Сяргей Ягоравіч Анцішын – беларускі гітарыст, аранжыроўшчык. Нарадзіўся ў Мінску. Першыя ўрокі ігры на гітары атрымаў ад бацькі, які добра валодаў інструментам. З часам Сяргей Анцішын асвоіў бас-гітару, банджа, домру, ударныя і інш. З 1985 па 1988 г. вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). З сярэдзіны 1980-х гг. ужо выступаў у Мінскім джаз-клубе. Прафесійную музычную кар'еру пачаў у маладзёжнай студыі «Песняры» ў 1987 г., а з 1988 г. (з перапынкам) ён саліст і аранжыроўшчык Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Адначасова супрацоўнічаў з джаз-групай «Apple Tea», групамі «Сястра» А. Шадзько і «Flat», Ю. Антонавым, выступаў у складзе гітарнага дуэта «Алегрыас», групы «Acoustic Band», трыа джаз-рока «Geeteeks Band», «Ячменны Солад», з'яўляўся ўдзельнікам і аранжыроўшчыкам групы «Лякарства ад меланхоліі». Сяргей Анцішын актыўна працуе як студыйны музыкант. У яго рэпертуары музыка розных стыляў: джаз, блюз, кантры, фламенка і інш. Акрамя канцэртаў у складзе розных груп, часта выступае ў клубе «Графіці», на малой сцэне канцэртнай залы «Мінск».
Сяргей Анцішын аўтар шэрагу музычных альбомаў: у складзе групы «Сястра» – «Я буду ждать» (1998), «Моё!» (1999), «Не смотря ни на что» (2000), «Вход к себе» (2001), «Деликатесы №1» (2002), «Диагноз» (2003), «Надеждин пароль» (2004), «Тайга» (2007); у складзе «Алегрыас» – «Вечерняя самба» (2000); у складзе «Лякарства ад меланхоліі» – «Прости-прощай» (2004), «Ломтик манго» (2007), «Without...» (2008); у складзе «Acoustic Band» – «Red Sunset» (2005), «How Deep Is...» (2008). Таксама ён аўтар сольных альбомаў «Прочти любовь» (2007), «Летний дождь» (2008). Неаднаразова музыкант удзельнічаў у фестывалях «Славянскі базар» (Віцебск), «Залаты шлягер» (Магілёў), Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі (Маладзечна).У 1998 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».