Галоўным жыццёвым дэвізам для Івана Аляксеевіча Кібака – псіхолага, дзяржаўнага дзеяча Беларусі – сталі словы “З чыстым сэрцам – на дапамогу людзям!”. Менавіта ў гэтым ён бачыць сваю працу як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся будучы вучоны і палітык 12 студзеня 1963 г. у в. Новы двор Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум (1982), Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1987) і Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (1997). Працаваў на гаспадарчай і камсамольскай рабоце, з 1990 г. служыў у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў: інспектарам па справах непаўналетніх, інспектарам аддзялення выхаваўчай работы і сацыяльнай абароны асабовага складу і інш. З 1997 г. – у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі з прысуджэннем навуковай ступені кандыдата псіхалагічных навук па спецыяльнасці “Юрыдычная псіхалогія”.
У кастрычніку 2000 г. І.А. Кібак быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II склікання ад Пінскай сельскай выбарчай акругі № 15. Будучы дэпутатам, ён аб'ездзіў Пінскі край уздоўж і ўпоперак, імкнучыся не толькі спазнаць побыт і норавы палешукоў, але і з чыстым сэрцам прыйсці на дапамогу, зрабіць усё магчымае, каб захаваць Піншчыну – усю яе прыгажосць, яе таленты, дапамагчы працавітым людзям стаць шчаслівымі.
Зараз Іван Аляксеевіч працуе намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы, начальнікам аддзела маніторынгу штаба МУС Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца членам дэпутацкага аб'яднання “За союз Украины, Беларуси и России” і дэпутацкай групы “Сябры Балгарыі”.
І.А. Кібак – аўтар звыш 40 навуковых, вучэбных і вучэбна-метадычных прац па псіхалогіі і іншых дысцыплінах, некаторыя з якіх прысвечаны Пінскаму краю. Ён узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2002), медалём “80 гадоў Беларускай міліцыі” (1997), нагрудным знакам “За выдатную службу” (1996), Ганаровымі граматамі ЦК ЛКСМБ.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.