Дата рождения: 08.06.1942
Краткая справка: рэжысёр, тэатральны педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998)
Имена на других языках: Монакова Лидия Алексеевна (русский);
Шматгадовая дзейнасць Лідзіі Аляксееўны Манаковай вельмі плённая і значная. У тэатральных колах вядомы рэжысёр карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам. Яна паставіла больш за 50 спектакляў у Беларусі, Чэхіі, Балгарыі. Асабісты гонар таленавітага педагога – вучні, сярод якіх акцёры, рэжысёры, выкладчыкі. Некаторыя з іх ужо сталі заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, многія з’яўляюцца пераможцамі міжнародных тэатральных фестываляў і конкурсаў.
Нарадзілася Л. Манакова ў пасёлку Макарава Саратаўскай вобласці (Расія). Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1968; курс К. Саннікава, В. Рэдліх). У перыяд з 1968 па 1973 г. працавала рэжысёрам, з 1987 па 1990 г. – галоўным рэжысёрам Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. У 1973–1987 гг. і з 1990 г. выкладала ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1990–1991 гг. і 1994–1999 гг. загадвала кафедрай майстэрства акцёра і рэжысуры ў гэтай установе; у 1991–1994 гг. і з 1999 г. працуе загадчыкам кафедры майстэрства акцёра, з 1993 г. – дацэнт.
У рэжысуры Л.А. Манакова спалучае псіхалагізм з яркім відовішчам і маляўнічасцю. Яе пастаноўкі адметныя паэтычнасцю светаўспрымання, цэласнасцю акцёрскага ансамбля. Галоўнае ў іх не антураж, а работа з аўтарам, пранікненне ў сэнс і стылістыку твора, праца з акцёрам. Рэжысёр заўсёды імкнецца да раскрыцця ўнутраных характарыстык персанажаў, вялікую ўвагу надае здольнасці да пераўвасаблення. Найбольш значныя спектаклі: у Гомельскім драматычным тэатры – “Вернасць” (“Надзея Мілаванава”) В. Пановай (1968), “Дзесяць сутак за каханне” У. Канстанцінава і Б. Рацэра, “Маленькія салдаты Брэсцкай крэпасці” А. Махнача, “Хрусталёвы чаравічак” Т. Габэ (усе 1969 г.), “Саступі месца заўтрашняму дню” (“Далей – цішыня”) В. Дэльмар (1970), “Начное дзяжурства” А. Дзялендзіка, “Як жывеш, Зося?” І. Ірошнікавай, “Пунсовая кветачка” І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча (усе 1971 г.), “Не трывожся, мама!” Н. Думбадзэ (1972), “Сабачае сэрца” паводле М. Булгакава (1988), “Сямейны ўік-энд” Ж. Пуарэ, “Медэя” Л. Разумоўскай, “Самазабойца” М. Эрдмана (усе 1989 г.), “Здурнелы Журдэн” (“Мальерыяна” М. Булгакава (1990), “Усё ў садзе” Э. Олбі (1992), “Жульен і Каламба” (“Каламба”) Ж. Ануя (1999), “Нёманская пастараль” паводле аповесці Э. Ажэшкі “Хам” (2001), “Дзіўная місіс Сэвідж” Дж. Патрыка (2002), “Кавардак” А. Партэса (2003) і інш.; у Тэатры студыі кінаакцёра (Мінск) – “Загадкавая натура” паводле твораў А. Чэхава (1982); у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы – “Азірніся ў гневе” Дж. Осбарна (1996); у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча – “Блэз” К. Манье (2003).
У творчай біяграфіі рэжысёра 1998 г. адзначаны бліскучай работай – спектаклем “Туцці-Фруцці”. Створаны на арыгінальнай тэатральнай аснове і вырашаны ў жанры пластычнага комікса, спектакль адразу атрымаў высокую ацэнку гледачоў і крытыкі. У маі 1998 г. на фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі ён быў узнагароджаны спецыяльным прызам, у верасні паспяхова прайшоў на Міжнародным фестывалі эксперыментальных тэатраў у Каіры (Егіпет), у лістападзе атрымаў Гран-пры фестываля “Надзея” ў Гродне і быў удастоены спецыяльным прызам “Гродзенская Мельпамена”.
Педагагічная дзейнасць Л.А. Манаковай вызначаецца сучасным творчым мысленнем, эксперыментальнасцю, смелым спалучэннем асноў сістэмы К. Станіслаўскага з дасягненнямі сусветнай тэатральнай школы, творчым вопытам Я. Вахтангава, У. Меерхольда, Е. Гратоўскага і інш. Яна з’яўляецца распрацоўшчыкам многіх вучэбных праграм па спецыяльных дысцыплінах, дзяржаўнага стандарта па спецыяльнасці “Акцёрскае майстэрства” і іншых дакументаў, аўтар вучэбнага дапаможніка “Уводзіны ў прафесію. Псіхатэхніка акцёра”, артыкулаў па тэатральным мастацтве і педагогіцы ў часопісе “Мастацтва”, газеце “Культура”. Неаднаразова прымала ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Лідзія Аляксееўна падрыхтавала шмат выдатных майстроў беларускага сцэнічнага мастацтва. Значную частку выпускнікоў яе курса складаюць замежныя студэнты, якія паспяхова працуюць у розных краінах свету. У 1998 г. Л.А. Манакова ўдастоена спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у выхаванне творчай моладзі.
За многія гады працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Л.А. Манаковай набыты ўнікальны прафесійны вопыт. Яе чалавечыя і творчыя пазіцыі пры гэтым засталіся непахіснымі. Усё жыццё рэжысёр імкнулася стварыць тэатр на аснове выхаванага ёю курса, але здзейсніць гэта пакуль не давялося. Лідзія Аляксееўна – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, уваходзіць у склад Рэспубліканскага навукова-метадычнага Савета па адукацыі ў сферы культуры, Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.