Вядомы вучоны ў галіне будаўнічых канструкцый скончыў у 1959 г. Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – БНТУ). З 1963 г. яго навуковая і педагагічная дзейнасць звязана з гэтай навучальнай установай, дзе з 1996 г. працуе загадчыкам кафедры. Ён член-карэспандэнт Беларускай інжынернай тэхналагічнай акадэміі (1991), доктар тэхнічных навук (1995), прафесар (1996), правадзейны член Беларускай горнай акадэміі (1997) і Беларускай акадэміі архітэктуры (1999), вучоны сакратар БНТУ, член двух саветаў па абароне дысертацыйных работ. У 2009 г. абраны саветнікам Беларускага акадэмічнага цэнтра Міжнароднай акадэміі архітэктуры, а ў 2011 г. – членам-карэспандэнтам гэтага цэнтра.
Генадзь Паўлавіч аддае вялікую ўвагу падрыхтоўцы кадраў і перспектывам развіцця спецыяльнасцей для дарожнай галіны. Пад яго кіраўніцтвам укаранёна ў навучальны працэс праграма шматузроўневай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Масты, транспартныя тунэлі і метрапалітэны”. Ім распрацаваны адукацыйны стандарт спецыяльнасці, а таксама тыпавыя і працоўныя праграмы па шэрагу іншых дысцыплін, вучэбна-метадычныя дапаможнікі: “Предварительно напряженные железобетонные конструкции” (вытрымаў тры перавыданні ў 1964, 1975, 1984; разам з Я.І. Драздом), “Унифицированные многоэтажные каркасные здания с центрифугированными колоннами” (1988), “Строительные материалы для строительства, ремонта и содержания искусственных сооружений на дорогах” (2006). Генадзь Паўлавіч з'яўляецца адным з аўтараў і навуковых рэдактараў энцыклапедыі “Аўтамабільныя дарогі Беларусі” (2002).
Вучоны ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай будаўнічай навукі, у распрацоўку, даследаванне і ўкараненне эфектыўных канструктыўных і тэхналагічных рашэнняў будынкаў і збудаванняў новага пакалення і ва ўдасканаленне тэорыі разліку жалезабетонных канструкцый. Яму належаць навуковыя працы па даследаванні ўмоў эксплуатацыі і эфектыўнасці выкарыстання аглапарытабетону ў пралётных элементах аўтадарожных мастоў, распрацоўцы і выкарыстанні танкасценных жалезабетонных канструкцый, вырабленых метадам цэнтрыфугавання, у будаўніцтве шматпавярховых будынкаў і іншых збудаванняў. Удасканаліў тэорыю разліку жалезабетонных канструкцый на аснове дэфармацыйнай мадэлі. Ім апублікавана больш за 200 навуковых прац, атрымана восем аўтарскіх пасведчанняў і два патэнты на вынаходніцтвы. Вучоны прымаў удзел у распрацоўцы тыпавых серый эксперыментальных канструкцый, якія паспяхова ўкаранёны ў будаўніцтва шэрагу аб'ектаў з істотным эканамічным эфектам: вытворчага корпуса ВА “Гарызонт”, фабрыкі каляровага друку ў Мiнску, сяміпавярховага інжынерна-лабараторнага корпуса Варонежскай АЭС, адзінаццаціпавярховага будынка ПА “Гранат” у Мiнску, двухпавярховага корпуса вопытна-палявой базы ПА МТЗ у в. Апчак, гаража хуткай дапамогі на 500 аўтамашын у Мінску, падземнага комплексу “Сталіца” ў Мінску, неразрэзанага моста праз р. Бярэзіну ў Бабруйску, аўтавакзала “Цэнтральны” ў Мінску і інш. Прымяненне паўназборнага каркаса шматпавярховых будынкаў гаражоў з трохкутнымі плітамі і цэнтрыфугаванымі калонамі дазволіла дасягнуць эканоміі сталі і бетону да 30%, рэзка паменшыць колькасць мантажных элементаў і вузлавых спалучэнняў, знізіць працаёмкасць вырабу і мантажу да двух разоў, знізіць кошт будаўніцтва да 30% у параўнанні з тыпавымі рашэннямі. Генадзь Паўлавіч Пастушкоў актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы новай будаўнічай нарматыўнай базы ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку нормаў на праектаванне жалезабетонных канструкцый і тэхнічных кодэксаў для праектавання канструкцый маставых збудаванняў, гарманізаваных з Еўракодам 2009–2010 гг.
За распрацоўку новых канструктыўна-тэхналагічных рашэнняў Г.П. Пастушкоў удастоены прэміі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1983, 1994), узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1986), нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” (1997), “Ганаровы дарожнiк Беларусi” II-ой ступені (2001), медалём “За працоўныя заслугі” (2011), ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.