Чэслаў Немен (сапраўднае імя Выджыцкі Чэслаў Юліуш), вядомы рок-музыкант, кампазітар і спявак, нарадзіўся ў в. Старыя Васілішкі Навагрудскага раёна (цяпер Шчучынскі раён) Гродзенскай вобласці. Ён рана далучыўся да музыкі. Разам з маці і сястрой спяваў у хоры касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе яго бацька быў арганістам. Вучыўся ў мясцовай школе, з 1953 па 1954 г. у Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы. У 1958 г. сям`я пераехала ў Польшчу. Некаторы час жылі ў розных гарадах, пакуль не засталіся ў Гданьску, дзе Ч. Немен працягваў адукацыю ў сярэдняй музычнай школе па класе фагота. Па сямейных абставінах прыпыніў вучобу і пачаў выступаць на польскай эстрадзе пад псеўданімам Немен (польская назва беларускай ракі Нёман).
Рэпертуар Ч. Немена складаўся з хітоў рок-н-рола і песень у лацінаамерыканскіх рытмах. Ён валодаў моцным нізкім голасам шырокага дыяпазону, экспрэсіўнай манерай выканання. Першым вялікім поспехам стала перамога Ч. Немена ў 1962 г. на фестывалі маладых выканаўцаў у Шчэціне. З 1963 па 1965 г. ён саліст групы «Niebesko-Czarni» («Небеска-Чарні»). У 1963 г з'явіліся першыя аўтарскія песні музыканта. Нямецкую версію адной з іх («Ты яшчэ помніш мяне?») запісала і выканала М. Дзітрых. На працягу трох наступных гадоў праходзілі замежныя гастролі спевака. Ён наведаў Югаславію, Швейцарыю, Германію, Швецыю, Венгрыю, з групай «Небеска-Чарні» двойчы выступаў на сцэне канцэртнай залы «Алімпія» у Парыжы. У 1966 г. Ч. Немен арганізаваў інструментальную групу «Akwarele» («Aкварэле») і праз год прадставіў на Міжнародным фестывалі ў г. Аполе песню «Гэты дзіўны свет», якая заклікала знішчаць зло і нянавісць як у грамадстве, так і ў самім сабе. У хуткім часе яна стала вядомай мільёнам людзей, а ў 2004 г. была выканана беларускім спеваком П. Ялфімавым на міжнародным музычным фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску. У 1969 г. Ч. Немен стварыў групу «Niemen Enigmatic» («Немен Энігматык»), а пасля яе роспуску ў 1974 г. групу «Niemen» («Немен»). У 1969–1974 гг. ён выступаў з канцэртамі ў Польшчы і за мяжой, запісаў некалькі грампласцінак са сваімі песнямі, выпусціў шмат альбомаў з групамі і сольна, сярод іх – «Enigmatic» (1970), дзе былі прадстаўлены музычныя кампазіцыі на вершы польскага паэта-класіка Ц. Норвіда. У 1974 г. музыкант атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Польшчы» і быў узнагароджаны «Залатым Крыжам Заслугі».
У 1976 г. прайшлі першыя гастролі Ч. Немена ў СССР. Ён выступаў у Маскве, Ленінградзе, Рызе, Таліне, Вільнюсе, Мінску і іншых гарадах. У час турнэ па Беларусі наведаў родную вёску. У 1979 г. Ч. Немен атрымаў Гран-пры на «Інтэрбачанні» і ў Сопаце за песню «Пакуль не прыйшла вясна». У 1980-х гг. ён выступаў у асноўным сольна, пісаў музыку да тэатральных спектакляў, радыёпастановак і кінафільмаў. Сярод іх – «Гульня» Е. Каваляровіча, «Выйшаў у ясны, пагодны дзень» К. Вайцяхоўскага, «Вяселле» А. Вайды і інш. У 1990-я гг. акрамя музыкі займаўся жывапісам, камп'ютарнай графікай, пісаў артыкулы ў часопіс «Tylko Rock» (Только рок).
17 студзеня 2004 г. Ч. Немен памёр. Пахаваны на Паванзоўскіх могілках у Варшаве. Яго імем названы вуліцы, плошчы і скверы ў некалькіх польскіх гарадах, гімназіі і музычныя школы. У 2009 г. у Беларусі быў зняты дакументальны фільм «Гэты дзіўны свет», прысвечаны жыццю і дзейнасці спевака. 16 лютага 2010 г. на радзіме музыканта ў в. Старыя Васілішкі адкрыты музей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.