Краткая справка:
спартсмен (веславанне на каноэ), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХV Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона), чэмпіён (1994, 1997) і сярэбраны прызёр (1998) чэмпіянатаў свету, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), чэмпіён СССР (1990, 1991), ганаровы грамадзянін Магілёва
Варианты имени:
Масейкаў Аляксандр Анатольевіч
Имена на других языках:
Maseykov Aleksandr (не определен); Масейков Александр Анатольевич (русский);
2501 символ
Справка
Аляксандр Масяйкоў нарадзіўся ў Магілёве. Да пачатку заняткаў веславаннем наведваў розныя спартыўныя секцыі: займаўся фехтаваннем, плаваннем, лёгкай атлетыкай, лыжнымі гонкамі, валейболам.
З-за невысокага росту Аляксандра Масяйкова не хацелі браць у секцыю веславання, аднак трэнер Аляксандр Пучко разгледзеў у невысокім і наравістым падлетку спартыўны талент і даверыў хлопцу каноэ-адзіночку.
Нягледзячы на поспехі Аляксандра на спаборніцтвах, перамогу на юніёрскім першынстве Савецкага Саюза, невысокага спартсмена не бралі ў зборную. Таленавіты беларус некалькі разоў запар выйграў чэмпіянат СССР і ўвайшоў у склад маладзёжнай зборнай. Трэнер зборнай Сяргей Пастрэхін вырашыў аб’яднаць маладых беларускіх спартсменаў Дзмітрыя Даўгалёнка і Аляксандра Масяйкова ў адзін экіпаж. З 1990 г. спартсмены сталі выступаць разам. На працягу 1990–1991 гг. пара Даўгалёнак – Масяйкоў заваявала мноства ўзнагарод, аднак галоўнай мэтай быў адбор на летнія Алімпійскія гульні 1992 г.
Па выніках перадалімпійскіх спаборніцтваў Дзмітрый Даўгалёнак і Аляксандр Масяйкоў упэўнена выйгралі ў дуэта алімпійскіх чэмпіёнаў Сеула–88 Віктара Рэнейскага і Мікалая Жураўскага і атрымалі права на паездку ў Барселону.
Першыя алімпійскія старты былі не надта ўдалымі для беларускага дуэта, аднак беларускі экіпаж змог выйсці ў фінал, дзе прайшоў дыстанцыю 500 м лепш за ўсіх і заваяваў залаты медаль.
У 1994 г. дуэт Даўгалёнак – Масяйкоў выйграў на чэмпіянаце свету дыстанцыю 200 м, упершыню ўведзеную ў практыку. Экіпаж каноэ-двойкі прыняў удзел у Гульнях XXVI Алімпіяды, аднак у фінале беларусы занялі толькі дзявятае месца.
У наступных XXVII летніх Алімпійскіх гульнях Аляксандр Масяйкоў выступаў у каноэ-адзіночцы. На дыстанцыі 500 м ён заняў 14 месца і пасля вяртання на Радзіму аб’явіў аб завяршэнні спартыўнай кар’еры. Некаторы час узначальваў магілёўскі абласны савет БФСТ «Дынама», працаваў трэнерам па веславанні ў Канадзе. Аляксандр Масяйкоў знайшоў сябе ў працы з падрастаючым пакаленнем – стварыў і ўзначаліў Магілёўскую абласную ДЮСШ па вяслярных відах спорту.
1 лютага 2014 г. на базе ДЮСШ і аддзяленняў акадэмічнага веславання і веславання на байдарках і каноэ абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства быў створаны Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, які ўзначаліў Аляксандр Масяйкоў.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.