Васіль Паўлавіч Энгельгарт нарадзіўся ў в. Кустовічы Гродзенскай губерні ў шляхецкай сям’і швейцарскага паходжання. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім вучылішчы правазнаўства, пасля заканчэння якога ў 1847 г. паступіў на дзяржаўную службу. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1853 г. шмат вандраваў, а праз некалькі гадоў пасяліўся ў Дрэздэне (Германія).
Знаходзячыся ў Дрэздэне, В.П. Энгельгарт прыступіў да сур’ёзных заняткаў астраноміяй, якой захапіўся яшчэ ў маладосці. У прыгарадзе Дрэздэна, Пільніцы, ён пабудаваў невялікі павільён, дзе ўсталяваў прылады для правядзення астранамічных вымярэнняў. Тут пад кіраўніцтвам прафесара Лейпцыгскага ўніверсітэта і дырэктара Лейпцыгскай абсерваторыі К.Х. Брунса даследчык на практыцы пачаў вывучаць метады і прыёмы астранамічных вымярэнняў. У 1879 г. на ўласныя сродкі ён пабудаваў новую астранамічную абсерваторыю з трохпавярховай вежай і мерыдыяннай залай. Па абсталяванні, прыладах і памерах абсерваторыя была адной з лепшых у Еўропе. З гэтага моманту і да 1897 г. В.П. Энгельгарт асабіста вёў сістэматычныя астранамічныя назіранні. Ён вывучаў каметы, малыя планеты, падвоеныя зоркі, туманнасці, зоркавыя скопішчы. Вынікі сваёй працы даследчык аператыўна публікаваў у астранамічным часопісе “Astronomische Nachrichten” (больш за 100 артыкулаў). Таксама склаў каталог туманнасцей (больш за 400) і выдаў зборнік матэрыялаў сваіх даследаванняў у трох тамах пад назвай “Назіранні” (1886–1895). У 1897 г. у сувязі з пагаршэннем стану здароўя В.П. Энгельгарт спыніў сваю даследчыцкую працу, а ўсе астранамічныя інструменты, абсталяванне і сваю навуковую бібліятэку перадаў у карыстанне Казанскаму ўніверсітэту. Гэта акалічнасць дазволіла пабудаваць у 1899 г. каля Казані новую абсерваторыю (з 1903 г. яна насіла імя Энгельгарта). Уклад В.П. Энгельгарта ў астранамічную навуку быў высока адзначаны – ён быў абраны ганаровым доктарам астраноміі Казанскага ўніверсітэта (1889), членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук (1890). У 1970 г. рашэннем Міжнароднага астранамічнага саюза аднаму з кратараў на Луне было прысвоена імя выдатнага даследчыка.
Акрамя астраноміі В.П. Энгельгард захапляўся музыкай, выдатна іграў на фартэпіяна і аргане, быў знаёмы са многімі кампазітарамі таго часу, прымаў удзел у хатніх канцэртах. У сямідзесяцігадовым узросце ён захапіўся ваеннай гісторыяй Расійскай Імперыі. Васіль Паўлавіч дасканала вывучыў матэрыялы, звязаныя са знакамітым швейцарскім паходам А. Суворава 1799 г., сабраў калекцыю прыватных рэчаў палкаводца, дакументаў і расказаў пра яго. Сабраныя матэрыялы (ядры, зброя з месцаў баёў, мэбля з дамоў, дзе спыняўся Сувораў і інш.) ён у 1902 г. перадаў у Сувораўскі музей у Санк-Пецярбургу (зараз Дзяржаўны мемарыяльны музей А.В. Суворава). На шляху швейцарскага пахода праз Альпы даследчык на ўласныя сродкі усталяваў помнікі і мемарыяльныя дошкі ў гонар славутага палкаводца.
Памёр В.П. Энгельгарт у маі 1915 г., пахаваны ў Дрэздэне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.