Армен Сяргеевіч Сардараў – галоўны архітэктар-дарожнік Беларусі, стваральнік архітэктурна-дызайнерскай службы аўтамабільных дарог краіны, нарадзіўся ў г. Адэса (Украіна) у сям’і ваеннага. Пасля шматлікіх пераездаў сям’я апынулася ў Мінску. У 1965 г. А.С. Сардараў скончыў сярэднюю школу № 42. З дзяцінства любіў маляваць, цікавіўся фатаграфіяй, марыў стаць дызайнерам аўтамабіляў. Прафесію выбраў блізкую да сваіх захапленняў і паступіў на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ)). Потым вучыўся ў аспірантуры, дзе зацікавіўся тэмай дарог. Даследаванняў у гэтай галіне амаль не было і А.С. Сардараў пачаў усё амаль з нуля – вывучаў дарогі, помнікі гісторыі і культуры краіны, фатаграфаваў, пісаў нарысы. Вынікам працы стала кандыдацкая дысертацыя на тэму «Дорожная архитектура Белоруссии: (исторический опыт и перспективы развития)», якую ён абараніў у 1974 г.
З 1974 па 2005 г. працаваў у дарожных арганізацыях Беларусі. Прайшоў шлях ад старшага інжынера інстытута «Белгіпрадор» да галоўнага архітэктара, намесніка генеральнага дырэктара РУП «Белдарцэнтр». У 1992–1998 гг. А.С. Сардараў з’яўляўся членам камітэта па ландшафтнай архітэктуры аўтамабільных дарог Транспартнага даследчага савета Нацыянальнай акадэміі навук ЗША. У 2005 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Архитектура автомобильных дорог Беларуси: (архитектурно-ландшафтное направление)» і быў прызначаны дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ. У 2014 г. за шматгадовую педагагічную і навукова-арганізацыйную дзейнасць А.С. Сардараў атрымаў званне прафесара. Вучоны з’яўляецца членам Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь, Праўлення Беларускага саюза архітэктараў, галоўным рэдактарам і членам рэдкалегій некалькіх перыядычных выданняў.
Армен Сяргеевіч – аўтар каля 200 навуковых прац па тэарэтычных асновах дарожнай архітэктуры, у тым ліку 7 манаграфій. Сярод кніг – «История и архитектура дорог Белоруссии» (1978), «Архитектура автомобильных дорог» (1986), «Книга о дорогах : дороги в человеческой цивилизации и культуре» (2000), «Путетворение: история и культура белорусских дорог» (2009), «Архитектура транспортных сооружений» (2013), «Краса. Эстетика белорусской архитектуры» (2015), «Введение в архитектуру» (2017), «Зеркало красоты. Эстетика персидской архитектуры» (2017) і інш. Даследчык прымаў удзел у падрыхтоўцы фотаальбомаў «Дороги родной Беларуси» (2000), «Золотые пояса Беларуси» (2005), «Поэзия дорог» (2006), «Даўняя Беларусь» (2010, у суаўтарстве з А.І. Мальдзісам), «Маці-Зямля» (2015) і іншых, у якіх адлюстравана хараство прыроды і дарог краіны. Важнай крыніцай прафесійнага натхнення для А.С. Сардарава з’яўляюцца падарожжы, у час якіх архітэктар працягвае вывучаць дарогі розных краін (Кітая, Японіі, Грэцыі, Ізраіля і інш.). Таксама ён аўтар больш за 200 архітэктурных праектаў будынкаў, помнікаў, мастоў і пуцеправодаў, аб’ектаў добраўпарадкавання. Сярод іх – бульвар па вуліцы Леніна, падземныя пераходы на праспектах Пераможцаў і Незалежнасці (усе ў Мінску), памятны знак «Пакроў Маці Божай» у Маладзечне і інш. Найбольш значнай працай майстра з’яўляецца архітэктурны праект знака «Нулявы кіламетр», устаноўленага на Кастрычніцкай плошчы Мінска (1998).
Армен Сяргеевіч Сардараў – лаўрэат міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў. Узнагароджаны шасцю медалямі ВДНГ СССР за працу ў галіне архітэктуры дарог, медалём Ф. Скарыны (2011), медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага (2008), знакамі «Ганаровы дарожнік» І і ІІ ступеней (2002, 2005). У 2012 г. яму прысвоена званне «Мінчанін года».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.