Вядомым вучоным у галіне педагогікі з'яўляецца Уладзімір Трафімавіч Кабуш, які распрацаваў і ўкараніў у адукацыйную практыку канцэптуальныя асновы гуманістычнай сістэмы выхавання.
Нарадзіўся ён у г. Дуброўна Віцебскай вобласці. У 1970 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Працаваў старшым піянерважатым, дырэктарам Дома піянераў, выхавацелем школы-інтэрната, важатым піянерскага лагера «Артэк», супрацоўнікам пазашкольных устаноў і камсамольскіх органаў і інш. З 1972 г. У. Т. Кабуш працаваў у Навукова-даследчым інстытуце педагогікі, з 1978 г. – у Рэспубліканскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў Міністэрства асветы Беларусі (у 1979–1992 гг. загадваў кафедрай педагогікі і псіхалогіі). З 1992 г. займаў пасаду дэкана факультэта, загадчыка кафедры Інстытута павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў адукацыі. З 1997 г. – у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (загадчык кафедры, у 1999–2003 гг. – прарэктар па навукова-метадычнай рабоце, першы прарэктар). Зараз У. Т. Кабуш – прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1995 па 2011 г. з'яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Праблемы выхавання», а ў цяперашні час – навуковы кансультант часопіса «Народная асвета».
Галіна навуковых і практычных інтарэсаў У. Т. Кабуша – гуманізацыя адукацыйнага працэсу ў адукацыйных установах, дэмакратызацыя выхаваўчага працэсу ў сучасных адукацыйных установах, сістэма вучнёўскага самакіравання ў сярэдніх навучальных установах, дзейнасць дзіцячых грамадскіх арганізацый ў сучасных сацыякультурных умовах, этычнае выхаванне ў сістэме развіцця асобы школьніка і інш. Вучоным апублікавана больш за 250 навукова-метадычных і вучэбна-метадычных работ. Ён з'яўляецца аўтарам такіх прац, як «Воспитание школьников в условиях обновления общества» (1994), «Открытые воспитательные системы: проблемы и пути решения» (1995), «Ученическое самоуправление: теория и практика» (2-е выд., 1999), «Гуманистическая воспитательная система: теория и практика» (2001), «Самоуправление учащихся» (5-е выд, 2009). У суаўтарстве напісаны такія работы як «Гуманизация воспитательного процесса в современной школе» (2012), «Человек: индивид, личность, гражданин» (2013), «Демократизация и гуманизация воспитательного процесса» (2015), «Воспитать человека» (2015), «Сотрудничество и сотворчество субъектов гуманистического воспитательного процесса» (2016) і інш.
Навукова-даследчая і метадычная дзейнасць доктара педагагічных навук (2002), прафесара (1996), сапраўднага члена Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук (Масква, 2004), выдатніка народной асветы Беларусі (1972) адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1988), ганаровымі граматамі, медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.