Анатоль Пятровіч Сманцар нарадзіўся ў в. Лабачыха Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1960). З 1958 г. працаваў настаўнікам матэматыкі ў сельскай школе. У 1964‒1978 гг. выкладаў на падрыхтоўчым факультэце для замежных грамадзян Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Функции задач в обучении школьным предметам в условиях научно-технической революции», у 1992 г. ‒ доктарскую на тэму «Теория и практика реализации преемственности в обучении школьников и студентов». З 1978 г. працаваў на кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, спачатку дацэнтам, затым прафесарам, загадчыкам кафедры (1994‒1999). З 1999 па 2001 г. быў загадчыкам кафедры педагогікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Анатоль Пятровіч ‒ аўтар больш за 300 навуковых прац, прысвечаных праблемам навучання і выхавання моладзі, падрыхтоўцы і развіццю творчага патэнцыялу настаўнікаў, гуманізацыі педагагічнага працэсу ў сярэдняй школе, гуманітарызацыі школьнай матэматычнай адукацыі і інш. Сярод іх ‒ «Преемственность в обучении и воспитании учащейся молодежи» (1984, у суаўтарстве), «Преемственность обучения математике в средней и высшей школе» (1985, у суаўтарстве), «Педагогические основы преемственности в обучении школьников и студентов: теория и практика» (1995), «Гуманизация педагогического процесса в современной школе: история и современность» (2001, у суаўтарстве), «Гуманизация педагогического процесса» і «Формирование у учащихся педагогических училищ методических умений преподавания математики в начальной школе» (2005, у суаўтарстве), «Формирование у студентов ценностного отношения к образованию в процессе обучения» (2010, у суаўтарстве) і інш. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 19 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысертацыі.
Вучоны актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Ён быў намеснікам старшыні спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ (1996‒2000), членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый па методыцы выкладання матэматыкі і фізікі пры Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя М. Танка (1999), членам аб’яднанага доктарскага спецыялізаванага савета па абароне дысертацый па псіхолага-педагагічных навуках пры БДУ (2000), намеснікам старшыні спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый па педагагічных навуках пры БДУ (2000) і інш. Анатоль Пятровіч узначальваў лабараторыю педагагічнай творчасці ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (1994‒1996), Асацыяцыю педагогаў-даследчыкаў Рэспублікі Беларусь (1991‒1998).
За значны ўклад у развіццё педагагічнай навукі і падрыхтоўку навуковых кадраў А. П. Сманцар у 1998 г. узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Ён удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь (1998), ганаровага звання заслужанага работніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2011).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.