Дата рождения:
26.11.1961 Ляскавічы, вёска, Акцябрскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
рэжысёр і сцэнарыст дакументальнага кіно, член Еўрапейскай кінаакадэміі, лаўрэат прэміі Беларускай федэрацыі прафсаюзаў (2001), прызёр нацыянальных і міжнародных кінафестываляў
Имена на других языках:
Аслюк Виктор Николаевич (русский);
3134 символа
Справка
Адным з прызнаных лідараў сучаснага беларускага дакументальнага кіно з’яўляецца рэжысёр і сцэнарыст Віктар Мікалаевіч Аслюк.
Нарадзіўся ён у в. Ляскавічы Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. У 1984 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, некаторы час працаваў у школе. У 1989 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Рэжысуры дакументальнага кіно вучыўся ў майстэрні В. Дашука. Яго дыпломнай работай стала кінастужка «Слёзы блуднага сына» (1994), у якой пачынаючы рэжысёр у арыгінальнай жанрава-стылістычнай манеры ўзнавіў далёкія гістарычныя падзеі і паразважаў над лёсам беларусаў.
З 1995 г. В. Аслюк працуе на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», здымае фільмы ў аб’яднанні «Летапіс» і «Белвідэацэнтры». За амаль тры дзесяцігоддзі сваёй творчасці Віктар Мікалаевіч стаў рэжысёрам і сцэнарыстам больш чым 40 дакументальных кінастужак. У цэнтры ўвагі знятых ім кінакарцін – цесная сувязь з культурнымі традыцыямі беларускага народа, яго літаратурай, жывапісам, музыкай, гісторыяй, рэлігіяй, духоўныя праблемы моладзі, пошукі сучаснікамі маральных каштоўнасцей. Абагульнены партрэт старых вясковых жанчын у вобразна-метафарычнай форме прадстаўлены ў кінастужцы «Мы жывём на краі» (2002), якая атрымала больш за 20 фестывальных узнагарод, у тым ліку прыз Еўрапейскай акадэміі кінамастацтва 2003 г. за лепшы кароткаметражны фільм. Сярод іншых кінакарцін майстра – «Невядомая вайна» (1992), «Казка пра горад Копысь» (1997), «Край тужлівых песень» (1998), «Кола» (2003), «Полацк» (2009) і інш. Творчасці вядомых беларускіх дзеячаў культуры прысвечаны фільмы «Мроі» (1995), «Фёдар Шмакаў. Фрагменты…» (1998), «Колас вечна будзе жыць» (2002), «Андрэй» (2010). Знакавым для айчыннага кінематографа стаў фільм «Янка Купала» (2017), у якім рэжысёр паспрабаваў асэнсаваць значэнне яго паэтычнай спадчыны.
Любімая тэма ў творчасці рэжысёра – стварэнне псіхалагічнага партрэта вонкава непрыкметнага чалавека ў кантэксце сучаснага грамадства. Кінастужка «Андрэевы камяні» (1999) расказвае аб інвалідзе, які жыве ў вёсцы і марыць высечы надпісы на камянях, фільм «Чорнае і белае» (2001) – аб ветэрынары, які лечыць не толькі жывёлін, але і чалавечыя душы, кінакарціна «Марыя» (2008) – аб вясковай жанчыне, якая калісьці была перадавой камбайнеркай. Сярод іншых фільмаў-партрэтаў – «Добры вечар, сад, сад…» (1998), «Шахта» (2003), «Вальс» (2008), «Драўляны народ» (2011), «Цяпло» (2012), «Шчаслівыя людзі» (2014), «Педагагічная паэма» (2015), «Абход» (2019) і інш. Рэжысёр здымае таксама і ігравое кіно (поўнаметражны фільм «Нябачаны край» (2006, паводле апавядання М. Зарэцкага «Ой, ляцелі гусі…») і кароткаметражная кінастужка «Рускі» (2013, паводле аднайменнай навелы М. Гарэцкага). Кожная яго работа становіцца сапраўднай падзеяй, выклікае цікавасць у калег, крытыкаў і гледачоў.
Віктар Аслюк з’яўляецца шматразовым лаўрэатам прэстыжных міжнародных кінафестываляў. У 2001 г. ён быў узнагароджаны прэміяй Беларускай федэрацыі прафсаюзаў, у 2003 г. – выбраны членам Еўрапейскай акадэміі кінамастацтва.