таго часу даследаванні фаўны дна паказалі адносную колькасную беднасць, што прывяло вучонага да пошукаў шляхоў павышэння біялагічнай прадуктыўнасці гэтага мора. Ён узначаліў работы па рэканструкцыі фаўны Каспійскага мора шляхам акліматызацыі ў ім некаторых каштоўных кармавых беспазваночных Азоўскага мора, якія сталі ў далейшым аднымі з масавых кампанентаў фаўны і ўвайшлі ў рацыён асятровых і іншых прамысловых каспійскіх рыб. З 1948 г. Л. А. Зянкевіч стаў загадчыкам лабараторыі бентасу Інстытута акіяналогіі АН СССР. У 1949–1952 гг. Л. А. Зянкевіч узначальваў комплексную акіянаграфічную экспедыцыю інстытута і прымаў непасрэдны ўдзел у шматлікіх экспедыцыях на даследчым судне «Віцязь». Па яго ініцыятыве былі пачаты даследаванні глыбакаводнай фаўны Ціхага акіяна. За арганізацыю гэтай экспедыцыі ў 1951 г. быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй. У далейшым Л. А. Зянкевіч неаднаразова ўзначальваў і іншыя глыбакаводныя экспедыцыі (ва ўзросце 79 гадоў ён кіраваў экспедыцыяй на навукова-даследчым судне «Акадэмік Курчатаў» у маладаследаваных частках Ціхага акіяна), у тым ліку ў 1953 і 1966 гг. на «Віцязі» ў раёне Курыла-Камчацкага жолаба, у час якіх глыбакаводная фаўна гэтага раёна была дэталёва даследавана аж да глыбіні 9,5 км. Гэта тэрыторыя акіяна да цяперашняга часу застаецца адной з найбольш вывучаных з глыбакаводных раёнаў Сусветнага акіяна. Абагульненне назапашаных экспедыцыямі матэрыялаў прывяло Л. А. Зянкевіча да абгрунтавання вывучэння біялагічнай структуры акіяна, распрацоўкі пытанняў пра эвалюцыю глыбакаводнай фаўны, ступені яе старажытнасці ў сувязі з пытаннем старажытнасці самога акіяна, развіцця вучэння біягеацэнозу ва ўжыванні да акіяна. Прымяненне распрацаваных Л. А. Зянкевічам колькасных метадаў даследаванняў фаўны дна дазволіла скласці карту размеркавання біямасы бентасу ў Сусветным акіяне і ўстанавіць шэраг агульных заканамернасцей у размеркаванні жыцця на дне акіяна.
Акрамя навуковай і педагагічнай дзейнасці Л. А. Зянкевіч займаўся навукова-арганізацыйнай. Ён быў старшынёй акіянаграфічнай камісіі пры Прэзідыуме АН СССР, старшынёй Усесаюзнага гідрабіялагічнага таварыства, віцэ-прэзідэнтам Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды, галоўным рэдактарам створанага па яго ініцыятыве часопіса «Океанология», членам рэдкалегіі шэрага айчынных і замежных навуковых часопісаў. Вядома імя Л. А. Зянкевіча і за межамі краіны. Ён быў выбраны сапраўдным членам Сербскай акадэміі навук і мастацтва, Міжнароднай біялагічнай асацыяцыі ў Індыі, членам Дацкага прыродазнаўчага таварыства, ганаровым членам Марской біялагічнай асацыяцыі Вялікабрытаніі. Французскі акіянаграфічны інстытут узнагародзіў яго медалём «Памяці Альберта І Манакскага», які прысуджаецца за выключныя заслугі ў галіне акіянаграфіі. Таксама вучоны быў удзельнікам шматлікіх міжнародных канферэнцый, на якіх яго даклады выклікалі вялікі інтарэс.
Вучоны – аўтар шматлікіх навуковых прац па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фаўны, біялагічнай структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Двухтомная манаграфія «Фауна и биологическая продуктивность моря» (1947, 1951) прадстаўляе сабой не толькі фундаментальную зводку па біялагічнай акіяналогіі Сусветнага акіяна ў цэлым і мораў, якія абмываюць берагі СССР, але і змяшчае падрабязныя фізіка-геаграфічныя характарыстыкі гэтых мораў. За кнігу «Моря СССР, их фауна и флора» (1951; 2-е выд. 1956), перакладзеную на некалькі моў свету, быў удастоены залатога медаля імя Ф. П. Літке Геаграфічнага таварыства СССР. У 1968 г. Л. А. Зянкевіч атрымаў Ленінскую прэмію за манаграфію «Биология морей СССР» (1963). Ён быў актыўным папулярызатарам навуковых ведаў, з'яўляўся галоўным рэдактарам шматтомнага выдання «Жизнь животных» (у 6 т., 1968–1971), а кніга «Дары моря: 200 рецептов», якая выйшла ў 1968 г., адыграла значную ролю ў папулярызацыі морапрадуктаў і ведаў пра іх сярод насельніцтва.
Вучоны ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Маскоўскі ўніверсітэт за вывучэнне ультраабісальнай фаўны прысудзіў яму Ламаносаўскую прэмію. Яго імем былі названы многія віды і роды марскіх жывёл розных сістэматычных груп, а таксама ўзвышша, што падзяляе Курыла-Камчацкі жолаб і ложа Ціхага акіяна.
Матэрыял падрых таваны ў 2021 г.