Дата рождения: 01.09.1936 Дзешчанка, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: вучоны ў галіне праектавання аўтамабільнага транспарту, педагог, заслужаны вынаходнік Беларусі
Имена на других языках: Тарасик Владимир Петрович (русский);
Уладзімір Пятровіч Тарасік, вучоны ў галіне праектавання аўтамабільнага транспарту, педагог, заслужаны вынаходнік Беларусі, нарадзіўся ў в. Дзешчанка Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У 1960 г. скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і атрымаў кваліфікацыю інжынера-механіка. У 1960–1971 гг. працаваў у аддзеле галоўнага канструктара Беларускага аўтамабільнага завода (у 1960–1965 гг. інжынерам-канструктарам, 1965–1971 гг. начальнікам КБ гідрамеханічных трансмісій). Па выніках навуковых даследаванняў і канструктарскіх распрацовак у 1970 г. В.П. Тарасік абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Некоторые вопросы синтеза коробок передач с фрикционными муфтами переключения ступеней». У 1971 г. яго запрасілі на выкладчыцкую працу ў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (зараз Беларуска-Расійскі ўніверсітэт). Пастаяннае імкненне да самаўдасканалення прывяло да таго, што ён асвоіў і чытаў студэнтам практычна ўсе прадугледжаныя вучэбным планам спецыяльныя, а таксама шэраг фундаментальных дысцыплін. Спачатку У.П. Тарасік быў старшым выкладчыкам кафедры «Тэарэтычная механіка», потым дацэнтам кафедры «Аўтамабілі і трактары». У 1983 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Проектирование внедорожных автомобилей и колесных тракторов на основе методов оптимизации сложных динамических систем». У 1986 г. атрымаў вучонае званне прафесара. У 1984–1991 гг. загадваў кафедрай «Аўтаматызаванае праектаванне машын», у 1991–2014 гг. кафедрай «Аўтамабілі», з 2014 г. і па цяперашні час – прафесар гэтай кафедры.
Шматграннасць інтарэсаў, рэагаванне на сучасныя напрамкі развіцця навукі і тэхнікі, патрэбнасць выкарыстання навуковых дасягненняў у вытворчасці дазволілі У. П. Тарасіку выканаць унікальныя работы ў многіх напрамках (тэорыя руху аўтамабіля; рабочыя працэсы механізмаў аўтамабіля; метадалогія матэматычнага мадэлявання тэхнічных сістэм; статыстычная дынаміка машын; тэорыя, алгарытмы і праграмнае забеспячэнне аўтаматызаванага праектавання; тэорыя і метадалогія сінтэзу адаптаваных інтэлектуальных мехатронных сістэм аўтаматычнага кіравання і інш.).
У час працы на БелАЗе распрацаваў агульную кампаноўку аўтасамазвала БелАЗ-540, які паклаў пачатак развіццю сямейства вялікагрузных аўтамабіляў завода. Прымаў удзел у распрацоўцы, даследаваннях і давядзенні канструкцыі гідрамеханічнай перадачы (ГМП) для першых арыгінальных мадэляў аўтамабіляў БелАЗ. У 1965–1971 гг. распрацаваў канцэпцыю, абгрунтаваў тэхнічныя рашэнні і параметры, стварыў канструкцыю новай, больш дасканалай, уніфікаванай шматступенчатай гідрамеханічнай перадачы, якая з 1980 г. ужываецца на ўсіх аўтамабілях БелАЗ да 60 т і на многіх машынах МАЗ. Выкананыя канструктарскія распрацоўкі ўдастоены медалёў ВДНГ. У 1996–2000 гг. прымаў удзел у распрацоўцы мадыфікацый ГМП для кар'ернага самазвала БелАЗ-7555 і аптымізацыі яе параметраў. У 2001–2002 гг. выкананы комплекс навукова-даследчых работ па абгрунтаванні і аптымізацыі параметраў ГМП з планетарнай каробкай перадач для аўтамабіля БелАЗ-7516 г / п 135 т. За распрацоўку і ўкараненне ў навучальны працэс інфармацыйнай адукацыйнай тэхналогіі «Матэматычнае мадэляванне і праектаванне рабочых працэсаў машын і механізмаў» у 2001 г. У.П. Тарасік удастоены прэзідэнцкай стыпендыі.
Вучоны з'яўляецца аўтарам (суаўтарам) больш за 250 навуковых прац, сярод якіх манаграфіі, падручнікі, артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках. Манаграфія «Фрикционные муфты автомобильных гидромеханических передач» (1973) стала настольнай кнігай канструктараў і даследчыкаў, якія займаюцца праблемамі ГМП. Тут змешчаны ўвесь спектр тэарэтычных і практычных пытанняў ГМП ад распрацоўкі кінематычнай схемы і да разлікаў і даследаванняў рабочых працэсаў усіх яе механізмаў і сістэм. Аўтаматызацыі кіравання прысвечаны працы «Системы автоматического управления ступенчатыми трансмиссиями тракторов» (1979, сумесна з І.П. Ксяневічам) і «Интеллектуальные системы управления автотранспортными средствами» (2004, сумесна з С.А. Рынкевічам), а таксама падручнік «Теория и проектирование автоматических систем» (1996,сумесна з І.П. Ксяневічам), якія шырока выкарыстоўваюць канструктары машынабудаўнічых заводаў, выкладчыкі і студэнты ВНУ. Распрацоўкі ў галіне статыстычнай дынамікі колавых машын знайшлі сваё адлюстраванне ў папулярнай сярод спецыялістаў манаграфіі «Проектирование колесных тягово-транспортных машин» (1984). Створаныя вучоным матэматычныя мадэлі колавых і гусенічных машын як складаных нелінейных імавернасных сістэм з негаланомнымі сувязямі ўвайшлі ў якасці тыповых ў падручнікі па аўтатрактарабудаванні («Математическое моделирование технических систем» (1997, 2004), «Математическое моделирование технических систем» і «Энциклопедия машиностроения»(2016)). На канструктарскія распрацоўкі атрымана 120 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы, многія з якіх укаранёны ў вытворчасць. У 1998 г. У.П. Тарасіку прысвоена ганаровае званне «Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь». Выкананыя ім распрацоўкі дазволілі стварыць навуковую школу, прызнаную і шырока вядомую ў Беларусі, Расіі і за мяжой. Навуковая і даследчая дзейнасць вучонага адзначана медалямі, ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.