Дата рождения:
24.08.1946 Даманава, в., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
31.07.2011
Краткая справка:
вучоны ў галіне педагогікі, арганізатар падрыхтоўкі спецыялістаў сферы культуры, дзяржаўны дзеяч, заслужаны работнік адукацыі Беларусі, выдатнік адукацыі Беларусі, уладальніца знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі"
Имена на других языках:
Григорович Ядвига Доминиковна (русский);
3855 символов
Справка
Адметнае месца сярод беларускіх педагогаў займала Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч, доктар педагагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, адна з заснавальнікаў беларускай школы сацыякультурнай дзейнасці.
Нарадзілася будучая даследчыца ў в. Даманова Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Прафесійную адукацыю атрымала на літаратурна-музычным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1969). Вучылася ў аспірантуры Навукова-даследчага інстытута мастацкага выхавання Акадэміі педагагічных навук СССР (1971–1974). У 1974 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Формирование литературно-художественных интересов учащихся старших классов: (на материале лирики Янки Купалы)», у 2002 г. – доктарскую на тэму «Фарміраванне эстэтычнай накіраванасці студэнтаў у працэсе падрыхтоўкі да прафесійнай сацыякультурнай дзейнасці». З 1969 па 1982 г. Я.Д. Грыгаровіч працавала ў Навукова-даследчым інстытуце педагогікі Міністэрства адукацыі БССР, спачатку малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам, пазней узначаліла створаную па яе ініцыятыве лабараторыю эстэтычнага выхавання, была загадчыкам аддзела камуністычнага выхавання. Менавіта на базе новага структурнага падраздзялення інстытута пачала распрацоўваць канцэпцыю эстэтычнага развіцця, якая вызначыла ўвесь яе навуковы шлях.
З 1982 г. дзейнасць Я.Д. Грыгаровіч звязана з Мінскім інстытутам культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Першапачаткова яна ў якасці дацэнта кафедры педагогікі чытала лекцыйныя курсы псіхолага-педагагічных дысцыплін, пазней узначаліла кафедру педагогікі сацыякультурнай дзейнасці. У 1992 г. прызначана прарэктарам, і ў хуткім часе заняла пасаду рэктара. У 1994 г. скончыла аддзяленне англійскай мовы для спецыялістаў Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). У 1995 г. Я.Д. Грыгаровіч прысвоена вучонае званне прафесара. За гады кіраўніцтва ўніверсітэтам яна карэнным чынам рэфармавала вучэбна-выхаваўчы працэс, ініцыявала адкрыццё шэрага спецыяльнасцей па падрыхтоўцы спецыялістаў мастацка-эстэтычнай сферы, наладзіла трывалыя навуковыя, адукацыйныя і мастацкія сувязі з замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. З 2007 г. была прафесарам кафедры псіхалогіі і педагогікі.
Тэарэтычная спадчына Я.Д. Грыгаровіч адлюстравана ў шматлікіх навуковых працах і вучэбна-метадычных дапаможніках, прысвечаных тэорыі і методыцы эстэтычнага выхавання моладзі, сацыяльнай педагогіцы і педагогіцы сацыякультурнай дзейнасці, культуралогіі, разнастайным пытанням прафесійнай падрыхтоўкі кадраў культуры. Фундаментальнае значэнне маюць яе работы «Эстэтычная накіраванасць асобы студэнта: педагагічны аспект» (2002), публікацыі «Модель культурологического образования» (2000), «Падрыхтоўка кадраў культуры ў Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і перспектывы» (у суаўтарстве, 2001), «Социокультурная деятельность как средство воспитания личности» (у суаўтарстве, 2004), «Прыкладная культуралогія» (у суаўтарстве, 2005) і інш. Ядвіга Дамінікаўна доўгі час з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў». Была намеснікам старшыні Камісіі па сацыяльных пытаннях Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2000–2004), членам Каардынацыйнага камітэта жанчын-парламентарыяў Міжнароднага парламенцкага саюза ад Еўразійскага рэгіёна (2001–2004).
За значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры ў 1999 г. Я.Д. Грыгаровіч прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Яна ўзнагароджана нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1996), «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2005), Залатым ганаровым знакам імя Пятра Вялікага «За благородные труды» (2003), медалём прападобнай Еўфрасінні Полацкай (1996) і інш.