Дата рождения:
15.05.1941 Морач, в., Клецкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
мовазнавец, педагог, даследчык актуальных пытанняў мовы мастацкай літаратуры і культуры маўлення, аўтар вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай школы, шэрага манаграфій і слоўнікаў-даведнікаў
Псевдонимы:
Мікола Бабраўнічы
Варианты имени:
Абабурка Мікалай Васілевіч
Имена на других языках:
Абабурко Николай Васильевич (русский);
5480 символов
Справка
Значны ўклад у развіццё беларускай лінгвістычнай навукі і навукова-метадычнай працы ўнёс вучоны-мовазнавец Мікалай Васілевіч Абабурка. Яго імя добра вядома навуковай грамадскасці Беларусі, настаўнікам, выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі, студэнтам і стаіць у адным шэрагу з такімі імёнамі, як М. Г. Булахаў, А. М. Булыка, А. А. Каўрус, І. Я. Лепешаў, В. У. Мартынаў, А. Я. Міхневіч, В. Д. Старычонак і інш.
Нарадзіўся М. В. Абабурка ў в. Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1958 г. скончыў Заастравецкую сярэднюю школу. Потым тры гады працаваў у калгасе. У 1961 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ), які скончыў у 1966 г. У 1966–1969 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай мовы БДУ. Абараніў у 1971 г. кандыдацкую дысертацыю на тэму «Диалектная лексика в белорусской советской художественной прозе», у 2001 г. доктарскую дысертацыю на тэму «Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры». У 1996 г. прысвоена вучонае званне прафесара. З 1970 г. працуе ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова (у 1973–1983 гг. быў загадчыкам кафедры беларускай мовы).
Навукова-даследчай працай М. В. Абабурка пачаў займацца яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце: удзельнічаў у разнастайных студэнцкіх канферэнцыях, рыхтаваў конкурсныя працы, штогод выязджаў у дыялекталагічныя экспедыцыі па зборы лексікі мінска-маладзечанскіх гаворак. Ён даследуе мову мастацкай літаратуры, лексіку беларускай літаратуры і дыялектнай мовы, стылістыку, культуру мовы, пытанні параўнальнай граматыкі моў, тэрміналогію. Мікалай Васілевіч Абабурка – аўтар больш за 40 кніг і 200 навуковых публікацый. Сярод іх – манаграфіі «Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры» (2000), «Беларуская лінгвістычная паэтыка і тэксталогія» (2008), «Сучасны літаратурна-мастацкі расповед» (2011, у суаўтарстве), «Паэтыка беларускай мастацкай літаратуры XX ст.» (2014, у суаўтарстве); вучэбныя дапаможнікі «Тэарэтычныя асновы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі» і «Практычныя асновы беларускай лінгвістычнай паэтыкі і тэксталогіі» (2003), «Адметнасці ў стылі і мове твораў В. Быкава» (2004, у суаўтарстве), «Лінгвістыка тэксту» (2008); слоўнікі «Слоўнік-даведнік асноўных лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў» (1998), «Лінгвастылістычныя і тэксталагічныя тэрміны» (2011), «Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў» (2012, у суаўтарстве); вучэбна-метадычныя дапаможнікі «Рознастылёвыя тэксты і іх аналіз» (2010), «Вывучэнне мовы твораў Аркадзя Куляшова» (2014), «Размежаванне часцін мовы і іх граматычных форм» (2015) і інш. Першай спробай выяўлення і сістэматызацыі дыялектных слоў у творах беларускіх празаікаў ХХ ст. стаў слоўнік-даведнік «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў» (1979). У метадычнай працы «Пытанні і заданні па курсе “Лінгвістычны аналіз тэксту”» (1980) падаюцца прыблізныя схемы разбору паэтычных, празаічных і драматургічных тэкстаў, самі тэксты ці ўрыўкі з іх, а таксама пытанні і заданні для самападрыхтоўкі і самакантролю студэнтаў. Беларускай лексікалогіі і методыцы выкладання лексікалогіі ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе прысвечана манаграфія «Беларускае слова і яго вывучэнне» (1986). Шляхі фарміравання беларускай вершаванай і празаічнай мовы адлюстраваны ў працы «Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры» (1987). Шмат увагі вучоны аддае ўзаемадзеянню вусна-гутарковага і кніжна-пісьмовага маўлення ў мове літаратурна-мастацкіх тэкстаў беларускіх пісьменнікаў. Параўнальны і супастаўляльны аналіз беларускай і рускай моў як у дыяхранічным, так і сінхранічным планах праводзіцца ў навучальным дапаможніку «Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў» (1992). Тэарэтычныя і метадычныя рэкамендацыі, узоры аналізу паэтычных, празаічных і драматургічных тэкстаў ці ўрыўкаў з іх, а таксама схемы такога аналізу змешчаны ў дапаможніку «Асновы лінгвістыкі літаратурна-мастацкага тэксту» (1997). У навучальным дапаможніку «Ад гутарковай мовы да літаратурна-мастацкага тэксту: на матэрыяле твораў М. Зарэцкага» (2005, у суаўтарстве) даследуюцца элементы вусна-гутарковага маўлення беларусаў і паказваецца іх роля ва ўтварэнні літаратурна-мастацкага выказвання. У кнізе «Лінгвістыка тэксту» (2008) раскрываюцца прадмет, змест і задачы спецдысцыпліны, паказваецца яе сувязь з іншымі навучальнымі дысцыплінамі, падаюцца звесткі з гісторыі станаўлення і развіцця лінгвістыкі розных тэкстаў у старажытнай і сучаснай Беларусі. У працы «Стылізаваныя і сінтэзаваныя тэксты: кантэксталагічны аналіз» (2010) паказваецца сутнасць сінтэзавання і стылізацыі тэкстаў пад вуснае ці пісьмовае маўленне пераважна ў літаратурна-мастацкіх творах. Вызначаюцца шляхі, метады і прыёмы аналізу стылізаваных тэкстаў на занятках па лінгвістыцы тэксту. Апісанню моўна-выяўленчых і стылістычных сродкаў старой і новай беларускай мовы прысвечана манаграфія «Паэтыка беларускай літаратуры XVI–XIX стст.» (2011).
Мікалай Васілевіч вядомы як майстар мастацкага слова. Выступае пад літаратурным псеўданімам Мікола Бабраўнічы. Яго апавяданні, мініяцюрныя замалёўкі, эсэ публікуюцца ў беларускіх часопісах і газетах. Працы М. В. Абабуркі каштоўныя тым, што ў іх вывучаецца спецыфіка мовы беларускай мастацкай літаратуры і яе значэнне для фарміравання нормаў беларускай літаратурнай мовы ўвогуле. За сваю навукова-педагагічную дзейнасць мовазнавец узнагароджаны шматлікімі падзякамі і ганаровымі граматамі.