Імя выдатнага савецкага вучонага Анатоля Фёдаравіча Дзюбюка – аднаго з буйнейшых спецыялістаў у галіне сінаптычнай метэаралогіі і фізіцы атмасферы, удзельніка стварэння асноў сучаснага прагноза пагоды – добра вядома шырокаму колу метэаролагаў, сіноптыкаў і аэролагаў.
Нарадзіўся будучы даследчык 27 чэрвеня 1895 г. у Брэсце. У 1915 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пераехаў у г. Пераслаўль-Залескі (Расія), дзе стаў актыўным удзельнікам навукова-асветнага таварыства. Спачатку выступаў з дакладамі па вышэйшай матэматыцы, потым пераключыўся на вывучэнне атмасферы, назіраў за смерчамі, навальніцамі, віхрамі, градам, паводкамі.
З 1930 г. працаваў у Дзяржаўным геафізічным інстытуце. Найбольш поўна творчы талент вучонага раскрыўся ў перыяд яго працы ў Цэнтральным інстытуце прагнозаў (1932–1951). А. Ф. Дзюбюк праводзіў даследаванні, прысвечаныя прагнозу па мясцовым прыкметам надвор’я, выкарыстанні аэралагічных даных пры прагнозе надвор’я, праблемах утварэння ападкаў і інш. Шмат увагі надаваў пытанням вызначэння ветру і вертыкальных скарасцей па полі ціску, што знайшло потым шырокае практычнае прымяненне. Вучоны прымаў непасрэдны ўдзел у метэаралагічным абслугоўванні экспедыцыі І. Д. Папаніна на Паўночны полюс (1937–1938), транспалярных пералётаў і першых палётаў стратанаўтаў.
Навуковая дзейнасць А. Ф. Дзюбюка была непарыўна звязана з выкладчыцкай працай. Пачынаючы з 1933 г. вучоны выкладаў у Маскоўскім гідраметэаралагічным інстытуце і вышэйшых курсах павышэння кваліфікацыі сіноптыкаў, а з 1943 г. – на фізічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе чытаў лекцыі і вёў падрыхтоўку аспірантаў. У1947–1971 гг. працаваў загадчыкам кафедры фiзiкi атмасферы МДУ. З 1965 г. на кафедры існавала навуковая школа А. Ф. Дзюбюка, якая вывучала дынаміку сярэднемаштабных атмасферных працэсаў (аблокі і абцяканне гор). Пад яго кіраўніцтвам быў праведзены шэраг экспедыцый у горныя раёны Крыма і Каўказа па вывучэнні паветраных авія- і верталётных трас. Упершыню ў СССР у працы гэтых экспедыцый было арганізавана шырокае назіранне аблокаў з выкарыстаннем розных фотаграметрычных метадаў і запаволенай кіназдымкі. А. Ф. Дзюбюк праводзіў даследаванні па інтэрпрэтацыі спадарожнікавай інфармацыі пра воблачнасць, па праблемах утварэння ападкаў і інш. Праца вучонага была высока ацэнена: ён узнагароджаны прэміяй Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Акрамя навуковай і выкладчыцкай дзейнасці вучоны шмат часу аддаваў грамадскім справам. А. Ф. Дзюбюк з’яўляўся кіраўніком аддзялення таварыства “Веды” на фізічным факультэце МДУ, выступаў з дакладамі па папулярызацыі дасягненняў метэаралогіі. Даследчык пакінуў пасля сябе вялікую колькасць навуковых прац па дынамічнай метэаралогіі і фізіцы аблокаў. Узнагароджаны двума ордэнамi і медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага ў 2011 г.