Мастацкі кіраўнік, балетмайстар, выдатны харэограф і рэжысёр Алег Сцяпанавіч Коваль нарадзіўся ў Саратаўскай вобласці Расіі. Прафесійную адукацыю атрымаў у Краснаярскім краёвым культасветвучылішчы (цяпер Краснаярскі краёвы каледж культуры і мастацтваў) і Усходне-Сібірскім дзяржаўным інстытуце культуры (цяпер Усходне-Сібірская дзяржаўная акадэмія культуры і мастацтваў). Малады спецыяліст атрымаў накіраванне ў Беларусь, дзе працаваў мастацкім кіраўніком Палаца культуры Гомельскага шклозавода (1974–1976), узначальваў маладзёжны клуб «Стальные магистрали» прафкама студэнтаў Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту (1976–1986), ажыццяўляў мастацкае кіраўніцтва Палацам культуры вытворчага аб’яднання «Гомсельмаш» (1986–1996).
Значнай падзеяй у жыцці А. Коваля стала праца з народным ансамблем танца «Полесские зори» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (1976–1986, 1996–2007). Пад яго кіраўніцтвам калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў краін СНД, ЗША, Даніі, Германіі. Алег Коваль з'яўляецца аўтарам харэаграфічных праграм «Квітней, Беларусь», «Купалаўскія ігрышчы», «Рытмы планеты», «Прывітанне, Радзіма мая», «Беларусь ты мая сінявокая», «Мой родны кут», «Сынам Радзімы», «Усе зоркі да нас», «Вайна не феерверк», «Служу Айчыне» і інш., дзіцячага спектакля «Зямля – наш дом», пастаўленага ў Нью-Йорку (у суаўт., 1991). Асаблівай любоўю гледачоў карысталіся праграмы народных танцаў «Танцы славян», «Сёння ў нашай хаце свята», «Траецкія гульні». Кожны з харэаграфічных нумароў ансамбля «Полесские зори» адрозніваўся высокім эстэтычным густам і майстэрствам выканання.
Алег Коваль увайшоў у гісторыю харэаграфіі не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй рэспублікі. Ён – аўтар ідэі і галоўны рэжысёр-пастаноўшчык першага Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага майстэрства «Сожскі карагод» (1997), рэспубліканскага свята-конкурсу «Гончарный круг» (1998), Міжнароднага фестывалю юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (2000). Алег Сцяпанавіч Коваль – арганізатар і рэжысёр свят, якія праводзіліся адміністрацыяй Чыгуначнага раёна Гомеля: «Праздник улицы Победы», «Прыгажуня», «Певческое поле» і інш.
За развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры Алегу Сцяпанавічу Ковалю ў 1998 г. было прысуджана ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Рашэннем Вучонага Савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ад 12 лістапада 2008 г. была заснавана стыпендыя імя Алега Сцяпанавіча Коваля. Стыпендыятамі становяцца студэнты БелДУТа, якія дабіліся высокіх дасягненняў у аматарскай творчасці разам з паспяховай вучобай. З 2008 г. студэнцкі клуб, якім на працягу 10 гадоў кіраваў А.С. Коваль, носіць яго імя.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.