Дата рождения:
02.06.1972 Асечана, в., Крупскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
спартсменка (веславанне акадэмічнае), заслужаны майстар спорту Беларусі, чэмпіёнка XXVІ і XXVІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1996, Атланта; 2000, Сіднэй), сярэбраны прызёр XXVIII летніх Алімпійскіх гульняў (2004, Афіны), бронзавы прызёр XXV летніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона) і XXIX летніх Алімпійскіх гульняў (2008, Пекін), мнагакратная чэмпіёнка свету, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Беларускі спартыўны Алімп" (2008), узнагароджана ордэнамі Пашаны (1997), Айчыны III ступені (2000), Айчыны II ступені (2004), Айчыны I ступені (2008), ганаровы грамадзянін Крупскага раёна (2006)
Фамилия в девичестве:
Хадатовіч
Варианты имени:
Карстэн Кацярына Анатольеўна; Хадатовіч Кацярына Анатолеўна
Имена на других языках:
Karsten Ekaterina (не определен); Khodotovich Ekaterina (не определен); Карстен Екатерина Анатольевна (русский); Ходотович Екатерина Анатольевна (русский);
3220 символов
Справка
Кацярына Карстэн (у дзявоцтве – Хадатовіч) нарадзілася 2 чэрвеня 1972 г. у в. Асечана Крупскага раёна Мінскай вобласці. У 1987 г. у школу, дзе вучылася будучая чэмпіёнка, прыйшоў ліст аб наборы дзяўчат у групу веславання. Крыху пазней прыехалі і трэнеры па веславанні і лёгкай атлетыцы, якіх уразіла высокая і спартыўная дзяўчына. Кацярына згадзілася на прапанову трэнера Анатоля Квяткоўскага і абрала веславанне. З першай спробы пакарыць "адзіночку" пачынаючай спартсменцы не ўдалося, таму трэнеры пасадзілі яе ў лодку-васьмёрку. Але неўзабаве Кацярына вярнулася ў адзіночны разрад. Ужо ў 1990 г. праз 3 гады пасля пачатку заняткаў, Кацярына Хадатовіч стала чэмпіёнкай свету сярод юніёрак. Праз год, на “дарослым” чэмпіянаце свету, яна заваявала “бронзу” ў двойцы парнай.
На XXV летніх Алімпійскіх гульнях 1992 г. у Барселоне Кацярына ўваходзіла ў склад экіпажа лодкі-чацвёркі, які заваяваў бронзавы медаль. На наступных XXVI летніх Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў 1996 г. у Атланце, Кацярына Карстэн выступала ўжо ў адзіночным разрадзе. У паўфінале беларуска трапіла ў адзін заезд з галоўнай фаварыткай Алімпіяды канадкай Сілкен Лаўман – бронзавым прызёрам Барселоны-92 і лідэрам сезона. Перад заездам трэнер Карстэн Анатоль Квяткоўскі прапанаваў спартсменцы схітраваць, паказаўшы суперніцы, што яна стамілася, а на фінішы рэзка паскорыцца. Такая тактыка дапамагла ёй заваяваць залаты медаль, які стаў першай узнагародай такой вартасці ў суверэннай Беларусі.
Пачынаючы з 1996 г. беларуская спартсменка 16 гадоў не сыходзіла з п'едэстала на топ-турнірах самага высокага ўзроўню – чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў. Выключэннем стаў толькі 1998 г. – год нараджэння дачкі. Вярнуўшыся ў вялікі спорт, Карстэн зноў прадэманстравала высокі клас, выйграўшы чэмпіянат свету ў 1999 г., а затым і XXVII летнія Алімпійскія Гульні 2000 г. у Сіднэі.
Пасля Алімпіяды ў Сіднэі Кацярына Карстэн па-ранейшаму была адным з лідэраў сусветнага акадэмічнага веславання і фаварытам спаборніцтваў любога ўзроўню. Аднак, трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай ёй не ўдалося стаць – на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях 2004 г. у Афінах Кацярына стала другой, саступіўшы чэмпіёнскі тытул немцы Катрын Рутшоў. Пачынаючы з 2005 г. 3 сезоны запар Карстэн атрымлівала перамогу на чэмпіянатах свету. На XXIX летніх Алімпійскіх гульнях беларуская вяслярка дадала ў скарбонку сваіх алімпійскіх узнагарод “бронзу” Пекіна.
На жаль, на шостай і сёмай ў сваёй кар'еры Алімпіядах (у Лондане ў 2012 г. і Рыо-дэ-Жанейра ў 2016 г.) Кацярына Карстэн засталася без медалёў. Тым не менш, спартсменка працягвае займацца веславаннем і далей. У канцы мая 2017 г. яна выйграла “серабро” чэмпіянату Еўропы.
За свае спартыўныя поспехі Кацярына Карстэн узнагароджана ордэнамі Пашаны і Айчыны трох ступеняў, адзначана таксама ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992), медалём “За працоўныя заслугі” (2008), ганаровай граматай Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (2010). Стала ганаровым грамадзянінам Крупскага раёна (2006) і лаўрэатам прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” (2008).
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.