Творчы шлях знакамітага беларускага кінадакументаліста Анатоля Іванавіча Алая быў няпросты. Але аднойчы, “захварэўшы” на кіно і абраўшы сабе менавіта такі лёс, ён ужо ніколі не шкадаваў аб сваім выбары.
Нарадзіўся А. Алай у вёсцы Новы Быхаў Магілёўскай вобласці. Яшчэ ў дзяцінстве хлопчык захапіўся кіно. Магчыма, гэта адбылося пасля знаёмства і сяброўства з мясцовым кінааператарам, а магчыма, пасля прыезду ў школу, дзе вучыўся А. Алай, кіназдымальнай групы з Мінска, якая вельмі яго ўразіла. Пасля пераезду ў Мінск будучы аператар і рэжысёр часта наведваўся да Чырвонага касцёла, дзе ў той час размяшчалася Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, каб мець магчымасць хоць здалёк убачыць, як робіцца кіно. Там А. Алай пазнаёміўся з тэхработнікамі, якія дапамаглі яму выпісаць часовы пропуск. З гэтага часу кожную свабодную хвіліну ён праводзіў на кінастудыі: працаваў у асвятляльнай брыгадзе, устанаўліваў прыборы, маляваў насценгазеты, выконваў любую работу. Яго намаганні заўважылі і ў 1961 г. прынялі на кінастудыю “Беларусьфільм”. Анатоль Іванавіч спачатку працаваў асістэнтам аператара, пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ (1972) доўгі час быў аператарам. У якасці аператара ён зняў больш за сто дакументальных фільмаў. Але пасля таго, як зразумеў, што адной кінакамеры яму не хапае, асвоіў прафесію рэжысёра і ў 1988 г. дэбютаваў з яркім поўнаметражным фільмам “Не плачце па мне...” пра мастака Аляксандра Ісачова.
Галоўнай тэмай творчай дзейнасці А. Алая з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Цікавасць да яе праявілася яшчэ падчас напісання дыпломнай працы, у якой будучы рэжысёр апісваў падзеі барацьбы з фашызмам у беларускім дакументальным кіналетапісе. Але галоўнай прычынай было тое, што ваеннае ліхалецце непасрэдна адбілася на яго лёсе. Анатоль Алай не памятае свайго бацькі, які быў ваенурачом і згінуў без звестак пасля жорсткіх баёў на Беластоцкім выступе. Ён жадаў высветліць лёс бацькі ці знайсці яго магілу. На жаль, мара рэжысёра не здзейснілася, але вынікам яго пошукаў стаў фільм “Яго схавалі ў шар зямны” (1989, прэмія Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 1991), прысвечаны бацьку. У час працы над ім адбылося знаёмства аўтара з удзельнікамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны. Фільмы А. Алая па-свойму унікальныя. З аднаго боку, усе яны зняты сэрцам: у кожнай новай стужцы рэжысёр дакранаецца да лёсу сваіх герояў, лічыць, што іх трэба палюбіць і зрабіць усё магчымае, каб чалавек хацеў раскрыцца і нават паспавядацца перад аб’ектывам камеры. З другога боку, А. Алай ніколі не дае суб’ектыўнай ацэнкі падзеям, грунтуючы свае фільмы толькі на правераных фактах. Пачынаючы работу над новай стужкай, рэжысёр карпатліва вывучае архіўныя матэрыялы, адшуквае сведкаў падзеі, кансультуецца з прафесіяналамі. Пошук неабходнай інфармацыі А. Алай вядзе грунтоўна, з веданнем справы, у чым яму дапамагае адукацыя журналіста.
Фільмаграфія А. Алая як рэжысёра ўключае шэраг фільмаў, якія выклікалі вялікі грамадскі рэзананс. Сярод іх такія стужкі, як “Марынеска” (1990), “Чорны шлях” (1992, з Германіяй, Літаратурная прэмія імя А. Адамовіча, 1992), “Адрынуты” (1993), “Салдаты Італіі” (2002, з Італіяй), “Чырвоны д’ябал” (2004), “Сустрэча на Эльбе” (2005), “Чарнобыльскі крыж” (2006), “Уладзімір Бядуля” (2007), “Панцеляймон Панамарэнка” (2008) і інш. Памяць аб гістарычных падзеях ХХ ст. у стужках А. Алая спалучаецца з асаблівай увагай да асобы і высокай чалавечай годнасці. На думку рэжысёра, чалавек – гэта галоўная каштоўнасць і гістарычная мерка ўсіх эпох. Па гэтай прычыне героі А. Алая – яркія асобы з незвычайным лёсам, біяграфіі якіх заўсёды выклікаюць эмацыянальны водгук у гледачоў. Менавіта такім прадстае перад намі герой фільма “Чырвоны д’ябал” Іван Фёдараў – лётчык-легенда, які, нягледзячы на дзёрзкія подзвігі, доўгі час заставаўся невядомым. У час Вялікай Айчыннай вайны ён камандаваў лётчыкамі-штрафнікамі, збіў 134 самалёты праціўніка, здзейсніў шэсць таранаў. Паспяхова выконваў самыя складаныя заданні і не згубіў ніводнага самалёта. За мужнасць і гераізм І. Фёдарава назвалі “чырвоным д’яблам”. Бескампрамісныя і часам нават жорсткія фільмы А. Алая прымушаюць думаць, прывабліваюць шчырасцю і праўдай. Ствараючы да 20-годдзя катастрофы на ЧАЭС відэафільм “Чарнобыльскі крыж”, рэжысёр адкінуў убок эмоцыі і даў слова навукоўцам і спецыялістам – людзям, жыццё якіх увесь гэты час было звязана з вырашэннем праблем, выкліканых чарнобыльскай бядой.
Анатоль Іванавіч Алай з’яўляецца выдатнікам кінематаграфіі СССР (1972), лаўрэатам прызоў міжнародных кінафестываляў, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (2008), яму прысуджаны Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2005), спецыяльны дыплом “За вяртанне забытага імя і ўзбагачэнне культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі” (за кінастужку “Пётр Конюх”, 2008).
Творчае крэда кінапубліцыста А. Алая – насуперак усяму дайсці да ісціны. Рэжысёр імкнецца вярнуць гістарычную справядлівасць, заўжды сказаць праўду пра сваіх герояў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.