Нават самыя строгія крытыкі лічаць Андрэя Уладзіміравіча Скарынкіна паэтам цікавым і самабытным. Чытаючы яго творы, нельга не заўважыць арыгінальнасці мыслення аўтара, здольнасці ствараць філасофскія вобразы, улюблёнасці ў паэзію. Вершы для А. Скарынкіна – натхненне, бясконцасць пазнання свету, сэнс жыцця. Ён не проста піша, а жыве паэзіяй.
Андрэй Скарынкін нарадзіўся ў Мінску ў сям’і вядомага беларускага паэта і перакладчыка У. Скарынкіна. З 14 гадоў хлопчык пачаў пісаць вершы. Андрэй спяваў у хоры Рэспубліканскага Палаца піянераў і школьнікаў БССР, летам выступаў у знакамітым лагеры “Зубраня”. У юнацкія гады захапіўся хакеем і дасягнуў у гэтым відзе спорту значных вынікаў. Ён удзельнічаў у шматлікіх турнірах, гуляў за каманду наваполацкага “Хіміка”. Свой апошні матч правёў у Мінску (1999) у складзе зборнай ветэранаў Расіі супраць прэзідэнцкай каманды Беларусі (пры адкрыцці Лядовага палаца на вул. Прытыцкага).
У 1980 г. адразу пасля заканчэння сярэдняй школы А. Скарынкін па парадзе бацькі паступіў у Сасаўскае лётнае вучылішча пілотаў грамадзянскай авіяцыі (Расія). Ён добра вучыўся і змог бы стаць сапраўдным лётчыкам, але зразумеў, што самалёты не яго прызванне. Андрэй кінуў вучылішча, вярнуўся ў Мінск і зноў пачаў займацца хакеем. Пасля смерці сына Івана пачаўся складаны перыяд у жыцці паэта – перыяд адлучэння ад свету, самаізаляцыі, пераасэнсавання жыццёвых пазіцый і каштоўнасцей, творчых і духоўных пошукаў. Ён нават здзейсніў паломніцтва ў Опціну пустыню (адзін з самых вядомых мужчынскіх манастыроў Рускай праваслаўнай царквы). Гады добраахвотнай ссылкі не прайшлі дарэмна: А. Скарынкін напісаў шэраг значных твораў, завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1994) і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1997). З 1999 па 2001 г. вучыўся ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Мінску. У 1995 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў Расіі, а праз год быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2008 г. яго абралі членам-карэспандэнтам Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы.
Андрэй Скарынкін – аўтар 16 паэтычных кніг, у тым ліку рамана ў вершах “Соврасиана” (1995), навелы ў вершах “Полет над блудницей” (1996), кнігі для дзяцей “Родничок” (2001), зборнікаў “Альфа и омега” (2001), “Черный аист” (2009), “Маттиолы” (2012), а таксама дзвюх аўдыякніг “Скорбный гость” (2001) і “Звезда над Россией” (2002). За зборнік вершаў “Красная книга” (2006) у верасні 2007 г. на Дні беларускага пісьменства ў Шклове атрымаў прэмію за лепшую паэтычную кнігу года. Андрэй Скарынкін стаў першым стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (1996), дзяржаўным стыпендыятам Расійскай Федэрацыі (1997), удзельнічаў у Міжнародным паэтычным фестывалі “Жалезнаводскія вечары паэзіі” (1996), дзе прадстаўляў Беларусь. Ён чытаў верш “Ночной певец”, які ўразіў публіку і вядомых паэтаў Р. Гамзатава і У. Сакалова.
У апошні час А. Скарынкін плённа працуе ў песенным жанры, за што ў верасні 2009 г. атрымаў галоўны прыз нацыянальнага конкурсу “Залаты Купідон”. У выніку даволі цеснага супрацоўніцтва з эстрадай для многіх людзей, далёкіх ад літаратуры, ён стаў перш за ўсё аўтарам слоў і выканаўцам папулярных песень, якія спяваюць вядомыя эстрадныя артысты Беларусі В. Дайнэка, І. Абалян, В. Вронская, В. Алешка і іншыя, а песня “Исповедь” (музыка І. Лучанка) увайшла ў рэпертуар народнага артыста СССР І. Кабзона. Андрэй Скарынкін з’яўляецца таксама аўтарам і кіраўніком тэатральна-музычнага праекта рок-оперы “Курган” (музыка І. Лучанка, словы Я. Купалы), дзе сам выконвае ролю Гусляра.
Сённяшні поспех паэта на сцэне заканамерны. Сваім талентам ён уносіць у эстраду элементы сапраўднага мастацтва, прывівае гледачам добры густ. Песні А. Скарынкіна служаць для многіх мастком у свет вялікай паэзіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.