Дзмітрый Георгіевіч Фролікаў нарадзіўся 8 лістапада 1918 г. у сяле Краснае Разанскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння школы працаваў грузчыкам, піянерважатым у 7-гадовай школе, завочна вучыўся ў педагагічным тэхнікуме. У 1938 г. быў прызваны ў армію (у Балтыйскі ВМФ). У гады службы атрымаў званне сяржанта, выконваў абавязкі памочніка камандзіра ўзвода процітанкавых стрэльбаў, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг.
Вялікая Айчынная вайна застала Фролікава пад Ленінградам. У першых баях сяржант праявіў вайсковую доблесць, майстэрства і мужнасць, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. У 1943 г. удзельнічаў у баях Ельнінска-Дарагабужскай наступальнай аперацыі. Быў чатыры разы паранены. У 1944 г. вопытнага і загартаванага ў баях сяржанта Фролікава камандаванне накіравала ў Горкаўскае танкавае вучылішча. Пасля яго заканчэння ў званні малодшага лейтэнанта прыбыў у 2-і гвардзейскі Тацынскі танкавы корпус 11-й арміі 3-га Беларускага фронту, дзе ў хуткім часе быў прызначаны камандзірам узвода разведкі 4-й гвардзейскай танкавай брыгады.
Гвардыі малодшы лейтэнант Д.Г. Фролікаў асабліва вызначыўся ў Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. У ходзе бітвы на подступах да ракі Бярэзіны яго ўзвод атрымаў загад адрэзаць шлях ворагу, які адступаў ад Оршы. 26 чэрвеня 1944 г. тры танкі пад камандаваннем Фролікава захапілі скрыжаванне дарог Масква – Мінск і Орша – Смаляны і разграмілі варожую аўтакалону з паўтары сотні машын, якая ішла пад прыкрыццём 6 танкаў. 27 чэрвеня танкісты Фролікава захапілі пераправу каля вёскі Дымава і разбілі аўтакалону фашыстаў, адразаючы ім шлях да адступлення, 28 чэрвеня авалодалі пераправай каля вёскі Востраў. Праведзеныя баявыя аперацыі пазбавілі праціўніка шляхоў для адступлення і нанеслі яму значны ўрон. Камандзір батальёна капітан П. Клачко, прадстаўляючы Д. Фролікава да ўзнагароджання, пісаў: “...Асабіста экіпажам Фролікава за тры дні баёў знішчана: два танкі Т-3, тры самаходныя гарматы, расплюшчаны гусеніцамі дзве гарматы і да 100 аўтамашын. Захоплены артылерыйская батарэя і два непашкоджаных танкі – Т-6 (“тыгр”) і Т-3”.
2 ліпеня ў 7 гадзін раніцы танкі 2-га гвардзейскага танкавага корпуса пераадолелі Бярэзіну і накіраваліся на Мінск, усходнія ўскраіны якога гітлераўцы ператварылі ў магутную сістэму непрыступных абарончых збудаванняў. У гэты дзень узвод Фролікава атрымаў заданне ноччу правесці разведку боем варожай абароны Мінска. Тры танкі пад камандаваннем Дзмітрыя Георгіевіча ноччу накіраваліся да горада. Па яго загаду два танкі рушылі наперад і прынялі агонь на сябе. Свой танк Фролікаў паставіў у засаду, назіраючы адкуль праціўнік вядзе агонь. Пакуль два танкі вялі бой, машына Д.Г. Фролікава выйшла з укрыцця і ў 2 гадзіны 30 хвілін 3 ліпеня ўжо была ў Мінску. Танк пранёсся па вуліцах начнога горада, расстрэльваючы ва ўпор гітлераўцаў і пасылаючы ў эфір звесткі аб агнявых сродках праціўніка. У тры гадзіны ночы ў Мінск уварваліся і танкі тацынцаў. У баі на вуліцах Мінска адважным экіпажам Фролікава былі знішчаны самаходная гармата “Фердынанд”, дзве зенітныя гарматы, супрацьтанкавая гармата. Да канца дня 3 ліпеня 1944 г. пад ударамі войскаў 1-га і 3-га Беларускіх франтоў сталіца савецкай Беларусі была цалкам вызвалена ад ворага.
Гвардыі малодшы лейтэнант Дзмітрый Георгіевіч Фролікаў не дажыў да Перамогі. Ён загінуў 2 лютага 1945 г. у адным з баёў за вызваленне Літвы. Пахаваны ў горадзе Кібартай на Вайсковых могілках.
Званне Героя Савецкага Саюза Фролікаву Дзмітрыю Георгіевічу прысвоена пасмяротна Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”.
У Беларусі свята шануюць яго памяць. Імя Героя высечана на мармуровым стэндзе ў мемарыяльнай зале Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прысвоена вуліцам у Мінску, Баранавічах, на адным з дамоў якіх устаноўлены мемарыяльныя дошкі.
На гранітным пастаменце ў цэнтры горада ля Цэнтральнага Дома афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь усталяваны танк Т-34 як помнік мужнасці і гераізму савецкіх танкістаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 годзе.