Краткая справка:
вучоны ў галіне аграбіялогіі, акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт УАСГНІЛ, замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук Расійскай АН, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Самсонов Владимир Павлович (русский);
3257 символов
Справка
Уладзімір Паўлавіч Самсонаў – адзін з буйнейшых спецыялістаў у галіне раслінаводства. Яго імя шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і ў навуковых колах іншых краін.
Ён нарадзіўся ў в. Ерахтур Касімаўскага раёна Разанскай вобласці (Расія). У 1946 г. скончыў сярэднюю школу і ў 1947 г. паступіў на агранамічны факультэт Беларускага сельскагаспадарчага інстытута (праз год быў ператвораны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію). У 1952–1965 гг. працаваў у Віцебскай вобласці. Быў галоўным аграномам, дырэктарам Глыбоцкай машынна-трактарнай станцыі, старшынёй Пліскага райвыканкама, 1-м сакратаром Мёрскага райкама КПБ, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў Глыбоцкім і Мёрскім раёнах. У 1965 г. У.П. Самсонаў стаў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі БССР. Адначасова з асноўнай дзейнасцю займаўся навукова-даследчай работай. У 1972 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Пути повышения эффективности производства травяных культур в колхозах и совхозах Белоруссии», у 1988 г. доктарскую – «Научные концепции интенсивного возделывания зерновых культур в Белорусской ССР». У 1974–1999 гг. У.П. Самсонаў з’яўляўся дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства і кармоў (з 1999 да 2002 г. займаў пасаду саветніка пры дырэкцыі). Пад кіраўніцтвам вучонага інстытут набыў усесаюзную славу, і ў 1977 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 2002–2013 гг. У.П. Самсонаў працаваў у Інстытуце льну НАН Беларусі. У 1991–2014 гг. ён з’яўляўся замежным членам Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, з 2014 г. Расійскай акадэміі навук. У 1992–2002 гг. быў акадэмікам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. У 2003 г. выбраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Уладзімір Паўлавіч Самсонаў з’яўляецца аўтарам каля 300 навуковых прац, у тым ліку некалькіх манаграфій і вынаходстваў. Яго работы прысвечаны пытанням экалогіі ў земляробстве, зніжэння энергазатрат у сельскагаспадарчай вытворчасці, тэхналогіі адаптацыйнай інтэнсіфікацыі земляробства і раслінаводства, насенняводства збожжавых культур і стварэння прамысловага насенняводства дасканалага індустрыяльна-біялагічнага профілю. Вучоны даследаваў дынаміку сінтэзу арганічнага рэчыва ў залежнасці ад уплыву біятычных і абіятычных умоў, характарыстыкі ўзаемасувязей і ўплыву асобных элементаў структуры ўраджаю на прадуктыўнасць расліны і аграцэнозу пры разнастайных глебавых умовах. Вызначыў асноўныя напрамкі інтэнсіфікацыі вытворчасці збожжа і прапанаваў інтэнсіўную тэхналогію вырошчвання збожжавых культур. Вывучыў уплыў экалагічных фактараў на насенную прадуктыўнасць збожжавых культур з мэтай выяўлення найбольш прыдатных зон насенняводства. Распрацаваў сістэму прамысловага насенняводства, якая адпавядае біялагічным, арганізацыйным і эканамічным патрабаванням насеннай справы. У 1978 г. У.П. Самсонаў стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі БССР. У 1998 г. за навуковую працу «Стварэнне сістэмы сартоў азімай пшаніцы (Triticum aestivum L.) і тэхналогіі вытворчасці збожжа харчовага прызначэння» вучоны атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1956, 1971), «Знак Пашаны» (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973).