Адным з лепшых прадстаўнікоў беларускай культурнай эліты з’яўляецца заслужаны артыст Беларусі Валерый Майсеевіч Сарока – вядомы беларускі скрыпач і дырыжор. Ён нарадзіўся ў Мінску, у 1961 г. скончыў Беларускую кансерваторыю (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) і атрымаў запрашэнне ў Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё (цяпер Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай телерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь). З цягам часу таленавіты музыкант стаў канцэртмайстрам гэтага калектыву. Працу ў Сімфанічным аркестры Валерый Сарока спалучаў з працай у складзе Квартэта Саюза кампазітараў БССР (выконваў партыі першай скрыпкі). З 1967 г. музыкант працаваў выкладчыкам на струнным аддзяленні Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка), у 1975 г. узначаліў камерны аркестр школы-інтэрната. Дзякуючы намаганням свайго дырыжора калектыў стаў шырока вядомым і атрымаў найменне “ўзорны”.
У пачатку 90-х гг. ХХ ст. Валерый Майсеевіч Сарока выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і адначасова кіраваў Камерным аркестрам акадэміі. Аматары класічнай музыкі ведаюць Валерыя Сароку як мастацкага кіраўніка і артыста Камернага аркестра, што працаваў у складзе Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі (цяпер Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь”). З гэтым калектывам маэстра падрыхтаваў шэраг праграм, сярод якіх творы беларускіх кампазітараў, фартэпіянныя канцэрты Ф. Шапэна, Сімфонія № 40 В.А. Моцарта, Канцэрт для скрыпкі з аркестрам ля мінор А. Вівальдзі, сюіта “З часоў Хольберга” Э. Грыга і “Серэнада для струннага аркестра” П.І. Чайкоўскага. Аркестр пад кіраўніцтвам В. Сарокі паспяхова гастраляваў за мяжой, неаднаразова станавіўся лаўрэатам міжнародных фестываляў.
Валерый Майсеевіч Сарока з’яўляецца першым выканаўцам многіх твораў беларускіх кампазітараў, яго творчасць адрозніваецца высокім прафесіяналізмам, бездакорным густам і майстэрствам, садзейнічае папулярызацыі беларускай музыкі і нацыянальнай культуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.