Беларускі рэжысёр тэатра, адзін з заснавальнікаў жанру пантамімы ў Беларусі Тадэвуш Генрыхавіч Бекіш нарадзіўся ў Гродне. Яшчэ ў дзяцінстве ён амаль згубіў слых. Спачатку Тадэвуш наведваў школу для глухіх дзяцей у Навагрудку, пасля быў пераведзены ў Мінск, дзе стаў наведваць школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху (цяпер Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 г. Мінска для дзяцей з парушэннем слыху»). Падчас навучання ў школе-інтэрнаце Тадэвуш Бекіш захапіўся клаўнадай. Аднойчы яго выступленне на школьным канцэрце адзначыў таленавіты беларускі мім Фелікс Шлімовіч. Ад яго Тадэвуш атрымаў запрашэнне ў студыю пантамімы пры Рэспубліканскім Палацы культуры імя М.П. Шарко Беларускага таварыства глухіх. З 1971 г. Тадэвуш Бекіш пачаў заняткі ў студыі, дзе яго настаўнікам стаў знакаміты рэжысёр Уладзімір Колесаў. З цягам часу юнак стаў вядучым акцёрам Народнага тэатра пантамімы «Рух» Палаца культуры імя М.П. Шарко, а ў 1980 г. узначаліў гэты калектыў.
Дзякуючы працы маладога рэжысёра грунтоўна ўзбагаціўся рэпертуар Народнага тэатра пантамімы: адбываліся пастаноўкі п’ес класікаў беларускай і замежнай літаратуры, фальклорных замалёвак, ставіліся аўтарскія пантамімы, спектаклі і шоу-кабарэ. Пад кіраўніцтвам Т. Бекіша былі пастаўлены спектаклі «Жыццё працягваецца» (1988, разам з У. Колесавым), «Люстэрка» паводле замалёвак Х. Бідструпа (1990; абодва спектаклі атрымалі Гран-пры Міжнароднага фестывалю пантамімы ў Чэхіі), «Курган» паводле паэмы Я. Купалы (1985), «Шоу-кабарэ «I Love You» (1999). Тадэвуш Бекіш – рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар пантамім «Экалогія – Чарнобыль» (1996), «СНІДу – не!» (1998; абедзве пастаноўкі ўзнагароджаны Гран-пры Міжнароднага фестывалю пантамімы ў Чэхіі), сцэнічнага нумара «Павуцінне» (2002) і інш. Дзякуючы яго намаганням калектыў тэатра пантамімы Палаца культуры імя М.П. Шарко неаднаразова станавіўся лаўрэатам усесаюзных фестываляў самадзейнага мастацтва і прэстыжных міжнародных конкурсаў, а сам рэжысёр неаднаразова быў адзначаны дыпломамі за лепшыя ролі і рэжысёрскую работу. Тадэвуш Бекіш заўсёды шукае новыя накірункі ў творчасці, таленавіта спалучае класічную пантаміму з мім-клаўнадай і жанравымі пастаноўкамі. Штогод Народны тэатр пантамімы «Рух» рыхтуе новы спектакль, шэраг новых нумароў пантамімы і клаўнады.
Шмат увагі надае Тадэвуш Генрыхавіч выхаванню маладога пакалення: доўгі час ён працуе з Узорным дзіцячым калектыве пантамімы «Спадарожнік» і моладзевай студыяй клаўнады «Жартачкі». Пад яго кіраўніцтвам гэтыя калектывы шматразова станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў пантамімы.
За высокае прафесійнае майстэрства, значны ўклад у прапаганду нацыянальнай культуры Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Тадэвушу Бекішу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» (1998).
Сёння Тадэвуш Бекіш акрамя работы ў тэатры ўзначальвае спартыўны клуб ветэранаў Беларускага таварыства глухіх, дзе займаецца баскетболам, футболам, валейболам, разам са сваёй камандай прымае ўдзел у розных міжнародных спартыўных спаборніцтвах у Расіі, Польшчы, Эстоніі, на Украіне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.