Уладзімір Генадзевіч Пятроў, вядучы саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, стварыў на сцэне шэраг самых розных вобразаў – гераічных, драматычных, лірычных, сатырычных.
Нарадзіўся ён у Чэлябінску. У 1985 г. скончыў Уральскую дзяржаўную кансерваторыю імя М. П. Мусаргскага ў Свярдлоўску (клас прафесара Б. Вінаградава). Сем гадоў працаваў у Омскім музычным тэатры, дзе спяваў у мюзіклах, удзельнічаў у дзіцячых пастаноўках, бліскуча выканаў ролі Астапа Бэндэра ў спектаклі “Залатое цяля” на музыку Ц. Хрэннікава і Сцяпана Разіна ў спектаклі “Я прыйшоў даць вам волю” па творы В. Шукшына на музыку Я. Пцічкіна. З 1992 г. У. Пятроў працуе ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь (зараз Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь), адначасова (да 1995 г.) з’яўляўся вядучым салістам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. Творчай індывідуальнасці артыста адпавядалі разнапланавыя ролі. Сярод партый у тэатры музычнай камедыі – Эдвін, Містар Ікс, Тасіла (“Сільва”, “Прынцэса цырка”, “Марыца” І. Кальмана), князь Арлоўскі (“Лятучая мыш” І. Штрауса). Ён стварыў запамінальныя вобразы ў беларускіх, рускіх і класічных операх на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Сярод іх – драматычныя партыі Рангоні, Шаклавіты (“Барыс Гадуноў”, “Хаваншчына” М. Мусаргскага), Алека (аднайменная опера С. Рахманінава), Сільвіа (“Паяцы” Р. Леанкавала), Джані Скікі (аднайменная опера Дж. Пучыні). У рэпертуары У. Пятрова шмат рознахарактарных партый: Фігара (“Севільскі цырульнік” Дж. Расіні), Эскамільё (“Кармэн” Ж. Бізэ), Рэната, Жэрмон, Радрыга, Граф дзі Луна, Аманасра, Набука, Рыгалета (“Баль-маскарад”, “Травіята”, “Дон Карлас”, “Трубадур”, “Аіда”, “Набука”, “Рыгалета” Дж. Вердзі), Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт (“Пікавая дама”, “Яўген Анегін”, “Іаланта” П. Чайкоўскага), Гразной (“Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава), Кізгайла (“Сівая легенда” Д. Смольскага), Дон Жуан (аднайменная опера В. А. Моцарта), Шарплес, Марсель, Скарпія (“Мадам Батэрфляй”, “Багема”, “Тоска” Дж. Пучыні), Альфіа (“Сельскі гонар” П. Масканьі), лорд Генрых Эштан (“Лючыя ды Ламермур” Г. Даніцэці) і інш. Прырода шчодра надзяліла У. Пятрова сцэнічнымі здольнасцямі і рэдкім па тэмбры лірычным барытонам. Ён не толькі выдатны оперны спявак, але і адзін з буйнейшых камерных выканаўцаў, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. У рэпертуары артыста – сольныя партыі ў араторыях і кантатах (у спектаклях “Карміна Бурана” К. Орфа і “Вясна” С. Рахманінава), а таксама рамансы, творы духоўнай музыкі і ваенныя песні. Спявак шмат гастраляваў у Германіі, Ірландыі, Кітаі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Тайландзе, Нідэрландах, Вялікабрытаніі. У сакавіку 2005 г. выканаў партыю Пізара ў оперы “Фідэліа” Л.Бетховена (дырыжор Н. Кабарэці) у Тэль-Авіве. Ён з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў: Міжнароднага конкурсу артыстаў аперэты і мюзікла (Масква, 1992), Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў імя М. Рымскага-Корсакава (Санкт-Пецярбург, 1994), Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў імя Б. Хрыстава (Сафія, 1996), конкурсу оперных спевакоў “Voice-Masters” (Монтэ-Карла, 1997) і іншых, пастаянным удзельнікам штогадовага фестывалю “Classik Openair” у Швейцарыі і “Кirn” у Германіі. За плённую тэатральную і канцэртную дзейнасць У. Пятроў атрымаў у 1999 г. ганаровае званне “Заслужаны артыст Беларусі”, у 2006 г. стаў народным артыстам Беларусі. У 2015 г. узнагароджаны прызам Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі “Крыштальная Паўлінка”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.