Беларускі вучоны ў галіне судовай медыцыны Герман Фёдаравіч Пучкоў нарадзіўся ў в. Братаўшчына Пушкінскага раёна Маскоўскай вобласці (Расія) у сям'і рабочага. У 1960 г. скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Гродне выкладчыкам паталогіі анатоміі ў фельчарскім вучылішчы. У 1961–1964 гг. вучыўся ў аспірантуры на кафедры паталагічнай анатоміі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (МДМІ). У 1966 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Патологическая анатомия и патогенез вторичной асфиксии новорожденных», у 1977 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Скоропостижная смерть детей раннего возраста». З 1965 г. працаваў на кафедры судовай медыцыны МДМІ асістэнтам (да 1970 г.), затым дацэнтам (да 1981 г.). У 1979 г. стаў доктарам медыцынскіх навук, у 1982 г. прысвоена вучонае званне прафесара. З 1990 па 2002 г. быў загадчыкам кафедры судовай медыцыны Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (БДМУ).
Г.Ф. Пучкоў вёў навукова-даследчыцкую працу. Вывучаў паталагічную анатомію мёртванароджаных, хвароб нованароджаных, родавай траўмы. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці вучонага звязаны з даследаваннем назалагічных структур, патагенезу і танатагенезу захворванняў і паталагічных станаў, якія могуць абумовіць наступствы раптоўнай смерці ў дзяцей. Ім упершыню была прапанавана формула навуковай распрацоўкі праблемы з пазіцый паняццяў «перадхвароба – хвароба – смерць». Вучоны выявіў першараднае значэнне паражэнняў органаў дыхання сярод прычын раптоўнай смерці дзяцей ранняга ўзросту; прапанаваў рацыянальны комплекс метадаў судова-медыцынскай дыягностыкі; устанавіў назалагічны профіль асноўных захворванняў і ўдзельную вагу асобных паталагічных працэсаў, якія абумоўліваюць такога роду смерць. Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь Г.Ф. Пучкоў арганізаваў на базе кафедры судовай медыцыны МДМІ лабараторыю малекулярна-генетычных даследаванняў, вынікі працы якой паспяхова былі ўкаранёны ў практычную судовую медыцыну і крыміналістыку для ідэнтыфікацыі біялагічных аб'ектаў і чалавека.
На працягу многіх гадоў Г.Ф. Пучкоў з'яўляўся членам і старшынёй экспертнага Савета ўрачэбнай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Быў старшынёй Беларускага навукова-практычнага таварыства судовых медыкаў, членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый БДМУ.
Вучоны таксама актыўна працаваў у складзе камісіі па распрацоўцы праекта першага ў Рэспубліцы Беларусь закона «Аб трансплантацыі органаў і тканак». У 1994 г. узначаліў аддзел біятрансплантантаў у Рэспубліканскім бюро дзяржаўнай судова-медыцынскай экспертызы.
Ён аўтар больш за 170 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, суаўтар артыкулаў для « Большой медицинской энциклопедии». Герману Фёдаравічу Пучкову належаць 1 вынаходніцтва і 9 рацыяналізатарскіх прапаноў. Ён узнагароджаны медалём, адзначаны знакам «Выдатнік аховы здароўя СССР». У 1997 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.