Дата рождения:
24.09.1952 Валожын, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
актрыса тэатра, заслужаная артыстка Беларусі
Имена на других языках:
Лихачёва Татьяна Владимировна (русский);
2337 символов
Справка
Імя заслужанай артысткі Беларусі (2001), старшыні Віцебскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў шмат гадоў упрыгожвае афішу Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Дзякуючы непаўторнаму таленту і вытанчанаму майстэрству яна стварыла на сцэне шэраг запамінальных жаночых вобразаў, якія прывабліваюць цэласнасцю характару, душэўнай шчодрасцю і чысцінёй.
Нарадзілася Т. Ліхачова ў г. Валожыне Мінскай вобласці ў сям’і ваеннага. У школе ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, захаплялася літаратурай, вучылася ў балетнай студыі, наведвала аматарскія тэатральныя калектывы ў Полацку і Наваполацку. У 1976 г. скончыла акцёрскі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута (зараз Беларуская акадэмія мастацтваў). З 1972 г. Таццяна Уладзіміраўна працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа. Яна дэбютавала ў ролі Эйке ў спектаклі “Свой востраў” Р. Каўгвера. Маладую артыстку заўважылі і сталі запрашаць на розныя ролі. Рэжысёраў прываблівала яе абаяльная знешнасць, эмацыянальная манера выканання. Створаных сцэнічных вобразаў было шмат, сярод іх вылучаюцца: Даміцэля (“Залёты” В. Дуніна-Марцінкевіча), Ганна (“Сымон-музыка” паводле Я. Коласа), Люська, Русалка, Люці (“Радавыя”, “І быў дзень…”, “Люці” А. Дударава), Ульяна (“Пакрыўджаныя” Л. Родзевіча), Франя (“Пакахай мяне, салдацік” паводле В. Быкава), Ганна (“Пад сонцам” В. Маслюка), Соня, Аня (“Дзядзька Ваня”, “Вішнёвы сад” А. Чэхава), Маша (“…Таму што люблю” А. Паповай), Валянціна (“Летась у Чулімску” А. Вампілава), Юлька (“Адпачынак пасля ранення” В. Кандрацьева), Волга (“Стары дом” А. Казанцава), Зінуля (“Зінуля” А. Гельмана), Хвеська (“Панначка” Н. Садур), Джульета, Кардэлія (“Рамэо і Джульета”, “Кароль лір” У. Шэкспіра), Данута (“Час быка” К. Саі), Маці (“Дацкая гісторыя” паводле Х.К. Андэрсана) і інш.
Гераіні Т. Ліхачовай вельмі жаноцкія, прыгожыя, валявыя і рашучыя. Яна іграе страсна, псіхалагічна тонка, напаўняючы вобразы тэмпераментам, гумарам, драматызмам, эмацыянальнасцю, маральным максімалізмам. Лепшыя сцэнічныя работы – яркае сведчанне адметнага таленту актрысы, здольнай перадаць складанасць чалавечага характару, веліч і слабасць жанчыны. Т.У. Ліхачова і сёння працягвае зачароўваць прыхільнікаў тэатральнага мастацтва сваім майстэрствам.