У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на мармуровых сценах мемарыяльнай залы залатымі літарамі выбіты прозвішчы тых, хто атрымаў званне Героя Савецкага Саюза ў баях за вызваленне нашай краіны. Сярод 26 байцоў і камандзіраў, якія двойчы ўдастойваліся гэтага высокага звання, – генерал-лейтэнант авіяцыі Павел Андрэевіч Таран.
Ён нарадзіўся 18 кастрычніка 1916 г. у с. Шолахава Нікапальскага раёна Днепрапятроўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямі класаў працаваў у калгасе, потым электрыкам на заводзе. У вольны час наведваў аэраклуб. У 1938 г. скончыў Качынскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў. Праз год удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Украіну, а калі пачалася савецка-фінская вайна (1939–1940) накіраваны ў дзеючую армію. На фронце зрабіў 60 баявых вылетаў і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаўся з гітлераўскімі захопнікамі. Камандзір звяна бамбардзіроўшчыкаў 81-га далёкабамбардзіровачнага авіяцыйнага палка, старшы лейтэнант П. А. Таран выконваў самыя складаныя баявыя заданні камандавання і да верасня 1941 г. зрабіў 71 баявы вылет. 20 чэрвеня 1942 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1943 г. ён камандаваў эскадрыллю 5-га гвардзейскага авіяцыйнага палка і здзейсніў яшчэ 125 баявых вылетаў. У канцы гэтага ж года экіпаж П. А. Тарана знішчыў 30 складоў з боепрыпасамі і палівам, 23 чыгуначныя цыстэрны, 31 эшалон, 62 аўтамашыны з грузам і войскамі, 7 перапраў і мастоў. Вось што пісала ў той час пра лётчыка франтавая газета: «Есть в жизни воина секунды, когда все его моральные силы, все его умение владеть собой и своим оружием подвергаются решающей проверке. У летчика-бомбардировщика такие секунды наступают при подходе к хорошо защищенной вражеской цели, когда пилот должен провести машину сквозь шквал зенитного огня, сквозь ослепительные лучи прожекторов. Надо иметь большую выдержку и стальную волю, чтобы, не дрогнув сердцем, войти в эту смертельную зону и точно выполнить боевую задачу. Этим качеством в полной мере наделен наш замечательный летчик-бомбардировщик Павел Андреевич Таран»*. Ён ваяваў пад Ленінградам, на Украіне і Каўказе, у Прыбалтыцы, Усходняй Прусіі, пад Берлінам.
Рызыкуючы жыццём, у складаных умовах П. А. Таран дастаўляў на акупіраваную тэрыторыю Беларусі дыверсійна-разведчыцкія групы і атрады, у якія ўваходзілі радысты, падрыўнікі, медыкі, партыйныя работнікі, арганізатары партызанскага руху і падполля. Забяспечваў партызан зброяй, боепрыпасамі, лекамі, сродкамі масавай інфармацыі, адзеннем і харчаваннем. Вяртаючыся назад, перавозіў у тыл параненых, хворых і дзяцей. У час Беларускай аперацыі 1944 г. удзельнічаў у вызваленні Мінска і ліквідацыі мінскага «катла». 13 сакавіка 1944 г. П. А. Таран стаў двойчы Героем Савецкага Саюза. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны ён налятаў 475 тыс. км і зрабіў 386 баявых вылетаў. Са сваім экіпажам бамбіў ваенныя аб’екты, склады, масты, чыгуначныя эшалоны з тэхнікай і жывой сілай ворага, знішчыў 11 самалётаў праціўніка ў паветраных баях і 12 на зямлі.
Пасля заканчэння вайны П. А. Таран працягваў службу ў ваенна-паветраных сілах. У 1958 г. скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР. Да 1979 г. знаходзіўся на камандных і штабных пасадах у цэнтральным апараце Міністэрства абароны СССР. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Генерал-лейтэнант авіяцыі П. А. Таран памёр 14 верасня 2005 г. На яго радзіме ўстаноўлены бронзавы бюст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.
* Цыт. па : Золотые звезды. Днепропетровск, 1967. С. 36.