Беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст Вадзім Мікалаевіч Сукманаў нарадзіўся ў с. Ваздзвіжанка Усурыйскага раёна Прыморскага краю (Расія). У 1961 г. скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве і быў накіраваны на працу ў Мінск на студыю навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў.
На кінастудыі «Беларусьфільм», якой ён прысвяціў усё сваё жыццё, В. Сукманаў працаваў з 1968 г. Творчасць кінарэжысёра адметная арганічным спалучэннем публіцыстычнай завостранасці і вобразнай выразнасці, разнастайнасцю тэматыкі. Дзякуючы дзейнасці В. Сукманава, які быў аўтарам і суаўтарам сцэнарыяў уласных фільмаў, на студыі «Беларусьфільм» з'явіліся кінастужкі «Дачка партыі» (1961, пра В. Харужую), «Арліная крыніца» (1966), «Споведзь марафонца», «Хто ж вы цяпер?» (абодва 1970), «Падаючы і паднімаючыся» (1972), «Права на перамогу» (1973), цыкл аб школьніках Гомеля – «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1973, з Р. Ясінскім; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1974; спецыяльны прыз VI Міжнароднага кінафестывалю ў Ньёне, Швейцарыя, 1974), «Вялікая дыяганаль» (1976, прызы міжнародных кінафестываляў спартыўных фільмаў, Блетчлэй (Англія), Будапешт, абодва 1977), «За бацькоўскім парогам» (1977, з Р. Ясінскім), «Дзеці нашых дзяцей» («Вяртанне ў 10 «А», 1988, з Р. Ясінскім), «Маўчаць не буду ніколі я» (1980), «Дзядзька Якуб» (1981), «Якуб Колас. Старонкі жыцця» (1982), «Навальнічная далеч памяці» (з Р. Ясінскім), «Астравы капітана Маўра» (абодва 1983), «Пасляслоўе да вымовы» (1986), «І вера, і вернасць», «Побач і кожны» (абодва 1987), «Антракт» (1989), «Гастроль» (1991), «Максім Багдановіч. Апокрыф» (1991), «Магдэбургскае права», «Пад знакам Пагоні» (абодва 1992), «Вечны выгнаннік» (1993), «Віленскі зборнік» (1994) і інш. Рэжысёр тонка адчуваў сваё прызначэнне, рабіў такія фільмы, якія застаўляюць гледача задумвацца над рэчаіснасцю.
За сваё кінематаграфічнае жыццё В. Сукманаў неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх прэстыжных міжнародных прэмій у Маскве, Жэневе, Будапешце, Лондане і інш. Акрамя рэжысёрскай працы захапляўся жывапісам, быў вядомы як мастак-акварэліст. Памёр ён 28 верасня 1995 г. у Мінску.