На працягу ўсяго гістарычнага развіцця грамадства вучоныя розных краін уносілі свой уклад у асваенне касмічнай прасторы. Многія ўраджэнцы Беларусі працавалі канструктарамі, даследчыкамі, інжынерамі, выпрабавальнікамі не толькі на сваёй радзіме, але і ў вышэйшых навуковых установах, лабараторыях, на касмадромах, касмічных караблях і станцыях Расіі і іншых краін. Вядомым вучоным у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі быў Міхаіл Іванавіч Барысенка.
Нарадзіўся ён у в. Глыбоцкае Гомельскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут на факультэт радыётэхнікі (у 1941 г. скончыў яго на выдатна). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны М.І. Барысенка прайшоў паскораны курс ваеннага вучылішча імя Вярхоўнага Савета РСФСР, затым быў накіраваны ў 8-ю гвардзейскую ваенна-дэсантную дывізію. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, Варонежскім, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Акрамя ўдзелу ў баях забяспечваў боегатоўнасць і спраўнасць работы рацый і радыёсувязі камандавання з падраздзяленнямі. Пасля дэмабілізацыі (у званні старшага лейтэнанта) пачаў працаваць у новым перспектыўным напрамку – ракетным.
З 1946 г. М.І. Барысенка з'яўляўся канструктарам, затым галоўным канструктарам Маскоўскага навукова-даследчага інстытута Міністэрства прамысловасці сродкаў сувязі СССР (НДІ-885). Займаўся аднаўленнем трафейных прыбораў і тэхнічнай дакументацыі нямецкай сістэмы бакавой радыёкарэкцыі (БРК) для ракет «Фау-2». Восенню 1947 г. на палігоне «Капусцін Яр» М.І. Барысенка стаў удзельнікам вопытных пускаў гэтых ракет. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены частковая распрацоўка і выраб вузлоў і антэн наземнай станцыі кіравання і дакладная сумесная яе адпрацоўка з бартавым прыёмнікам; распрацоўка для ракет Р-1 і Р-2 сваёй сістэмы БРК. У 1952 г. пад кіраўніцтвам М.І. Барысенкі пачала распрацоўвацца новая кампактная і дакладная сістэма кіравання для міжкантынентальных балістычных ракет, уключаючы легендарную Р-7, якая магла несці тэрмаядзерную зброю (у навуцы вядомая пад назвай «каралеўская сямёрка»). Дзякуючы ёй упершыню ў свеце былі ажыццёўлены запускі штучных спадарожнікаў Зямлі; аўтаматычных міжпланетных станцый да Луны, Венеры, Марса; касмічнага карабля «Усход» з першым касманаўтам Ю.А. Гагарыным на борце. У аснове ўсіх гэтых дасягненняў – розум, карпатлівая праца, настойлівасць і эксперыменты М.І. Барысенкі і яго калег. У 1957 г. вучоны атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, у 1958 г. стаў доктарам тэхнічных навук.
З 1963 г. М.І. Барысенка працаваў у НДІ прыборабудавання спачатку начальнікам аддзялення, затым намеснікам галоўнага канструктара, галоўным інжынерам, намеснікам дырэктара. Займаўся распрацоўкай камандна-вымяральных сістэм «База» і «Тамань» з уласнымі ЭВМ для кіравання касмічнымі апаратамі ваеннага назначэння «Цыклон» і «Сфера». Так пачыналі закладвацца асновы айчыннай глабальнай навігацыйнай сістэмы «Глонас». Адначасова ён актыўна працаваў на кафедры «Радыёсістэмы кіравання і перадачы інфармацыі» Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. У 1965 г. М.І. Барысенка стаў прафесарам. Ім былі напісаны навуковыя працы, у якіх аўтар абагульніў высокія практычныя вынікі даследаванняў. Асабліва значнымі з’яўляюцца «Опыт работы молекулярного генератора на ИСЗ» (разам з М.Г. Басавым) у кнізе «Космические исследования» (т. 5, 1967) і «Особенности построения радиосистем для космических аппаратов» (1969).
У Маскоўскім радыётэхнічным інстытуце Міністэрства прамысловасці сродкаў сувязі, у якім з 1975 г. М.І. Барысенка быў дырэктарам і галоўным канструктарам, вяліся навуковыя працы па касмічнай і лазернай сувязі, стварэнні ракетна-касмічнай радыёэлектронікі. Пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі інстытута займаліся праблемамі ўкаранення лазерна-аптычных сістэм для ракетна-касмічнай тэхнікі і кантролю касмічнай прасторы з мэтай забеспячэння абараназдольнасці СССР, краін садружнасці, а таксама бяспечнасці арбітальных палётаў. Прыкладам таму можа служыць ваенны аб'ект «Сірыус» ва Узбекістане – у той час самы дасканалы ў свеце. У лабараторыях і на вытворчай базе інстытута былі створаны ўнікальныя антэнныя бартавыя сістэмы «Біруза» і «Малахіт» для арбітальных касмічных станцый.
Работа М.І. Барысенкі мела ў асноўным сакрэтны характар. Таму яго заслугі ў асваенні касмічнай прасторы доўгі час былі вядомы невялікай колькасці людзей, галоўным чынам спецыялістам у гэтай галіне. У 1960 г. вучоны ўдастоены Ленінскай прэміі, у 1978 г. Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1981 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1957), Чырвонай Зоркі і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944), Айчыннай вайны 2-й ступені (1945), медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.