Краткая справка:
спартсменка (стральба кулявая), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка ХХІV летніх Алімпійскіх гульняў (1988, Сеул), чэмпіёнка свету (1989, 1990, 1991), Еўропы (1986, 1989, 1990, 1992, 1996), дзесяцікратная чэмпіёнка СССР, ганаровая грамадзянка Гродна, узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Shilova Irina (английский); Шешко Ирина Олеговна (русский); Шилова Ирина Олеговна (русский);
2091 символ
Справка
Ірына Шылава нарадзілася ў Гродне. Той час вызначаўся росквітам беларускай школы спартыўнай гімнастыкі. Дзякуючы поспехам Тамары Лазаковіч, Вольгі Корбут, Алены Валчэцкай, Антаніны Кошаль секцыі спартыўнай гімнастыкі былі запоўнены дзяўчаткамі, якія марылі стаць гімнасткамі. Ірына Шылава была адной з іх: тры гады яна наведвала секцыю гімнастыкі, пакуль аднойчы не трапіла ў цір.
Кулявая стральба толькі на першы погляд з’яўляецца простым і аднастайным заняткам: у гэтым відзе спорту шмат таямніц і сакрэтаў, якія паддаюцца не кожнаму. Трэнер Барыс Адамавіч Грынь заўважыў добрыя даныя Ірыны Шылавай, аднак назначыў ёй выпрабавальны тэрмін, каб праверыць гатоўнасць да штодзённых трэніровак. Праз месяц заняткаў Ірына прадэманстравала выдатныя вынікі кантрольнай стральбы і прыняла ўдзел у першых спаборніцтвах. Праз два гады вучаніца Барыса Грыня стала майстрам спорту і выдатна выступала на Усесаюзнай спартакіядзе школьнікаў, Усесаюзных спартыўных гульнях моладзі. У 1982 г. Ірына Шылава выйграла тытул чэмпіёнкі СССР у малакаліберным стандарце. Ад спартсменкі чакалі выдатных вынікаў і на міжнародных спаборніцтвах. Аднак наступныя чатыры гады сталі адным з самых цяжкіх і безвыніковых перыядаў у яе кар’еры.
У 1986 г. Ірына Шылава зноў напомніла аб сабе: стала чэмпіёнкай СССР, устанавіла некалькі ўсесаюзных рэкордаў. Спартсменка наладзіла супрацоўніцтва з заслужаным трэнерам СССР Віктарам Авілавым, які дапамагаў ёй рыхтавацца да Алімпіяды. Для таго, каб трапіць у склад алімпійскай зборнай, Ірына прайшла доўгі шлях: выйграла шэраг адборачных турніраў, з двума новымі рэкордамі перамагла на чэмпіянаце краіны.
У верасні 1988 г. у першы дзень Гульняў ХХV Алімпіяды ў Сеуле Ірына Шылава ў напружанай барацьбе апярэдзіла спартсменак з Аўстрыі, Балгарыі, Германіі, Кітая, Канады, Злучаных Штатаў Амерыкі, устанавіла новы алімпійскі рэкорд у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і стала першай уладальніцай залатой алімпійскай ўзнагароды.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.