Выдатны мастак-партрэтыст XX ст. беларускага паходжання Савелій Сорын нарадзіўся ў Полацку Віцебскай вобласці. У 1894 г. паступіў на жывапіснае аддзяленне Адэскага мастацкага вучылішча. Займаўся пад кіраўніцтвам выпускніка Імператарскай акадэміі мастацтваў, мастака К. Кастандзі. У 1899 г. С. Сорын скончыў навучанне з залатым медалём. Гэта давала права паступлення ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу без экзаменаў. З 1899 па 1907 г. ён вучыўся ў акадэміі. Спачатку пад кіраўніцтвам жывапісца І. Тварожнікава і партрэтыста В. Савінскага. З 1901 г. яго настаўнікам быў выдатны мастак І. Рэпін. Шэсць акадэмічных прэмій, якія атрымаў С. Сорын за перыяд навучання, сведчаць пра яго незвычайныя здольнасці. У гады вучобы вызначылася галоўная сфера творчых інтарэсаў будучага мастака – партрэтны жанр. Яго раннія творы дэманструюць імкненне да псіхалагічнай характарыстыкі мадэлі і адзначаны ўплывам жывапіснай манеры І. Рэпіна. Аднак ужо з сярэдзіны 1900-х гг. у С. Сорына склалася ўласная канцэпцыя партрэтнага мастацтва, якая абапіралася на класічную традыцыю рускага партрэта канца XVIII – пачатку XIX ст., прадстаўленую творчасцю Д. Лявіцкага, У. Баравікоўскага, К. і А. Бруловых і іншых. Савелій Сорын пачаў ствараць імпазантныя неакласічныя партрэты – і камерныя, і рэпрэзентатыўныя. Дыпломная карціна мастака «Натхнёная хвіліна» (1907), на якой адлюстравана праслаўленая італьянская актрыса Э. Дузе ў момант рэпетыцыі, ярка дэманструе новую манеру аўтара. За гэты твор мастак быў узнагароджаны Вялікім залатым медалём і правам на трохгадовую, аплачаную казной, паездку ў Еўропу для ўдасканалення прафесійнага майстэрства. У 1908–1910 гг. С. Сорын падарожнічаў па Галандыі, Францыі, Італіі, дзе вывучаў творы класічнага і сучаснага еўрапейскага мастацтва. Пасля вяртання ў Расію ён хутка набыў рэпутацыю высокапрафесійнага, моднага партрэтыста, майстра жывапіснага і графічнага партрэтаў. Сярод мадэляў С. Сорына – славутыя актрысы і балерыны, спевакі і кампазітары, пісьменнікі і паэты, а таксама шматлікія прадстаўнікі вышэйшага свету Расіі. Да лепшых твораў мастака адносяцца партрэты балерыны Т. Карсавінай (1910), паэтэсы Г. Ахматавай (1913–1914), князя С. Валконскага (1915), княгіні В. Арловай (1917) і інш. Яго творы рэгулярна экспанаваліся на выстаўках. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. С. Сорын пераехаў у Ялту. Летам 1919 г. перабраўся ў Тыфліс (Грузія), а ў маі 1920 г. эміграваў у Францыю, жыў у Парыжы. У 1920–1930-я гг. мастак актыўна ўдзельнічаў у выстаўках рускага мастацтва ў Парыжы (1921, 1927), Лондане (1921), Нью-Ёрку (1923, 1924), Пітсбургу (1924), Філадэльфіі (1932) і іншых гарадах. Вельмі хутка яго талент партрэтыста знайшоў сваіх прыхільнікаў, калекцыянераў у краінах Заходняй Еўропы і ЗША. Мастак стварыў партрэты членаў брытанскай каралеўскай сям'і, у тым ліку прынцэсы Лізаветы – будучай каралевы Лізаветы II. Персанальныя выстаўкі мастака прайшлі ў Лондане (1923), Нью-Ёрку (1923, 1927, 1934), Вашынгтоне (1924), Чыкага (1927) і іншых гарадах. У час Другой сусветнай вайны ён пераехаў у ЗША, дзе застаўся да канца жыцця і працягваў актыўна працаваць і выстаўляцца. У гады вайны С. Сорын зрабіў некалькі буйных узносаў у фонд дапамогі СССР. Памёр мастак 22 лістапада 1953 г. у Нью-Ёрку. У 1956 г. у Парыжы адбылася пасмяротная выстаўка «Ганна Паўлава і танец яе часу». У 1973 г. удава мастака перадала ў дар мастацкім музеям СССР 30 палотнаў, у ліку якіх партрэты танцора і харэографа Л. Мясіна (1922), кінаактрысы Н. Каванькі (1923), опернага спевака Ф. Шаляпіна (1943), мастака А. Бенуа (1946) і інш. Творы С. Сорына знаходзяцца ў музейных і прыватных зборах Расіі, Францыі, Манака, ЗША, Грузіі, Украіны і іншых краін. У карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» прадстаўлены два жаночыя партрэты мастака, што адносяцца да розных перыядаў яго творчасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.