Кузнец Сайман (сапраўднае імя Кузнец Сямён Абрамавіч)
Дата рождения:
30.04.1901 Пінск, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
09.07.1985
Краткая справка:
амерыканскі вучоны-эканаміст і статыстык, адзін з заснавальнікаў эмпірычнай эканомікі і колькаснай эканамічнай гісторыі, член Нацыянальнай АН ЗША, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1971)
Имена на других языках:
Kuznets Simon Smith (английский); Кузнец Семён Абрамович (русский);
4265 символов
Справка
У гісторыі сусветнай эканамічнай думкі імя славутага амерыканскага эканаміста Сямёна Абрамавіча Кузняца займае асобае месца. Ураджэнец Беларусі, яўрэй па нацыянальнасці, эканамічную адукацыю распачаў на Украіне, вышэйшай ступені росквіту сваёй прафесійнай і навуковай дзейнасці дасягнуў у Злучаных Штатах Амерыкі. У 1971 г. атрымаў сусветнае прызнанне, стаўшы лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі “за эмпірычна абгрунтаванае тлумачэнне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, глыбейшага разумення эканамічнай і сацыяльнай структуры і працэсу развіцця ў цэлым”.
Нарадзіўся будучы навуковец 30 красавіка 1901 г. у Пінску. У 1907 г. яго бацька адправіўся шукаць лепшай долі за акіян, мяркуючы пазней выклікаць да сябе і сям’ю. Аднак ажыццявіцца гэтаму не дазволілі бурлівыя палітычныя падзеі гэтага перыяду, а таксама распачаўшаяся ў хуткім часе Першая сусветная вайна.
Сямён Кузнец разам з маці і братам пэўны час заставаўся ў Пінску, потым сям’я пераехала на Украіну. Тут скончыў школу і рэальнае вучылішча, паступіў на юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Адначасова з навучаннем працаваў у статыстычным аддзеле Цэнтральнага савета прафсаюзаў пры ўрадзе Савецкай Украіны, дзе хутка заняў даволі высокую пасаду загадчыка бюро статыстыкі працы. У 1921 г. у даведніку “Матэрыялы па статыстыцы працы ва Украіне” надрукаваў артыкул “Грашовы заробак рабочых і служачых фабрычна-завадской прамысловасці г. Харкава ў 1920 годзе” – свой першы сур’ёзны эканамічны твор.
У 1921 г. пасля падпісання ў Рызе савецка-польскага мірнага дагавору, па якім тэрыторыі Заходняй Беларусі адыходзілі да Польшчы, сям’я Кузняцоў атрымала польскае грамадзянства і ў наступным годзе змагла адправіцца ў Нью-Ёрк. У ЗША Сямён, стаўшы Сайманам Смітам (Сміт па-англійску азначае “кузнец”), паступіў на старэйшы курс Калумбійскага ўніверсітэта, які скончыў у 1924 г. са ступенню магістра эканомікі. Праз два гады абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Цыклічныя ваганні: рознічны і аптовы гандаль ЗША, 1919–1925” і атрымаў ступень доктара філасофіі, стаўшы самым маладым прафесарам-эканамістам таго часу за гісторыю Калумбійскага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння вучобы С. Кузнец працаваў навуковым супрацоўнікам у Савеце па даследаваннях у галіне сацыяльных навук. Вынікі сваёй працы абагуліў у манаграфіі “Стогадовая дынаміка вытворчасці цэн” (1930). У 1927–1960 гг. вучоны ўзначальваў праграму па вывучэнні нацыянальнага прыбытку ў Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў ЗША. У 1949 г. быў абраны прэзідэнтам Амерыканскай статыстычнай, а ў 1954 г. – прэзідэнтам Амерыканскай эканамічнай асацыяцый. У 1950–1960-я гг. С. Кузнец з’яўляўся саветнікам урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля па эканамічных пытаннях. Адначасова выкладаў у шматлікіх універсітэтах краіны, у тым ліку ў Гарвардскім універсітэце (1960–1971), набыўшы славу найлепшага выкладчыка, здольнага раскласці любое складанае пытанне на простыя і ясныя складальныя і прыцягнуць сваіх слухачоў да непасрэднага працэсу даследавання.
Наш зямляк сваімі навуковымі пошукамі ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне сусветнай эканомікі. Агульнавядомы тэрмін “валавы нацыянальны прадукт” увёў у абарачэнне менавіта ён, а прапанаваная вучоным методыка вызначэння нацыянальнага прыбытку дагэтуль выкарыстоўваецца ў афіцыйнай статыстыцы ЗША. Права першаадкрывальніка ролі славутага “чалавечага фактару” ў развіцці эканомікі таксама належыць С. Кузняцу. Дзякуючы яму агульнапрынятым у эканоміцы стала паняцце “цыкл Кузняца” – дваццацігадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканамічнага росту.
Сярод навуковых прац вучонага: “Национальный доход и его структура в 1919–1938 гг.” (1941), “Изменения в экономике” (1953), “Капитал в американской экономике: его формирование и финансирование” (1961), “Современный экономический рост” (1966), “Экономический рост наций. Совокупный продукт и структура производства” (1971), “Население, капитал и экономический рост” (1973), “Рост и структурные изменения” (1979), “Экономическое развитие, семья и распределение доходов” (1989) і інш.
За сукупнасць навуковых дасягненняў С. Кузнец у 1977 г. быў узнагароджаны медалем Ф. Уокера – адной з найбольш прэстыжных узнагарод у галіне эканомікі.