Беларускім вучоным у галіне геабатанікі Анатолем Тарасавічам Федаруком унесены неацэнны ўклад у даследаванне гісторыі развіцця садова-паркавай культуры нашай краіны. Нарадзіўся ён у в. Хабы Брэсцкага раёна. У 1961 г. скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут (цяпер Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна) па спецыяльнасці «Настаўнік біялогіі, хіміі і геаграфіі». Некаторы час працаваў выкладчыкам у сярэдніх школах. У 1963–1967 гг. быў асістэнтам кафедры геаграфіі Брэсцкага педагагічнага інстытута. З 1966 па 1969 г. вучыўся ў аспірантуры Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. У 1970 г. абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата біялагічных навук на тэму «Изучение видового состава и культур фитоценозов древесно-кустарниковых экзотов Западной Белоруссии». Да 1973 г. працаваў асістэнтам, выкладчыкам кафедры сістэматыкі раслін БДУ. У 1976–1988 гг. з'яўляўся намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада АН БССР. Затым на працягу пяці гадоў (з 1988 па 1992 г.) загадваў лабараторыяй Цэнтральнага батанічнага сада АН БССР. У 1990 г. абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені доктара біялагічных навук на тэму «Таксономический и фитоценотический анализ культурной дендрофлоры Белоруссии». З 1994 г. працаваў на факультэце прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка загадчыкам кафедры агульнай біялогіі. У 1995 г. А.Т. Федаруку прысвона вучонае званне прафесара. З 1997 да 2015 г. ён быў прафесарам кафедры агульнай біялогіі і батанікі. Акрамя выкладання, вядзення палявой батанічнай практыкі, спецкурсаў па дэкаратыўным садоўніцтве, займаўся правядзеннем экскурсій для аматараў ландшафтнага дызайну.
Анатоль Тарасавіч з'яўляецца аўтарам больш за 180 прац, у тым ліку 3 навучальных дапаможнікаў і 7 манаграфій. Сярод іх – работы па інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, праблемах культур фітацэнозаў, папуляцый дрэвавых інтрадуцэнтаў, рэпрадукцыі кветкава-дэкаратыўных раслін і інш. («Ботаническая география. Полевая практика» (1976), «Древесные растения садов и парков Белоруссии» (1980), «Опыт интродукции древесных лиственных растений в Белоруссии» (1985), «Жыццёвыя формы раслін» (1996), «Экология» (2-е выд., 2013) і інш.). Справай усяго жыцця стала вывучэнне гісторыі роднага краю праз палацава-паркавае мастацтва, архітэктуры, культуры старадаўніх сядзіб Беларусі («Старинные парки Белоруссии: инвентаризация, стилевые особенности, сохранение и функциональное использование» (1985), «Садово-парковое искусство Белоруссии» (1989), «Старинные усадьбы Минского края» (2000), «Старинные усадьбы Берестейщины» (2-выд., 2006), «Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район» (2013), «Старинные усадьбы Гродненщины» (2014)). Кнігі А. Федарука ўнікальныя па сваім змесце, так як аўтарам на працягу амаль пяцідзесяці гадоў была праведзена каласальная работа па вывучэнні культурна-гістарычнай (перш за ўсё, садова-паркавай) спадчыны знакамітых шляхецкіх родаў, старадаўніх сядзіб Міншчыны, Брэстчыны, Гродзеншчыны, месцаў размяшчэння страчаных сядзіб, цікавых фактаў з жыцця Радзівілаў, Тышкевічаў, Чапскіх, Ваньковічаў, Абуховічаў, Агінскіх і многіх іншых родаў. Праз факты з жыцця ўладальнікаў і выпіскі з сядзібных рэестраў даследчык здолеў паказаць высокі патрыятызм і адукаванасць людзей, якія тут жылі і дзейнічалі. Асобную ўвагу аўтар надаў апошняй манаграфіі «Старинные усадьбы Гродненщины», так як Гродзенская вобласць самая багатая па культурна-гістарычнай спадчыне сярод іншых рэгіёнаў Беларусі. Для напісання кнігі «Старинные усадьбы Минского края» А. Федарук на працягу васьмі гадоў праводзіў вялікую работу па вывучэнні Міншчыны, збіраў па крупінках матэрыял: выкарыстоўваў архіўныя дакументы, інвентары, акварэлі Н. Орды, фотаздымкі Я. Булгака, асабістыя фотаздымкі і схемы. Згаданыя бясцэнныя крыніцы дапамаглі вучонаму аднавіць карціну даўніны, правесці інвентарызацыю каля 230 сядзіб, 103 з якіх былі практычна страчаны. Асаблівую ўвагу засяродзіў на сядзібе Чапскіх у в. Станькава.
Навуковая дзейнасць А.Т. Федарука неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі. За вялікі ўклад у культурна-гістарычную спадчыну краіны вучонаму была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Архітэктура і рэстаўрацыя» (2006).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.