Выдатны беларускі вучоны ў галіне мікрабіялогіі, заснавальнік беларускай навуковай школы генетыкі мікраарганізмаў Юрый Канстанцінавіч Фамічоў нарадзіўся ў г. Чыстапаль, Татарстан (Расія) у сям'і служачых. Пасля заканчэння сярэдняй школы, у 1948 г. паступіў на лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. У гэты перыяд акрамя вучобы актыўна займаўся спортам. У 1954 г. Ю. К. Фамічоў скончыў інстытут і паступіў у аспірантуру. У 1957 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «О действии некоторых антибиотиков на палочку брюшного тифа в пробирочных опытах и в экспериментах на лабораторных животных». Пацоўную дзейнасць Ю. К. Фамічоў пачаў у Інстытуце эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР, дзе прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да кіраўніка лабараторыі. У пачатку 1960-х гг. павышаў кваліфікацыю ў вядомых навуковых установах Масквы і Англіі і ў 1966 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Действие алкилирующих веществ на фаги, бактерии и систему фаг-клетка». З 1967 г. навукова-даследчая і педагагічная дзейнасць Ю. К. Фамічова звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам (БДУ), у якім ён кіраваў праблемнай навукова-даследчай лабараторыяй эксперыментальнай біялогіі. У 1968 г. яму было прысвоена званне прафесара. З пераходам у БДУ адбылася пераарыентацыя яго навуковых інтарэсаў. Ён стварыў першую ў Беларусі групу генетыкаў мікраарганізмаў, заклаўшы тым самым падмурак для развіцця гэтага навуковага напрамку ў рэспубліцы. З 1969 да 1988 г. Ю. К. Фамічоў сумяшчаў пасаду кіраўніка навуковага падраздзялення з загадваннем кафедрай мікрабіялогіі біялагічнага факультэта. За час працы на кафедры мікрабіялогіі ім былі распрацаваны і чыталіся зусім новыя для біялагічнага факультэта курсы: «Вірусалогія», «Асновы імуналогіі», «Асновы біятэхналогіі», «Малекулярная біялогія рака», а таксама шэраг спецкурсаў для студэнтаў, якія спецыялізаваліся па мікрабіялогіі. У перыяд з 1971 па 1973 г. з'яўляўся дэканам біялагічнага факультэта БДУ. У 1988 г. Ю. К. Фамічоў перайшоў на кафедру генетыкі біялагічнага факультэта БДУ, якой загадваў на працягу наступных пяці гадоў. За час працы на кафедры па яго ініцыятыве адбылося шэраг мадэрнізацый, накіраваных на змяненне вучэбнага працэсу і метадалогіі навуковых даследаванняў на сучасны малекулярна-генетычны ўзровень. Спрыяў арганізацыі вучэбна-метадычнага аб'яднання, якое звязала навуковы патэнцыял кафедраў генетыкі і мікрабіялогіі. Гэты перыяд яго творчай дзейнасці супаў з бурным развіццём ва ўсім свеце малекулярнай біялогіі і біятэхналогіі. Вучоным быў сфарміраваны сучасны навуковы напрамак – малекулярная генетыка важных у біятэхналагічных адносінах мікраарганізмаў. Кафедра класічнай генетыкі атрымала новую назву – генетыкі і біятэхналогіі. У 1993 г. Ю. К. Фамічоў вярнуўся на кафедру мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ, дзе працаваў на пасадзе прафесара да 2011 г. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 4 доктарскія дысертацыі і каля 40 кандыдацкіх. Вучоны з'яўляецца аўтарам 10 лекцыйных курсаў, больш за 300 навуковых прац, сярод якіх – «Использование плазмиды рМ3 Pseudomonas sp. M для транспозонного мутагенеза бактерий Erwinia» (1989), «Генетический контроль биосинтеза триптофана в регуляторных мутантах Pseudomonas putida» (1991), «Характеристика флуоресцирующего пигмента пиовердина Рм, продуцируемого бактериями Pseudomonas putida» (1994), «Введение в биотехнологию» (2004), «Теоретические и практические аспекты изучения пектолитических бактерий рода Erwinia» (2001), «Создание векторной системы для молекулярного клонирования в клетках Bаcillus subtilis и Escherichia coli» (2005), «Использование бактерий рода Erwinia в технологии получения льноволокна из льносоломы» (2005) і інш. Таксама яму належаць 40 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў у галіне агульнай мікрабіялогіі, генетыкі бактэрый, малекулярнай біялогіі, бактэрыяфага, генетычнай інжынерыі, генетыкі фітапатагенных бактэрый.
Усё жыццё Ю. К. Фамічоў прысвяціў развіццю мікрабіялагічнай навукі і падрыхтоўцы кадраў. Ён быў узнагароджаны медалём «За доблесную працу». Атрымаў званні «Заслужаны работнік адукацыі Беларусі» і «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». У ліку нешматлікіх беларускіх вучоных Ю. К. Фамічоў стаў «Сорасаўскім прафесарам».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.